Мабільны распрацоўшчык сышоў з РБ, але працягнуў працаваць з ІП. Цяпер іх скарачаюць (і не толькі іх)
Міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў Playgendary звольніў некалькі дзясяткаў чалавек, якія працавалі аддалена з Беларусі. Пра гэта dev.by расказаў адзін з супрацоўнікаў.
Playgendary — міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў. Кампанія была заснаваная Змітром Шэленгоўскім. Штаб-кватэра паблішара знаходзіцца на Кіпры.
Playgendary ўваходзіла ў топ-3 самых папулярных мабільных распрацоўшчыкаў з беларускімі каранямі. На сёння агульная колькасць загрузак гульняў кампаніі перавышае 3 мільярды, штомесячная аўдыторыя — 250+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў.
Што адбылося
Пра скарачэнні работнікі Playgendary даведаліся на пачатку жніўня.
Паводле слоў экс-супрацоўніка, яму пра звальненне паведаміў эйчар. Афіцыйна інфармацыю аб прычынах звальнення кампанія не агучыла.
— Пра астатніх не ведаю, але на агульным сазвоне на пачатку жніўня ніхто нічога пра звальненне не казаў, — расказвае супрацоўнік. — Мяне скарацілі без выплаты кампенсацыі.
Наш суразмоўца сцвярджае, што пад звальненні трапілі дзясяткі людзей.
— На пачатку жніўня ў кампаніі працавала як мінімум 189 чалавек, а цяпер засталося 140. Хтосьці, верагодна, сышоў сам, але львіная доля была звольненая (на сайце Playgendary пазначана, што ў кампаніі працуе 300 чалавек. — заўв. рэд.), — расказвае ён.
Звальненні закранулі і супрацоўнікаў у Беларусі і Расіі. Playgendary закрыла офіс у Беларусі, але частка спецыялістаў працягвала працаваць на кампанію дыстанцыйна.
Чарговая рэструктурызацыя?
Яшчэ адзін экс-супрацоўнік Playgendary — які таксама трапіў пад скарачэнні — расказаў, што «кампанія мяняе кірунак, застаецца фокус на некаторых асобных гульнях ужо пад іншай назвай, а астатнюю частку сваіх прадуктаў прадае іншай гульнявой студыі».
Магчыма, гаворка ідзе аб продажы прадуктаў Azur Games. Такую інфармацыю апублікаваў тэлеграм-канал Gamedev suffering. «Студыя Playgendary прадала ўсе свае аркадныя гульні Azur Games, пакінула толькі адну казуальную гульню DIY», — сцвярджаецца там. Але мы не знайшлі пацверджання гэтай інфармацыі.
— Іншай частцы супрацоўнікаў паведамілі, што новая кампанія пры пошуку людзей у першую чаргу будзе разглядаць іх, але гэта не стоадсоткавая гарантыя пераходу ў новую кампанію, — адзначыў экс-супрацоўнік Playgendary.
Што тычыцца далейшай працы Playgendary пад іншай назвай, гаворка ідзе, верагодна, пра кампанію Queen Interactive Games.
— Кампанія першапачаткова была часткай Playgendary, а цяпер, па сутнасці, стала яе працягам, — сцвярджае экс-супрацоўнік.
Сярод прадуктаў кампаніі ёсць інфармацыя толькі пра казуальную гульню DIY, якая нібыта застаецца за Playgendary.
У профілі кампаніі ў лінкедзіне паказана, што Queen Interactive Games заснаваная ў 2024 годзе як невялікі стартап, але ўжо «вырасла ў дынамічную і размеркаваную каманду з большяк 100 прафесіяналаў». Кампанія базуецца на Кіпры.
Мы звярнуліся ў Playgendary па каментары. Апублікуем адказ, калі атрымаем.
Беларускі офіс Playgendary зкрыіўся ў 2023 годзе. Перад гэтым у кампаніі прайшла хваля звальненняў, якая закранула не толькі супрацоўнікаў у Беларусі.
Першапачаткова ў лютым 2023 года па рашэнні ўласніка была запушчаная працэдура ліквідацыі юрыдычнай асобы «Плэйджэндары Дэвелапмент». Аднак у красавіку кампанія скасавала пастанову. У маі 2023 «Плэйджэндары Дэвелапмент» спыніла працу ў Беларусі ў выніку рэарганізацыі.
Супрацоўнікі кампаніі расказвалі devby.io на ўмовах ананімнасці, што ад студзеня 2023 года ахвотныя маглі заключыць дамову на працу з кіпрскай кампаніяй выдалена і афіцыйна — з выплатай падатку на прафесійны даход.
Схему працы напрамую на кіпрскую кампанію кіраўніцтва мінскага офіса апрабавала яшчэ вясной 2022 года. Праз праблемы з пераводам грошай на заробкі з-за мяжы супрацоўнікаў беларускай кампаніі звальнялі і пераводзілі на дамову з Кіпрам.
Але тады такая схема не ўсіх задаволіла. Абурэнне ў асноўным было праз тое, у Мінску няможна было адкрыць ІП, а людзі хацелі плаціць унёскі ў ФСАН для працоўнага стажу.
Читать на dev.by