«Ганьба» і «паталагічны хлус»: супрацоўнікі Google крытыкавалі чатбот Bard за небяспечныя адказы
Супрацоўнікі Google, якія тэсціравалі фірмовы чатбот Bard, былі ў жаху ад ягонай працы, піша Bloomberg. У распараджэнне выдання патрапілі скрыншоты ўнутранай перапіскі гуглераў з гэтай нагоды.
Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што чатбот выклікае ў яго пачуццё сораму, а другі назваў Bard «паталагічным хлусам». Супрацоўнікі выявілі, што ягоныя адказы нават могуць быць небяспечнымі для карыстальнікаў. Хтосьці з іх спытаўся Bard, як пасадзіць самалёт — парады, якія той выдаў, прывялі б да крушэння. А яшчэ аднаму супрацоўніку, які цікавіўся дайвінгам, нараіў так, што, паслухаўшы яго, можна было б «атрымаць сур’ёзныя траўмы або загінуць».
«Бард горшы ніж бескарысны: калі ласка, не запускайце яго», — заклікаў кампанію адзін з супрацоўнікаў ва ўнутраным паведамленні ў лютым. Яго прагледзела каля 7 тысяч чалавек.
Паводле аповеду тэсціроўшчыкаў, задачай якіх было правяраць адказы чатбота на бясшкоднасць і этычнасць, кампанія настойвала на тым, каб яны не спрабавалі затармазіць рэліз. Гэта біла па іх маральным духу.
Яны лічаць, што Google імкнецца як мага хутчэй выкаціць канкурэнта OpenAI на шкоду этыцы AI. Bard выйшаў у людзі нягледзячы на трывогу супрацоўнікаў. У прома-роліку ў яго адказе была дапушчаная факталагічная памылка, якая каштавала Alphabet многіх мільярдаў капіталізацыі. Бэта-версія Bard была выпушчаная праз месяц пасля прэзентацыі. Яна таксама не ўразіла карыстальнікаў: яго абвінавацілі ў распаўсюдзе хлусні, плагіяце і няўменні лічыць.
Читать на dev.by