Пасля турмы і дзіцячай траўмы. Як жывуць айцішнікі з ПТСР
Яны кажуць, што жывуць «у пекле» або «ў фільме жахаў», — панічныя атакі, флэшбэкі і кашмары начамі. А занурае гэтых людзей у іх асабістае пекла ПТСР — посттраўматычны стрэсавы разлад.
Трое чытачоў devby.іo расказалі, як жывуць і змагаюцца з гэтай хваробай: дзве гісторыі — пра зняволенне (хоць не ўсе суразмоўцы гатовыя казаць пра гэта проста), адная — пра дзіцячую траўму.
Гісторыя 1: «Нядаўна з’ездзіў на мора і ўпершыню адчуў сябе шчаслівым»
Ад 2020 года я быў у стрэсавай сітуацыі — у зняволенні. Калі выйшаў, месяц жыў па схеме: убачыў нешта, што нагадвае пра перажытае — пстрык — і хвілін 5 не можаш сабой кіраваць. Сэрца калоціцца, хваля жаху накрывае, хочацца памерці. Здаровы сон? Забудзь! Кладзешся, а 22:00, каб праспаць да 10:00 раніцы, калі менш — то, лічы, і не спаў зусім. Прачынаешся як мінімум адзін раз за ноч у жаху. У будні свет навокал часам больш як марыва.
Я перастаў нармальна ўспрымаць тэмпературу — у спёку цягне ўзяць цяплейшую куртку, халадоў баюся да жудасці. У лёгкую прахалоду адчуваю сябе няўтульна. Часам з’яўляюцца дакучлівыя думкі, накшталт: «Трэба тэрмінова памыць рукі», — а яны чыстыя.
Страціў навык сацыялізацыі, адчуваю, што адгароджаны ад іншых людзей. Не змог захаваць адносіны з дзяўчынай — мы рассталіся. Нармальна (больш-менш) камунікую толькі з тымі, каго знаў яшчэ «да».
Пару месяцаў займаюся са спецыялістам, і гэта дапамагае (у параўнанні з тым, як было раней).
Хоць і цяпер часам прабяжыць па спіне халадок — і хочацца плакаць і мацюкацца. Нядаўна з’ездзіў на мора і ўпершыню ў вадзе пад пякучым сонцам адчуў сябе шчаслівым.
Гісторыя 2: «Я думаю пра Беларусь, пра праекты, якія абавязкова зраблю, калі павярнуся, — мне гэта дапамагае трымацца»
«Калі ты ў бяспецы, праблемы, што назапашваліся дагэтуль, — праяўляюцца»
Да 2020 года я працавала ў розных краінах, але сувязі з радзімай не губляла. Я рабіла камерцыйныя і сацыяльныя праекты — і мне было цікава зладзіць на атрыманым досведзе нешта карыснае ў Беларусі. Я вярнулася падчас пандэміі. Працавала з валанцёрамі — шукала сродкі індывідуальнай абароны, рэспіратары і маскі. […] Праз кароткі час я зноў апынулася за мяжою. З’язджала на месяц — хацела зрабіць прышчэпку ад кавіду, пабачыцца з сябрамі. Але тут у маю кватэру прыйшлі з вобшукам — ужо трэцім.
У мяне была працоўная віза Вялікабрытаніі, і я паехала ў Лондан.
Яшчэ месяц я працавала як заўсёды. Потым зразумела: нешта не так. Я не спала, нічога не магла есці, толькі хлеб і салодкую гарбату, як у турме на «соднях». Я была ў вельмі дрэнным стане. Мне тлумачылі: так працуе псіхіка — калі ты ў адноснай бяспецы, праблемы, якія назапашваліся на працягу нейкага часу, праяўляюцца.
Дапамога
Пачала гугліць свае сімптомы (рэмарка: не раю нікому рабіць так). Потым знайшла псіхатэрапеўтку, мы стэлефанаваліся — і пасля пэўных пытанняў яна паставіла мне ПТСР.
Першыя 3-4 месяцы былі вельмі цяжкімі — я ўвогуле не памятаю, што рабіла ў гэты час. Я мінімізавала кантакты з асяроддзем, мой сусвет зменшыўся да аднаго пакоя. І ў ім я неяк намагалася адчуць, што гэтае месца для мяне бяспечнае. ПТСР — гэта ўспаміны, флэшбэкі. Трыгерам можа быць што заўгодна. І ты не можаш гэта кантраляваць — сказаць: «Не зараз, давайце праз 10 хвілін».
Для чалавека з ПТСР вельмі важная падтрымка сяброў і сям’і. Мая сям’я, на жаль, далёка. У мяне ёсць сябра, ён вельмі дапамог мне, бо дазволіў жыць у сваёй лонданскай кватэры. Але ж ён і сам на той момант цяжка хварэў. Я займалася з псіхатэрапеўткай, і хачу падзякаваць беларускім спецыялістам, якія працуюць з людзьмі, як я, і нават не бяруць за гэта аплаты, — праз два месяцы ў Вялікабрытаніі я засталася амаль без грошай.
Звярнулася я і да мясцовых дактароў. Але вельмі цяжка працаваць са спецыялістам з зусім іншым светапоглядам — ён імкнецца зразумець і задае шмат пытанняў, якія траўмуюць. «Чаму вы не патэлефанавалі ў паліцыю?» (Пра беларускія падзеі-2020) Пры гэтым мясцовай медыцыны я не адхіляю, бо яна можа даць медыкаментозную падтрымку.
«Самая слушная парада»
Хэпі-энду ў мяне для вас няма: я дагэтуль жыву са сваёй хваробай, час ад часу ў мяне бываюць панічныя атакі, паўстаюць успаміны. У мяне дыягнаставалі дэпрэсію, ёсць праблемы са сном.
Цяпер я, як гэта называюць, у функцыянальным стане — працую, бо ў мяне няма раскошы расслабіцца: я павінна зарабляць грошы і падтрымліваць сваю сям’ю, а таксама іншых людзей у Беларусі. Але, як я кажу сваёй тэрапеўтцы, калі была б магчымасць — я б не працавала.
Калі б мяне папрасілі параіць нешта чалавеку ў такой самай сітуацыяй, я б сказала, што самая слушная парада — знайсці мэту. Вызначыць, які досвед табе патрэбны, якія веды, — і ісці да таго. А ў іншыя дні хаця б проста «ляжаць» у гэтым напрамку.
Я думаю пра Беларусь, пра праекты, якія абавязкова зраблю, калі павярнуся, — мне гэта дапамагае трымацца. Ну і памятаць, што ўсё часова.
Гісторыя 3: «Я люблю сваіх бацькоў, але мая псіхіка дагэтуль гатовая вярнуцца ў пекла, у якім я жыла дзіцем»
Яшчэ ў адной нашай суразмоўніцы — дзіцячая (9-15 гадоў) траўма: бацька выпіваў, здраджваў жонцы, пакідаў дачку начамі адную (маці працавала пазменна) і мог «распускаць рукі», а маці яна «замяняла псіхолага», выслухваючы прызнанні дарослай жанчыны.
— Шмат гадоў я падвяргалася бясконцаму гвалту. Так, ён не быў фізічным, але пакінуў куды больш шнараў. Праз параною сваёй маці я і сама паводжуся гэтак жа са сваімі партнёрамі — даймаю, патрабую доказаў таго, што яны мне верныя. А яе словы дагэтуль прымушаюць мяне ўздрыгваць ад жаху і агіды, хоць прайшло ўжо больш за 10 гадоў. У нейкі момант, калі партнёр расстаўся са мной, не вытрымаўшы ціску з майго боку, я звярнулася ў дзённы стацыянар — і псіхолаг патлумачыла, што я ў траўме. Траўму або пражываюць, працуючы разам са спецыялістам, або выжываюць з ёй — як я.
Цяпер тата больш не п’е, спрабуе быць добрым бацькам, і зусім не падобны да таго чалавека з майго дзяцінства. У нас даверлівыя адносіны. Маці не прызнае сваёй віны, яна лічыць, што можна папросту ўзяць сябе ў рукі — і перастаць вінаваціць бацькоў у тым, што было калісьці. У яе і самой была траўма. Але прычым тут я? Недавер, які мая маці адчувае да псіхолагаў, і яе нежаданне звяртацца па дапамогу зламала мне псіхіку, сказіла патэрны майго мыслення — і не бацькі, а я ў выніку жыву на антыдэпрэсантах.
Я люблю сваіх бацькоў, але мая псіхіка дагэтуль гатовая да таго, што ўсё вернецца ў пекла, у якім я жыла дзіцем. Дагэтуль нязвыкла, што бацькі не выкарыстоўваюць мяне адно супраць аднаго, і што мне не трэба псіхалагічна абслугоўваць маці. Але кожны раз, калі яны пачынаюць лаяцца ў побыце або ладзяць спрэчкі з нагоды палітыкі, — у мяне спрацоўвае рэжым «бі».
Мне патрэбны мінімум год працы над сабой, каб перастаць жыць у вечным стрэсе, каб перастаць фізічна адчуваць напружанне ў цягліцах, нарэшце выдыхнуць і сказаць самой сабе: «Ты ў бяспецы. Усё добра».
Што я хацела б дадаць: любіце сваіх дзяцей. Прымайце іх як асобы, а не як сацыяльны аксесуар. Тады, можа быць, будзе менш зламаных лёсаў.
«Мозг хітра ўладкаваны: імкнецца прайграваць досвед траўмы, але са станоўчым зыходам»
Разам з псіхолагам Лалітай Бекіш мы паспрабавалі разабрацца, як зразумець, што ў вас або кагосьці з вашых блізкіх ПТСР, — і дапамагчы.
Лаліта Бекіш — практыкуючы крызісны псіхолаг, магістр псіхалагічных навук. На яе рахунку 3 гады практыкі, у тым ліку праца з анкахворымі дзецьмі.
Што такое ПТСР і як ён праяўляецца?
ПТСР з’яўляецца следствам крытычнай падзеі ў жыцці чалавека — такой, якая пагражае яго жыццю, здароўю або псіхічнай цэласнасці.
Калі кажуць пра ПТСР, у якасці падзей у прыклад часцей за ўсё ставяць ваенныя дзеянні. Але ў рэчаіснасці да посттраўматычнага стрэсавага разладу прыводзяць таксама:
- перажытыя выпадкі фізічнага і сэксуальнага гвалту,
- аперацыі (уключаючы роды),
- няшчасныя выпадкі і аварыі.
Галоўнае наступства, з якім сутыкаецца чалавек, — разлад адаптацыі. Пасля інцыдэнту ў яго могуць назірацца сімптомы, якія перашкаджаюць яго ўзаемадзеянню са светам, праз што такія людзі нярэдка зноў трапляюць у сітуацыі, якія нагадваюць тую, што траўмавала.
Мозг хітра ўладкаваны: ён імкнецца перажыць той жа досвед траўмы, але са станоўчым зыходам для сябе — як бы зрабіць другую спробу. Пры гэтым новых стратэгій кантролю над сабой у чалавека з ПТСР няма, таму ён рызыкуе рэтраўматызавацца раз за разам. Вось чаму былыя вайскоўцы, не прызвычаіўшыся да цывільнага жыцця, вяртаюцца ў гарачыя пункты.
Як паводзіцца/рэагуе мозг пры ПТСР?
У кнізе «цела памятае ўсё» псіхіятр Бесэл ван дэр Колк паказвае рэакцыю мозга на траўмуючую падзею. Ён укладвае ў апарат МРТ жанчыну, якая перажыла страшную аварыю, — і кажа з ёй пра інцыдэнт. У гэты момант працуюць вобласці мозга, якія адказваюць за ўспрыманне, — жанчына як быццам зноў перажывае тую падзею.
Я заўсёды кажу пацыентам на тэрапіі: нашаму мозгу ўсё роўна, ці адбываецца штосьці ў рэальнасці, ці мы гэта толькі ўяўляем. Ён адчувае тое самае.
Пры ПТСР парушаецца праца міндалепадобнага цела (гэта нашая «вартаўнічая вежа», якая як што ўключае механізм «бі або бяжы») — яно працуе занадта актыўна, як у стане павышанай гатоўнасці. Праз гэта людзі з ПТСР робяцца звышпільнымі, празмерна ўзбудлівымі, іх ахоўныя рэакцыі часта не адпавядаюць рэальнай пагрозе.
Таксама пры ПТСР можа парушацца праца гіпакампа, што вядзе да праблем з памяццю, а таксама астраўковай долі, адказнай за нашую здольнасць успрымаць сябе і адчуваць уласнае цела. Што ў выніку:
- можа паўстаць дысацыяцыя — ахоўны механізм, праз які чалавек успрымае падзеі, як быццам яны адбываюцца не з ім, а з кімсьці яшчэ, а ён сам нібыта назірае збоку.
- развіцца дэперсаналізацыя — стан, калі чалавек адчувае адчужэнне ад свайго цела і ўласнага я. У здаровых людзей бывае гэтае пачуццё мімаходзь, на пару секунд, калі глядзіш у люстра і не пазнаеш сябе.
- і/або дэрэалізацыя — парушэнне ўспрымання, пры якім свет здаецца нерэальным. Кліенты з траўмамі і разладамі часта распавядаюць, як яны міргнулі — і раптам наступіў вечар, ці як ішлі па звыклай дарозе і знайшлі сябе зусім у іншым месцы.
Такія рэчы здараюцца і са здаровымі людзьмі, але працяглае і частае знаходжанне ў гэтых станах сведчаць пра наяўнасць праблемы.
Як ставіцца дыягназ ПТСР?
У клінічнай карціне мы маем выразна бачыць некалькі крытэраў:
- першы і галоўны — наяўнасць траўмуючай падзеі, прычым усё роўна, хто наш пацыент: удзельнік ці сведка.
- далей сімптомы дакучлівага паўтарэння. Чалавек бачыць начныя кашмары, у яго свядомасць пастаянна ўрываюцца ўспаміны пра траўмуючыя падзеі, флэшбэкі (калі, рэагуючы на трыгер — пах, гук, нейкае тактыльнае адчуванне, — чалавек быццам бы правальваецца ў мінулае) — так, гэта кажа пра ПТСР.
- пазбяганне. У пацярпелага можа назірацца частковая амнезія, ён пазбягае размоў пра падзею, адчужаны.
- апошні ўключае ў сябе сімптомы нарастальнага ўзбуджэння. Тут і дрэнны сон, і раздражняльнасць, і ўспышкі гневу, і складанасці з канцэнтрацыяй увагі, а таксама звышпільнасць.
Для дыягностыкі ПТСР існуе некалькі стандартызаваных апытальнікаў, але не варта праходзіць іх самастойна.
Якая дапамога пры ПТСР? Што могуць зрабіць блізкія?
Першай дапамогі пры ПТСР як такой не існуе — разлад, як правіла, фармуецца праз нейкі час пасля траўмуючай падзеі. Калі вы заўважаеце за сваім блізкім усё тое, пра што гаварылася вышэй, — варта прывесці яго на прыём да спецыяліста.
Што можна зрабіць адразу пасля страшнага здарэння:
- стварыць чалавеку, які пабыў у ім, бяспечныя ўмовы;
- кантраляваць яго харчаванне і сон;
- пры жаданні пацярпелага — размаўляць з ім аб траўмуючай падзеі;
- калі шокавы стан доўжыцца больш за некалькі дзён, ёсць сэнс звярнуцца да псіхолага.
Што калі чалавек з ПТСР застаўся зусім адзін — і ў чужой краіне?
Іміграцыйны стрэс — рэч сур’ёзная, ён можа пагаршаць стан пры ПТСР. Адназначна не варта спрабаваць даць рады сітуацыі самастойна — трэба звяртацца да спецыяліста.
Калі псіхолаг выявіць падчас дыягностыкі маркеры цяжкіх станаў, ён накіруе кліента дадаткова да псіхатэрапеўта — каб пры неабходнасці прызначыць медыкаментознае лячэнне. Прэпараты, як правіла, здымаюць вострыя станы, а само ПТСР у асноўным лечыцца псіхатэрапіяй.
Важна выбіраць псіхолага, які спецыялізуецца на крызісных станах, пажадана валодае ДПДГ — гэты метад псіхатэрапіі быў спецыяльна распрацаваны для лячэння стрэсавых разладаў.
Ці можна казаць пра поўнае лячэнне пацыентаў з ПТСР — і як хутка?
Можна прыбраць негатыўную сімптаматыку. Мэта тэрапіі якраз у гэтым — стабілізаваць эмацыйную рэгуляцыю, знізіць перажыванні з нагоды траўмуючай падзеі.
Як правіла пасля тэрапіі людзі могуць расказваць пра падзею спакойна, як быццам пераказваючы сюжэт фільма. Зразумела, што ў іх застаецца негатыўнае стаўленне да рэчаў і людзей, якія там былі, але няма балючай рэакцыі. Плюс з’яўляецца пачуццё абароненасці, яны разумеюць, што могуць кантраляваць сваё жыццё, што дадуць рады таму, што адбудзецца ў далейшым.
Я рэкамендую паглядзець фільм «Шчаслівыя дзяўчаткі не паміраюць» з Мілай Куніс у ролі дзяўчыны з ПТСР. Галоўная гераіня не ходзіць на тэрапію — але па ходзе развіцця падзей відаць, як яна вучыцца кантраляваць сваё жыццё, а не ўцякаць.
Як хутка, адказаць няпроста: усё залежыць ад цяжкасці стану чалавека, ад наяўнасці камарбідных разладаў, а яшчэ сацыяльнай падтрымкі і яго асобасных якасцяў.
Тэрапія — гэта складанае мерапрыемства, як правіла, пацыентам бывае вельмі балюча. Усё залежыць ад чалавека — колькі ён можа выцягнуць за адзін сеанс, ці патрэбны яму адпачынак. Але тэрапія не цягнецца гадамі. Калі выкарыстоўваць метад ДПДГ, тэрапія паскараецца ў разы. Наўскідку я б сказала: год (плюс-мінус пару месяцаў) — і можна дыхаць на поўныя грудзі.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by