Reddit выйшаў на біржу
Reddit прыцягнуў $748 млн на IPO, у рамках якога яго ацанілі ў $6,4 млрд, піша Reuters. У 2021 годзе ў ходзе аднаго з раўндаў збору інвестыцый кампанія ацэньвалася ў $10 млрд. Тым не менш гэта адное з нешматлікіх буйных размяшчэнняў, якія адбыліся ў тэхналагічнай сферы за апошні час.
Акцыі сацыяльнай платформы будуць таргавацца на Нью-Ёркскай фондавай біржы пад тыкерам RDDT ад сённяшняга дня. Размяшчэнне праведзенае па верхняй мяжы цэнавага дыяпазону ў $31-34 за штуку.
Сярод асноўных акцыянераў — сузаснавальнік Стыў Хафман, у руках якога 3,3% акцый, а таксама амерыканская медыякампанія Advance Publications і кітайскі ІТ-гігант Tencent.
Reddit быў запушчаны ў 2005 годзе і месціцца ў Сан-Францыска. Платформа налічвае 100 тысяч сабрэдытаў на самыя розныя тэмы.
Кампанія планавала размяшчэнне акцый больш за два гады — заяўка была пададзеная яшчэ ў снежні 2021 года. Пры гэтым Reddit яшчэ не выйшаў на гадавы прыбытак.
Reuters адзначае, што дэбют Reddit на біржы стане праверкай для рынку IPO. У выпадку няўдачы многія кампаніі могуць паставіць на паўзу працу ў гэтым кірунку.
Читать на dev.by