Чатыры гісторыі пераезду айцішнікаў у Сербію
Чаму некаторыя беларускія айцішнікі выбіраюць Сербію? Даведаліся, як жывецца ў сэрцы Балканаў.
Гісторыя 1. У Сербію праз Украіну
Продакт менеджар Мікалай быў вымушаны спешна пакінуць Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Яны з жонкай паспелі ўзяць толькі дакументы і самыя неабходныя рэчы. Дарога ляжала ва Украіну, але ў Кіеве сям’я не затрымалася. Вырашылі рухацца далей і выбіралі паміж Грузіяй і Сербіяй.
Грузію адкінулі «праз прарасійскую ўладу». «Пра тое, што і ў Сербіі ўлады даволі прарасійскія, мы не ведалі», — смяецца Мікалай.
Узімку 2021 года муж і жонка апынуліся ў Новым Садзе, другім паводле велічыні горадзе краіны. Кватэру знайшлі літаральна за тры дні праз Facebook — гэта пры тым, што пара мае сабаку. Цяпер праз вялікі наплыў мігрантаў так не атрымаецца.
У Новым Садзе Мікалаю падабаецца.
«Кампактны горад, адлегласці невялікія, а грамадскі транспарт добры, і нават можна даехаць у суседнія гарады. Шмат паркаў, паветра добрае, няма моцнага ветру. Невысокая вільготнасць, добры клімат. Агулам гэтая частка Сербіі, Ваяводзіна, шматкультурная, і да замежнікаў мясцовыя ставяцца вельмі добра — мы з нашым лэндлордам амаль сябры!».
Нядаўна Мікалай пачаў вывучаць сербскую мову — ужо хапае для паўсядзённых зносін. Шмат людзей рознага веку ў Сербіі размаўляюць па-англійску, аднак для камфортнейшага жыцця лепей ведаць сербскую, лічыць суразмоўца.
ІТ у Сербіі — гэта ў асноўным філіялы замежных кампаній, часта нямецкіх і аўстрыйскіх. Мікалай праходзіў сумоўі ў адную з лакальных фірмаў.
«Тут толькі пачынаецца ІТ-бум, таму айцішнікаў не так шмат. Працу шукаў два месяцы, былі тры прапановы, у тым ліку і ад мясцовай фірмы — але мне не спадабаліся ўмовы. У выніку працую ў міжнароднай кампаніі з беларускімі каранямі».
Як змянілася жыццё ў Сербіі пасля 24 лютага? Мікалай кажа, што праз наплыў расійцаў выраслі цэны, асабліва на жытло. Цяпер двушка ў Новым Садзе каштуе каля $600.
Большасць сербаў, на думку суразмоўцы, супраць вайны, пры гэтым шмат тых, хто спачувае расійцам. «Яны стараюцца сядзець на ўсіх крэслах», — рэзюмуе суразмоўца.
Што далей? Мікалай яшчэ не ведае. Перад вайной яны з жонкай збіраліся адкрываць рэстаранны бізнэс, але гэтыя планы на паўзе.
Плюсы жыцця ў Сербіі
- Добрае стаўленне да іншаземцаў.
- Таннейшая за Польшчу і Літву.
- Развітае культурнае жыццё (Новы Сад быў абвешчаны сталіцай еўрапейскай культуры ў 2022 годзе).
- Добрая прыватная медыцына.
Мінусы
- Ніхто нікуды не спяшаецца.
- Слабы ўзровень лічбавізацыі.
- Кепска развітыя сэрвісы дастаўкі: часта невядомы нават дзень, калі вам прывязуць пакупку.
- Няякаснае паветра ўзімку.
Гісторыя 2. Усвядомлены пераезд
У Сяргея (продакт менеджар у міжнароднай кампаніі) жаданне з’ехаць з Беларусі з’явілася яшчэ пры канцы 1990-х.
«Я быў малады і гарачы, шмат хадзіў на пратэсты. І ўжо тады мне стала зразумела, што людзі ва ўладзе проста так не сыдуць. Вельмі хацелася эміграваць, але я сустрэў жонку, у нас нарадзіліся дзеці, і доўгія гады мы назапашвалі рэсурсы для пераезду», — расказвае Сяргей.
У выніку ў шорт-лісце апынуліся Сербія, Германія і Чэхія.
«Перамагла ў выніку Сербія, дзякуючы цёпламу клімату. Таксама мы ведалі, што сербы вельмі адкрытыя і добра ставяцца да ўсходніх славянаў. Улетку 2020 года мы з’ездзілі ў Бялград на тыдзень на выведку, праглядзелі некалькі кватэр. А канчаткова пераехалі 3 жніўня 2020 года, перад выбарамі. Галасавалі ўжо тут, у мясцовай амбасадзе», — расказвае Сяргей.
У выніку сям’я жыве ў Сербіі ўжо два гады. Сяргей працуе як ІП у міжнароднай кампаніі. Кажа, гэта больш выгадна — падатковая стаўка пры працы на мясцовую фірму складае 30%, а як ІП — фіксаваныя $420.
У Сербіі ІТ толькі пачынае актыўна развівацца, кажа Сяргей. Ёсць філіялы буйных амерыканскіх кампаній (NCR, Ubisoft, Microsoft). Вяліся размовы пра стварэнне мясцовага тэхнапарка — пакуль што абмежаваліся зніжэннем падатку для расійскіх ІТ-кампаній. Ёсць і мясцовыя сербскія аўтсорсеры і прадуктовыя кампаніі. Але заробкі там ніжэйшыя, чым у беларускіх ці расійскіх кампаніях.
Пасля пачатку вайны жыццё ў Сербіі асабліва не змянілася, лічыць ён. Хіба што моцна выраслі цэны на жытло, стала больш беларусаў, украінцаў і расійцаў.
«Цяпер мы пачалі з жонкай часцей на вуліцы размаўляць па-сербску, бо расійцы хочуць знаёміцца з іншымі рускамоўнымі людзьмі. Але я не хачу сварыцца, калі чалавек няправільна адкажа на два пытанні: «Хто прэзідэнт Беларусі?» і «Чый Крым?», — усміхаецца Сяргей.
Перад пераездам ён раіць наведаць Сербію як турыст — беларусы могуць знаходзіцца ў гэтай краіне да 30 дзён без візы. І асвоіць хоць бы асновы мовы.
«Без мовы тут вельмі складана, і сербы любяць, калі іншыя вывучаюць сербскую. Асабіста я тры месяцы перад пераездам хадзіў на курс, дзе вывучыў асноўныя словы і фразы, а далей ужо дапамагло асяроддзе. Мой малодшы дзіцёнак па-сербску ўжо гаворыць як на роднай, а беларускую, на жаль, слаба памятае».
Плюсы
- Вельмі разнастайная і прыгожая прырода.
- Надвор’е і клімат, цёплае мора ўсяго ў пары гадзін язды.
- Смачная ежа і мясцовая кухня.
- Адкрытасць людзей.
Мінусы
- Экалагічныя праблемы — якасць паветра ў Бялградзе вымушае жадаць лепшага.
- Сербы шмат кураць (у памяшканнях таксама).
- «Смецце на вуліцах і велізарная колькасць графіці».
- Некаторыя сэрвісы слаба развітыя. Кепска працуе дастаўка, складана выклікаць таксі ў пятніцу ўвечары.
Гісторыя 3. Рэлакацыя супрацоўніка беларускага ІТ-гіганта
Андрэй [імя змененае] працуе ў адміністрацыйнай частцы Wargaming. Пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія абвясціла пра закрыццё беларускага офіса. Частцы супрацоўнікаў была прапанаваная рэлакацыя ў Літву або ў Сербію, некаторыя пераехалі на Кіпр. Так на пачатку жніўня ён апынуўся ў Бялградзе.
«Да рэлакейту я нічога не ведаў пра Сербію. Пачаў шпацыраваць праз Google Maps Бялградам. Першая думка: ну такое… Але ў жыцці горад выявіўся лепшым», — расказвае наш герой.
Wargaming вельмі дапамог пры рэлакацыі, кажа Андрэй: яшчэ ў Мінску было вельмі шмат інфармацыйнай падтрымкі, кампанія аплаціла гатэль у Бялградзе і паслугі рыэлтараў, дапамагла з рэлакацыяй сям'і і падачай на дазвол на жыхарства. Павысілі заробак, але сацпакет пакуль што адстае ад таго, што быў у Беларусі.
Спачатку Андрэй пераймаўся, што яму прапанавалі рэлакацыю ў Бялград, а не ў Вільню, але цяпер хутчэй рады такому збегу абставін.
«Мая еўрадвушка недалёка ад цэнта каштуе $500, цяпер было б даражэй. Але мушу прызнацца, што цэны растуць не толькі на кватэры. Курка тут увогуле нібыта з золата! У пераліку каштуе Br15! Я раней вельмі часта еў курыцу, а цяпер думаю, што не так моцна яе і люблю».
З культурным жыццём у Бялградзе, паводле слоў нашага героя, поўны парадак. Калі было цёпла, у горадзе праходзіла вельмі шмат фестываляў.
«Большую частку часу я сяджу ў хаце і працую — баўлю час як у Мінску (смяецца). Ну і часта хаджу з калегамі ў бар на выходных. Пакуль што задаволены, дадому не цягне. Але планую прыязджаць у Беларусь».
Плюсы
- Пачуццё свабоды і бяспекі.
- Ежа і віно.
- Цэны на многія прадукты ніжэйшыя.
- Прыгожыя краявіды, ёсць горы.
Мінусы
- Прарасійская большасць: «Сербію бамбіла НАТА, таму ўсе, хто супраць НАТА — добрыя хлопцы».
- Нізкая культура кіравання.
- Моцна выраслі цэны на жытло.
Гісторыя 4. Рэлакацыя ў Ubisoft
Арцём — распрацоўшчык C++, Святлана — інтэрнэт-маркетолаг. У Сербіі яны апынуліся амаль выпадкова: вясной 2020 года Арцём атрымаў офер у мясцовым філіяле Ubisoft, зрабіў прапанову Святлане і забраў жонку з сабой.
«Я адчуў, што ў Беларусі я ўпёрся ў столь і калі хачу далей развівацца, то трэба кудысьці з’язджаць. Абіраў паміж CD Red Project у Кракаве і Ubisoft у Бялградзе».
Кампанія дапамагала пры пераездзе: ад папяровай цяганіны да пошуку кватэры. Часу на вывучэнне сербскай мовы было вобмаль. Святлана яшчэ ў Мінску скончыла курс на ўзровень А1, а Арцём наогул паехаў без аніякіх ведаў.
«Вучыў у дзікую — чытаў усё, што толькі мог, ад газет да меню ў рэстаране. Вельмі моцна дапамагае веданне беларускай мовы. А год таму кампанія арганізавала курс сербскай, і цяпер я ганарлівы ўладальнік сертыфіката валодання мовай на ўзроўні А1», — смяецца Арцём.
Святлана ж у Сербіі хутчэй палепшыла сваю англійскую. «Я працую ў кампаніі, дзе палова супрацоўнікаў — сербы, а яшчэ палова — замежнікі. Таму камунікацыя ў нас збольшага адбываецца па-англійску», — тлумачыць дзяўчына.
Пара шмат кантактуе з беларускай дыяспарай у Сербіі — іх вельмі аб’ядналі падзеі 2020 года. Размаўляюць і з сербскімі калегамі і знаёмымі.
«Яны больш адкрытыя, з імі вельмі лёгка паразмаўляць, яны зацікаўленыя ў дыялогу з табой. Галоўнае — не закранаць чырвоныя флажкі, напрыклад, Косава, — расказвае Арцём. — Я чуў легенду, што існуюць сербы, якія шмат і ўпарта працуюць. Але асабіста з такімі не сутыкаўся. У іх жыццё пранізанае філасофіяй polako, што перакладаецца як «паволі».
Плюсы
- Прыемныя цэны.
- Вельмі смачная ежа, прычым не толькі мясцовай кухні.
- Бяспечна.
- Сербы вельмі любяць дзяцей і жывёл.
Мінусы
- Слабаразвіты грамадскі транспарт — напрыклад, у Бялградзе няма метро.
- Няма аднаго агульнага маркетплэйса, як, напрыклад, каталог «Анлайнера».
- З сербскім дазволам на жыхарства ўсё адно патрэбная шэнгенская віза ў краіны Еўрасаюза. (Сербія знаходзіцца ў статусе краіны-кандыдата на ўступленне ў ЕС ад 2012 года. — Заўв.)
Читать на dev.by