«Гэта было жудасна». Айцішнікі расказваюць, як іх скарацілі ІТ-гіганты ў 2023

Пры канцы 2022 года ў тэхналагічных кампаніях пачалі масава скарачаць айцішнікаў. Пад скарачэнні трапілі і беларусы. Devby.io знайшоў траіх спецыялістаў з Amazon, Meta і Unity і даведаўся ў іх, як у вялікіх карпарацыях паведамляюць пра звальненні, якія кампенсацыі выплачваюць, на што хапае дапамогі па беспрацоўі і ці хутка атрымоўваецца знайсці працу.

113 каментарыяў

Паводле даных партала Layoffs.fyi, які адсочвае скарачэнне ў тэхналагічнай сферы, за два няпоўныя гады кампаніі звольнілі больш за 375 тысяч чалавек: 164 709 у 2022 і 210 721 у 2023. Сярод іх, напрыклад, ёсць Amazon, Google, Meta і Microsoft. Агульная колькасць спецыялістаў, якія страцілі працу толькі ў пералічаных кампаніях, — 70 000. У топ-15 па колькасці звольненых уваходзяць Salesforce, IBM, Twitter, Dell, Phillips ды іншыя.

Змест

Meta

Яўгенія, экс-продакт менеджар (Сіэтл, ЗША)

«Досвед працы на FAANG лічыцца вялікім плюсам для фаўндара стартапа»

— Трапіла я туды, як, у прынцыпе, і ўсе людзі, праз сем раўндаў інтэрв’ю. Працавала ў класнай камандзе, якая займаецца brand safety. Сёлета я, на жаль, трапіла пад lay off, — расказвае Яўгенія, якая папрасіла не называць свайго прозвішча і веку. 

Яна ўладкавалася ў Meta вясной 2022 года. Дагэтуль працавала ў некалькіх мінскіх і еўрапейскіх ІТ-кампаніях, восем гадоў таму пераехала ў Каліфорнію разам з мужам, якому прапанавалі там працу, вывучыла англійскую, атрымала працоўную візу і заснавала ў Крэмніевай даліне стартап, які «дапамагаў людзям знайсці accountability partners».

— Accountability partners — гэта людзі з падобнымі мэтамі. Многія людзі пасля Новага года або дня нараджэння кажуць: «Усё. Пачну хадзіць дзесяць тысяч крокаў на дзень, чытаць шмат кніжак». Потым, як паказвае статыстыка розных рэсёрчаў, яны вельмі хутка здаюцца, бо ў іх недастаткова матывацыі. І мы дапамагалі знайсці ім accountability partners з падобнымі мэтамі, каб яны матывавалі адно аднаго.

Падчас кавіду, расказвае Яўгенія, знайсці інвестыцыі стала складаней. Стартап яна закрыла. І вырашыла, што ёй трэба трапіць у FAANG кампанію.

— У Крэмніевай даліне досвед працы на FAANG лічыцца вялікім плюсам новага фаўндара. Гэта адразу павышае твой credibility, — кажа Яўгенія. — Праз тое, што я не працавала ў FAANG, мне было складаней прыцягнуць да сябе ўвагу і падняць грошы, ніж людзям, у каго прадукт быў горшы, на ранейшай стадыі, з меншай колькасцю юзераў — але яны маглі сказаць: «Я экс-Google, я экс-Amazon, я экс-Meta».

У выніку я падумала, чаму б не атрымаць гэтую птушку сабе. І калі ўсе хочуць, каб ты працаваў на FAANG, пэўна, у гэтых кампаніях я нечаму фантастычнаму навучуся.

Яўгенія папрасіла знаёмых адправіць рэфералы ва ўсе FAANG кампаніі, ёй адказалі Google і Meta. У першай «не склалася з тэхнічным інтэрв’ю». 

— Нечаму такому вось eye opening я ў Meta не навучылася. Атрымалася папрацаваць з вельмі класнымі і разумнымі людзьмі. Мабыць, з найлепшымі інжынерамі, з якімі будзь-калі мела справу. І гэта вельмі добры досвед: як наогул працаваць з такімі інжынерамі, як іх матываваць, як рабіць велізарныя прадукты, дзе любы крок можа прывесці да неверагодных наступстваў, — расказвае Яўгенія.

«Як бы добра ты ні працаваў, могуць скараціць»

У Meta прайшлі дзве хвалі скарачэнняў: у лістападзе мінулага года і красавіку-маі 2023. Увосень 2022 Марк Цукерберг анансаваў першую хвалю скарачэнняў («на жаль, усё пайшло не так, як я чакаў»), а ў сакавіку 2023 і другую — абвясціў пра «год эфектыўнасці» ў кампаніі, рэструктурызацыю, звальненне рэкруцёраў і хуткі сыход тэхспецыялістаў. Яўгенія трапіла ў гэтую хвалю.

— Паколькі Meta вялікая public кампанія, тое, што яны кажуць звонку, у афіцыйных заявах, не адрозніваецца ад таго, што яны выкарыстоўваюць унутры [, матывуючы скарачэнні]. Яны берагуць свой брэнд. І ўсё, што Марк афіцыйна пісаў, тое ж самае менеджмент выкарыстоўвае [для абгрунтаванняў] унутры кампаніі, — кажа айцішніца.

Пасля першых скарачэнняў, расказвае яна, «усім не вельмі спадабалася сітуацыя». Year of Efficiency, пра які пісаў Цукерберг, «людзям не вельмі зайшоў».

— І разбэшчаныя праграмісты, і наогул вельмі разбэшчаныя tech people у Амерыцы задумаліся, што вось так вось бывае. Кагосьці гэта дэматывавала, хтосьці наадварот казаў, што [у Meta] пачыналі як стартап і даўно пара вярнуцца да гэтага. Меркаванні ва ўсіх былі розныя, але калі ўразаюць плюшкі, людзі рэагуюць з асцярогай, — кажа Яўгенія.

Сама айцішніца ўспрыняла скарачэнне «вельмі спакойна».

— Я была да яго гатовая. Марк пісаў, што мы маем прыбраць менеджараў, у якіх мала падначаленых, — расказвае яна. — Усе падначаленыя такіх менеджараў таксама былі гатовыя да скарачэння, бо менеджар мог заняць іх месца.

Я бачыла, наколькі таленавітых людзей і оверперформераў прыбралі ў першую хвалю, таму была гатовая да другой. Як бы ты добра ні працаваў, калі ў кампаніі ёсць мэта паменшыць выдаткі і колькасць менеджараў, такое бывае.

У дзень скарачэнняў усе супрацоўнікі кампаніі атрымліваюць ліст, звольненыя яны ці не. Звольненым закрываюць доступ да ўсіх унутраных рэсурсаў, пакідаючы толькі імэйл да канца працоўнага дня. Можна напісаць калегам, «што была рада з імі працаваць», і пакінуць асабістыя кантакты. Акрамя гэтага, Meta адкрывае доступ да партала Alumni, дзе ёсць уся інфармацыя, звязаная са скарачэннямі: каму аддаць працоўны ноўтбук, куды вярнуць мабільны тэлефон, што будзе са страхоўкай пасля звальнення і не толькі.

— Калі кампанія, у якой працуе больш за 100 чалавек, робіць lay off, то яны маюць за 60 дзён папярэдзіць пра гэта. Ва ўсякім выпадку, [такі закон ёсць] у некалькіх штатах. А кампаніі не хочуць за 60 дзён папярэджваць, яны звальняюць і потым выплачваюць severance package. Яшчэ 60 дзён пасля скарачэння ты лічышся супрацоўнікам кампаніі, табе плацяць заробак, — расказвае продакт.

Праз два месяцы пасля афіцыйнага звальнення экс-супрацоўніку выплачваюць яшчэ два заробкі. Акрамя гэтага, кампанія дае «добрую страхоўку на шэсць месяцаў» і доступ да партала, дзе дапамогуць знайсці новую працу, кампенсуюць нявыкарыстаны адпачынак.

Пасля скарачэння з Meta Яўгенія не шукала працы і «хацела адпачыць летам».

— Але праца сама знайшла мяне. Паколькі раней я была стартап фаўндарам, то ментарыла некалькіх дзяўчат, якія хацелі пачаць свае стартапы. Адна з іх пачала свой non profit. І я дапамагала ёй вельмі моцна з ім. І калі я звольнілася з Meta, яна паклікала мяне ў board of directors і стаць кафаўндарам. Гэта, вядома, не праца ў FAANG, і мне трэба будзе, магчыма, усё роўна праз пару месяцаў шукаць працу ў якім-небудзь Google ці яшчэ дзе-небудзь, але так, гэта цяпер мой асноўны занятак, — кажа яна. — Non profit дапамагае жонкам і партнёрам тых, хто пераязджае, пабудаваць сваю кар’еру, career path у ЗША. У тэхналагічным плане я займаюся прадуктам, які з дапамогай AI будуе career path у залежнасці ад сітуацыі чалавека, злучае людзей з ментарамі і коўчамі.

Amazon

Глеб, 30 гадоў, экс-распрацоўшчык (Ванкувер, Канада)

«Можна было за чужы кошт пераехаць. Грэх адмаўляцца»

Да Amazon 30-гадовы Глеб (прозвішча не называецца на просьбу героя) працаваў распрацоўшчыкам у некалькіх мінскіх кампаніях, уладкаваўся ў эстонскую кампанію TransferWise і пераехаў у Талін. Улетку 2021 года амерыканскія эйчары пачалі рассылаць імэйлы тым дывелаперам, якіх хацелі сханціць. У іх лік трапіў і Глеб.

— Я іх не шукаў, яны мяне самі знайшлі, — расказвае распрацоўшчык. — Трэба было прайсці некалькі раўндаў сумоўяў. Тых, хто праходзіў адбор, яны перавозілі. 

Глеб кажа, што не марыў пра працу ў карпарацыі, «наадварот імкнуўся да маленькіх кампаній». Але вырашальным фактарам для яго стала магчымасць пераезду ў Канаду, у Ванкувер.  

— Я быў на той момант самотны, мне няма чаго было губляць, наадварот было цікава паспрабаваць. А тут можна за чужы кошт пераехаць. Грэх адмаўляцца, — кажа ён.

«У карпарацыі ўсё зроблена так, каб чалавек быў лёгка замяняльны»

У Amazon, згадвае распрацоўшчык, было тры хвалі звальненняў. Першая прайшла ў лістападзе-снежні 2022 года. Другая — у студзені 2023. Глеб трапіў пад трэцюю, у красавіку.

— У адрозненне ад папярэдніх хваляў скарачэнняў, пра трэцюю хвалю мы ведалі за месяц да яе, ужо ў сакавіку. І ведалі, як гэта будзе адбывацца. Гэта было так. Аднаго цудоўнага дня ў цябе забіраюць доступ да ўсяго: да камп’ютара, VPN. Няможна заходзіць у офісны будынак. І табе на асабісты імэйл прыходзіць ліст, што «вашая роля eliminated». У той жа дзень з табой прызначае мітынг лідар тваёй арганізацыі — чыста пагутарыць, адказаць на пытанні. Эйчары таксама адказваюць на пытанні па страхоўцы, напрыклад, і не толькі.

Распрацоўшчык кажа, што «спакойна паставіўся» да гэтай навіны. 

— Не тое каб быў гатовы, але збіраўся сам сыходзіць. Дзякуючы працы тут зразумеў, што мне падыходзяць маленькія або сярэднія кампаніі. Вялікія — занадта вялікія для мяне. У карпарацыі ўсё зроблена так, каб чалавек быў лёгка замяняльны, — тлумачыць ён. — Людзі працуюць шмат, але не эфектыўна. Усе проста робяць сваю справу, не звяртаючы ўвагу адно на аднаго. Каманда намінальная, яе няма. Ёсць проста, як я гэта называю, зборышча разумных незнаёмцаў. З усімі размаўляў, усе выдатныя людзі, але праз тое, што кожны працуе ў ізаляцыі, іх лёгка замяніць. Я так не магу. 

Адзіны спосаб вылучыцца ў карпарацыі, на думку Глеба, — працаваць па 12 гадзін сем дзён на тыдзень.

— Я сустракаў такіх людзей, якія на працягу двух гадоў вось так працуюць. Не тое каб гэта заахвочваецца, але да гэтага абсалютна нармальна ставяцца, не спрабуюць нікога спыніць. Хочаш працаваць сем дзён на тыдзень па 12 гадзін — калі ласка. Я пакуль не гатовы, — кажа ён.

«У Паўночнай Амерыцы ўсе баяцца, што іх засудзяць»

Прычын, з якіх скарацілі Глеба, яму не назвалі. 

— У Паўночнай Амерыцы ўсе баяцца, што іх засудзяць, таму кажуць, што вы проста не патрэбныя, вашая роля ўсё, — кажа ён. — Тут так уладкавана цікава, што ты ніколі не зможаш паразмаўляць з тым, хто прыняў рашэнне. Рашэнне прымаюць адныя, а абвяшчаюць — іншыя. Я працаваў у AWS Backup. Там ёсць свае пяць-шэсць узроўняў іерархіі. Але табе кажуць, што прыйшлі спісы звонку, што проста іх убачылі, нічога не могуць зрабіць, проста паведамляюць: «Я не прымаў гэтае рашэнне, нічога не ведаю, сам у шоку». Тут так і пабудавана, каб ніхто не мог нешта няправільнае сказаць.

Звальненне, расказвае распрацоўшчык, адбывалася так. Наступныя два месяцы пасля паведамлення пра скарачэнне называюцца notice period. У гэты перыяд айцішнік усё яшчэ афіцыйна ўладкаваны ў кампаніі, але працаваць ад яго ніхто не патрабуе. За гэтыя два месяцы супрацоўнік можа знайсці сабе іншую пазіцыю «на ўнутраным рынку вакансій» — у самім Amazon. Калі не знаходзіць, то звальняюць ужо афіцыйна і плацяць кампенсацыю — мінімум за адзін наступны месяц. 

— Потым пачынаюцца адлічэнні за колькасць адпрацаваных гадоў, — расказвае Глеб. — Калі адпрацаваў два гады або менш, будзе [кампенсацыя за] адзін месяц. Паўгода [зверху] — [плюс] адзін тыдзень [да кампенсацыі]. І яшчэ даюць доступ да кампаній, якія рэзюмэ могуць падрэдагаваць, неяк дапамагчы з пошукам працы. Не знаю нікога, хто б гэтым скарыстаўся.

За няпоўныя тры месяцы пасля скарачэння Глеб не знайшоў працы ў іншай кампаніі. Ён плануе застацца ў Канадзе, але карпарацыі будзе разглядаць «толькі ў крайнім-крайнім выпадку».

— Вельмі цяжка цяпер шукаць працу. Па-першае, рынак працы. Amazon далёка не адзіная кампанія, якая звальняла дзясяткамі тысяч. Па-другое, лета. Кампаніі, з якімі мне ўдаецца звязацца, кажуць, што працэсы падаўжэлі ў два разы. Усе ў адпачынках, — кажа ён.

Скарачэнне паўплывала на распрацоўшчыка «вельмі станоўча». Дапамогі па беспрацоўі, кажа ён, хапае на арэнду кватэры і ежу. Яна складае 55% ад папярэдняга заробку, максімальная сума дапамогі на год — $61 500 канадскіх долараў. 

— Я пачаў худнець, больш шпацыраваць, спаць, усміхацца, гуляць у настольныя гульні, — расказвае распрацоўшчык.

unsplash.com

Unity

Вольга (імя змененае на просьбу гераіні), 26 гадоў, экс-тэсціроўшчыца (Мінск)

«Нам расказвалі, што ўсё зменіцца ў добры бок»

26-гадовая Вольга працавала на праекце Luna паўтара года, ад пачатку 2022. Тэсціравала web і «мабілкі» як мануальшчыца і аўтаматызатарка. У праект Вольга трапіла адразу пасля заканчэння курсаў тэсціроўшчыкаў у Skillup.

— Шукала працу, сумоўі праходзіла, усё банальна, звычайны шлях. Адразу вось так мне пашанцавала, — успамінае яна.

Luna на той момант належала IronSource. Пасля пачатку вайны ва Украіне, расказвае тэсціроўшчыца, кампанія арганізавала рэлакейт беларускіх і ўкраінскіх супрацоўнікаў. Супрацоўнікі мінскага офіса з’ехалі ў розныя гарады Еўропы. Вольга паехала ў Тбілісі, але вярнулася ў Мінск праз сем месяцаў.

Пры канцы лета 2022 года, расказвае Вольга, каманда праекта даведалася, што Unity збіраецца паглынуць кампанію, Luna мелася стаць яе часткай. У той жа час, яшчэ да афіцыйнага мёржу, амерыканцы «ўжо пачалі займацца бізнэс-справамі» праекта.

— У Luna і датуль быў плагін Unity. Калі мы даведаліся, што нас паглынаюць, мы такія [падумалі]: «Блін, навошта?». Мы пераймаліся, што нас закрануць звальненні, ужо чулі пра Google, Meta, пра ўсіх. Але ўладальнікі прадукту, IronSource, сказалі, што ўсё добра, што гэта як бы бізнэс так вырашыў, так трэба. — кажа Вольга. — Нам расказвалі пра плюшкі, што ўсё зменіцца ў добры бок. З плюсаў, напрыклад, называлі працу ў міжнароднай кампаніі, што дададуць sick days, рэв’ю, рэйзы будуць большыя, так як кампанія большая. Камандзіроўкі нам таксама абяцалі. Мы былі радыя, ну прама чакалі, калі ўжо будзе афіцыйны мёрж.

Афіцыйна Unity паглынулі IronSource пры канцы 2022 года. Вольга расказвае, што акрамя матэрыяльных бонусаў камандзе абяцалі ліцэнзіі да інструментаў і плагінаў амерыканскай кампаніі, але айцішнікі іх так і не дачакаліся. Абяцаныя рэйзы пераносілі двойчы.

— У студзені нам сказалі, што рэйз будзе ў красавіку. У красавіку сказалі, што пераносяць на жнівень. Выходныя дні раз на квартал, якія ў нас былі датуль, прыбралі. З Unity не было ніякай камунікацыі наогул. Мы працавалі пад іх, мы ўсё рабілі, наладжвалі працэсы, а з іхняга боку нічога не было, — згадвае Вольга.

«Зажурыліся, выпілі, сабраліся з сіламі, пайшлі далей»

Усяго ў Unity прайшлі тры хвалі скарачэнняў. Першая была адразу пасля афіцыйнага мёржу з IronSoft — пры канцы 2022 года. 

— У кампаніі ёсць Джон, ён іх CEO або CTO, не памятаю. Такі італьянец, смешны мужчына, які пісаў нам лісты кожную нядзелю з Лос-Анджэлеса, калі ў нас ужо была раніца панядзелка. Мы ўсе чыталі гэтыя лісты, абмяркоўвалі на дэйліках. Ён нам на розныя тэмы пісаў. І пры канцы мінулага года напісаў пра першыя скарачэнні, патлумачыў гэта нейкімі эканамічнымі паказчыкамі. Не памятаю колькасці звольненых: адна, дзве ці тры тысячы, — кажа тэсціроўшчыца.

Наступная хваля, згадвае яна, была на пачатку 2023 года. Акрамя скарачэнняў, Unity перанеслі рэйз камандзе IronSoft на красавік. У красавіку Джон напісаў, што рэйз пераносіцца на жнівень, але затое айцішнікам выплацілі квартальныя і штогадовыя бонусы.

Трэцяя хваля, пад якую трапіла і Вольга, была на пачатку мая.

— Як цяпер памятаю. На пачатку мая прыйшла на працу, пачала глядзець задачы, адкрыла пошту, бачу ліст. Думаю, блін, бедныя людзі, трэці раз скарачаюць, як так? Нашы ліды былі ў адпачынку, але чамусьці сталі з намі стэлефаноўвацца. Мне набралі, дапусцім, першай. Кажуць: «Слухай, нам прыйшлі спісы. Ты трапіла пад скарачэнні, ты звольненая».

Скарацілі практычна ўсю каманду. Яны вырашылі, што трэба замяніць нас сваімі супрацоўнікамі. І проста ў адзін дзень сказалі, што ўсе вы можаце далей не працаваць, пазычылі ўсяго добрага.

На праекце звольнілі ўсіх тэсціроўшчыкаў (нас было трое), усіх франтэндараў. Застаўся толькі бэкэнд і тэхлід, усё. Потым расказвалі, што ні да лідоў, ні да продакт-оўнараў з нашага боку ніхто не прыходзіў. Не ведаю, якой логікай яны кіраваліся. 

Афіцыйнае звальненне было пазней — працоўную, так скажам, забраць. Выплацілі тады як кампенсацыю два заробкі.

Пазней скарочаным айцішнікам іх ліды расказвалі, што раніцай ім «проста з лістом Джона прыйшоў ліст ад вышэйшага менеджара са спісам звольненых людзей і сумай кампенсацыі».

— Гэта было жудасна. Нас усіх проста ў адзін дзень вырвалі. Некаторыя людзі былі ў адпачынку. Блін, чалавек з’ехаў адпачываць, яму адным днём паведамляюць, — кажа Вольга. — Мы зразумелі гісторыі Google і Meta, бо тое самае фактычна здарылася і з намі. Усе былі ў шоку, вядома. Абмяркоўвалі, дзяліліся, не разумелі, зажурыліся, выпілі, сабраліся з сіламі, пайшлі далей. Сумна.

Праз паўтара месяца пасля скарачэння, у сярэдзіне чэрвеня, Вольга знайшла новую працу.

— З нашым рынкам, вядома, усё дрэнна і па заробках, і па патрабаваннях. Эйчары афігелі трошкі, але ладна. Дзякуй богу, гэта ІТ, тэсціраванне, пашанцавала, — кажа яна. — З каманды звольненых — мы ўсе камунікуем, —  наколькі ведаю, ніхто не знайшоў працы.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Как проходят собеседования в Tinder, Uber, Lyft, Playstation и Amazon. Опыт беларусов
По теме
Как проходят собеседования в Tinder, Uber, Lyft, Playstation и Amazon. Опыт беларусов
«У Беларусі велізарны патэнцыял». Нямецкая кампанія спрабуе абысціся без звальненняў у Мінску
Па тэме
«У Беларусі велізарны патэнцыял». Нямецкая кампанія спрабуе абысціся без звальненняў у Мінску
Вядомую ІТ-кампанію ўзламалі. Магчыма, яна скарачае каманду і праз гэта таксама
Па тэме
Вядомую ІТ-кампанію ўзламалі. Магчыма, яна скарачае каманду і праз гэта таксама
Переехал и потерял работу — но за две недели нашёл хорошую. Хэппи-энд в кризис
По теме
Переехал и потерял работу — но за две недели нашёл хорошую. Хэппи-энд в кризис

Читать на dev.by