Stack Overflow пачаў масава баніць карыстальнікаў за пратэст супраць угоды з OpenAI
Днямі стала вядома, што папулярны сярод праграмістаў форум Stack Overflow запартнёрыўся з OpenAI, а ягоны кантэнт будзе выкарыстоўвацца для трэніроўкі ChatGPT. Каб перашкодзіць гэтаму, многія карыстальнікі сталі рэдагаваць або зусім выдаляць свае пытанні і адказы. Мадэратарам пляцоўкі такі паварот не спадабаўся, і яны вырашылі караць за гэта банам.
Адзін з карыстальнікаў расказаў у Mastodon, што змяняе свае найлепшыя адказы, каб іх не крала OpenAI. Ён называе дзеянні мадэратараў добрым напамінам пра тое, што ўсё напісанае юзерамі можа быць і будзе выкарыстана дзеля прыбытку, і толькі пытанне часу, пакуль пасты ў Discord, Twitter і на іншых такіх платформах будуць скормленыя мадэлям, а потым перапрададзеныя аўтарам назад.
Да пратэсту далучаюцца іншыя карыстальнікі Stack Overflow. Іх цікавіць, чаму нельга зрабіць так, каб чат-бот проста паказваў спасылку на крыніцу адказаў, якія будзе раздаваць у выніку ўгоды, тым больш што гэта павысіла б давер да яго. Але як адзначае Tom’s Hardware, гэта не толькі б «раскрыла кухню», але і сам інструмент не выглядаў бы такім разумным, як здаецца і як яго малююць карыстальнікам і інвестарам.
У спробе мадэратараў перашкодзіць «псаванню» папулярных пастоў няма нічога незаконнага. Разгневаныя карыстальнікі лічаць, што магчымасць выдаляць публікацыі з сайта ім дае так званае «права на забыццё», якое нават замацаванае ў еўрапейскім законе GDPR. Яно, сярод іншага, дазваляе карыстальнікам патрабаваць ад лічбавых пляцовак выдаляць свае даныя і даныя пра сябе. Аднак ва ўмовах карыстання Stack Overflow прапісана, што ўвесь кантэнт, размешчаны карыстальнікамі на сайце, безумоўна належыць яму.
Акрамя гэтага, юзераў раззлавала двудушнае стаўленне Stack Overflow да генератыўных АІ: пляцоўка гадамі забараняла любое выкарыстанне тэхналогіі ў пытаннях і адказах — прычым мадэратарам не толькі можна, але і трэба карыстацца софтам для выяўлення тэкстаў, напісаных АІ. А цяпер платформа раптам дазволіла навучаць на сваіх пастах ChatGPT.
Ад пачатку мінулага тыдня рыторыка Stack Overflow у дачыненні да АІ развярнулася на 180 градусаў, а кіраўнік кампаніі ў штоквартальным пасце заявіў, што «генератыўны АІ адкрывае вялікія магчымасці» перад сайтам. Мадэратарам раптам (і неафіцыйна) даручылі больш не выдаляць пытанняў і адказаў аўтарства АІ.
Читать на dev.by