Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Цярплівыя і працавітыя, як кітайцы». Як нас бачыць кітайскі магістр беларускай філалогіі (ён пажыў у Мінску, Маскве і Кракаве)

Размаўляе на беларускай не горш (цi лепш?), чым беларусы.

Пакінуць каментарый
«Цярплівыя і працавітыя, як кітайцы». Як нас бачыць кітайскі магістр беларускай філалогіі (ён пажыў у Мінску, Маскве і Кракаве)

Размаўляе на беларускай не горш (цi лепш?), чым беларусы.

У беларускую медыяпрастору ўварваўся 28-гадовы кітайскі магістр беларускай філалогіі Сюй Байлун. У жніўні ён пачаў публікаваць беларускамоўныя рылсы ў сваім Instagram, якія хутка прыцягнулі ўвагу і збіраюць сотні лайкаў. 

Цікава, што свае рылсы Валянцін стварае без нейкіх модных эфектаў і шаблонаў. Ён проста размаўляе з аўдыторыяй пра кітайскую культуру, а таксама пра складанасці, якія чакаюць іншаземцаў пры вывучэнні беларускай мовы. І размаўляе на прыгожай беларускай мове з дасканаласцю, якой падсвядома проста не чакаеш ад чалавека з супрацьлеглага боку Еўразіі. У гэтым інста-магія Сюй Байлуна: беларусаў прываблівае сама прага кітайца да беларушчыны, ягоная павага да нашых мовы і культуры. 

Instagram Валянціна

А як успрымае нас, беларусаў, кітайскі мовазнаўца, які скончыў бакалаўрыят па расійскай мове ў Кітаі, магістратуру па беларускай ў Мінску, а зараз атрымоўвае другую магістратуру па ўкраінскай мове ўжо ў Кракаве? Пагутарылі з ім аб гэтым.

«Ведаю беларускую, украінскую, польскую і расійскую на ўзроўні B2 — С1»

Калі ласка, распавядзіце троху пра сябе. Дзе нарадзіўся і жыў Сюй Байлун у Кітаі?

Я нарадзіўся ў правінцыі Юньнань, у горадзе-сталіцы гэтай правінцыі Куньмін (гэта на паўднёвым захадзе Кітаю). Там я хадзіў у школу і вырас. Пасля паступіў ва ўніверсітэт і паехаў у Пекін на навучанне. Там правёў чатыры гады.

У вашай сям’і размаўлялі на путунхуа [афіцыйнай стандартнай кітайскай мове КНР] ці на нейкім мясцовым дыялекце кітайскай мовы? Ці ведаеце вы розныя варыянты кітайскай мовы?

У маёй сям’і размаўляюць на мясцовым дыялекце кітайскай. Бацькі маюць праблемы з путунхуа. Я ведаю толькі свой дыялект і путунхуа, бо іншыя кітайскія дыялекты для мяне складаныя. Нават пекінскі дыялект за чатыры гады я не вывучыў.

Куньмін. Май 2024 года. Фота: 瑞丽江的河水, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

А колькі моваў зараз вы ведаеце? І на якім узроўні кожную?

Ведаю беларускую, украінскую, польскую і расійскую. Кожную з іх ведаю на ўзроўні B2 — С1. Таксама ведаю англійскую, але пасіўна, вучыў яе ў школе больш за дзесяць гадоў. Але яна не была мне патрэбная, і ў мяне не было практыкі.

Адкуль з’явілася вашая цікавасць да славянскіх моваў? 

Усё пачалося выпадкова, таму што ў Кітаі будучым студэнтам нельга свабодна выбіраць спецыяльнасць. Можна выбіраць з прапанаваных, і іх толькі некалькі. І ў тым годзе, калі я скончваў школу, якраз у гэтым шэрагу патрапілася расійская мова. Мяне яшчэ да таго часу доўга цікавіла кірыліца (бо выглядае незвычайна і экзатычна). І я спыніў свой выбар на расійскай мове.

Калі паступіў, выявілася, што навокал мяне адны практычныя людзі, якія патрапілі сюды (то бок абралі расійскую філалогію) не таму, што папраўдзе цікавіліся гэтым. А таму, што проста бачылі ў гэтай спецыяльнасці кар’ерную перспектыву. Кітай і Расія маюць добрыя адносіны, і дзякуючы гэтаму было шмат адпаведных вакансіяў у дзяржструктурах. Можна сказаць, што ніхто нічым, акрамя перавагі ў канкурэнцыі за працоўныя месцы, не цікавіўся.

А ўкраінская і беларуская мовы — з вядомай прычыны — былі адзінай нівай, дзе яшчэ не смярдзела спаборніцтвам пацукоў. Ды дзе можна было чэрпаць сапраўдную асалоду са сваёй цікавасці.

Рылсы ў Instagram Валянціна

Колькі людзей у вашым універсітэце ў Кітаі разам з вамі хадзілі на факультатыў па беларускай мове? 

Мала хто хадзіў. Тады на факультатыве па беларускай былі толькі пяцёра.

А людзей, якія вывучалі расійскую, была цэлая армія. Тых, хто вывучалі польскую, было менш.

Якія самыя папулярныя мовы для вывучання ў вашым універсітэце і ў іншых універсітэтах Кітаю?

Англійская і расійская.

«Звычайныя кітайцы часта блытаюць Беларусь і Расію»

У які перыяд вы жылі і вучыліся ў Беларусі?

Я жыў у Беларусі ад 2019 да 2021.

Ці шмат вы ведалі пра Беларусь і пра беларусаў перад тым, як ехаць у нашую краіну?

Пра Беларусь ведаў толькі тое, што напісана ў падручніках і кітайскім сацсеціве. Звычайныя кітайцы часта блытаюць Беларусь і Расію, нават часам лічаць (наўмысна і ненаўмысна), што Беларусь — частка Расіі. Кітайцы паступаюць у беларускія ВНУ, калі з паступленнем у прэстыжныя расійскія ВНУ нешта не выходзіць.

Калі мая каляжанка-кітаянка скончвала навучанне ў Беларусі і выбірала сувеніры для сям’і, яна абрала «матрёшку». Калі я параіў рушнікі або льняныя вырабы, яна адказала: «Какая разница. Белоруссия и Россия — одно и то же».

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram

Мо, сярод кітайцаў ёсць нейкія стэрэатыпы пра нас? Калі так, што з гэтых стэрэатыпаў спраўдзілася, а што не?

Вашая краіна прываблівае кітайцаў яшчэ тым, што ў Беларусі захавалася шмат савецкай спадчыны (як гэта ні дзіўна гучыць). Гэты стэрэатып спраўдзіўся: бюракратызм у Беларусі быў жахлівым.

У адной з папярэдніх размоваў з журналістамі вы распавядалі, што еўрапейцы больш адкрытыя і таварыскія, а кітайцы больш сціплыя і стрыманыя. А ці навучыліся вы за гады, праведзеныя ў Еўропе, адрозніваць адных еўрапейцаў ад іншых?

Думаю, што людзі з заходняй Еўропы яшчэ больш адкрытыя і таварыскія. А славяне, калі параўнаць з імі, больш стрыманыя.

Ці ёсць нейкія рысы характару ці асаблівасці паводзінаў, якія вы вылучаеце менавіта ў беларусаў? 

Лічу, што беларусаў можна адрозніваць ад іншых па тым, што яны паводзяць сябе вельмі ціха і ўважліва. Гавораць цішэйшым тонам. Выконваюць усе правілы. Не хочуць прыцягваць да сябе ўвагу.

Ці заўважылі вы нейкія агульныя рысы ў беларусаў і ў кітайцаў?

Беларусаў і кітайцаў аб’ядноўвае цярплівасць. Калі жыццё нейк больш-менш ідзе, то з ліхамі заўсёды можна змірыцца.

Яшчэ думаю, што беларусы сапраўды больш працавітыя, чым іх еўрапейскія суседзі. А ў кітайцаў працавітасць — часам гэта спосаб выжывання ў канкурэнцыі.

Яшчэ вы распавядалі, што падчас вывучэння беларускай мовы адчувалі культурную сувязь паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай. Падкажыце, калі ласка, у чым вы ўбачылі гэтую сувязь? Толькі ў мовах, ці яшчэ ў нечым іншым?

У першую чаргу ў мовах. У мяне адчуванне, што ў беларускай і ўкраінскай мовах больш агульнага з польскай, чым з расійскай (гэта маё суб’ектыўнае адчуванне). У архітэктуры, у традыцыйнай вопратцы тое ж самае. У Расіі ўжо зусім іншы стыль: «цыбулісты купал», «кокошнік». Я ведаю аб гэтым, бо год жыў у Маскве. Пабыў за гэты час у Суздалі, Уладзіміры.

А яшчэ сувязь паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай ў агульнай гісторыі Рэчы Паспалітай.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram

Згодна з вашым досведам вывучэння, якая мова вам падаецца самай блізкай да беларускай? 

Украінская.

 Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram  

Калі вучыліся ў Менску, як часта сустракалі беларусаў, якія размаўлялі на беларускай мове? Ці не здзіўляла вас тое, што такіх людзей у Беларусі так мала?

Амаль ні разу не сустракаў. Мяне больш здзіўляла не столькі колькасць, колькі незвычайнае стаўленне да беларускай мовы, нават калі на ёй гавораць або намагаюцца гаварыць замежнікі. Хоць не ва ўсіх, але нават адзіныя выпадкі сапраўды ўражвалі.

Якія беларускія традыцыі падаліся вам найбольш дзіўнымі?

Падчас вучобы ў Мінску ў мяне не было нагоды пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі. І часам шматлікія мясцовыя традыцыі больш савецкія, чым беларускія. Але памятаю, што на Ютубе глядзеў, як на вёсцы прыбіралі страшыдла ў выглядзе «дзядулі» і яго кудысьці выпраўлялі, ці хавалі як нябожчыка. І выкарыстоўвалі морквіну як мужчынскі орган.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram

А як на кітайскі густ выглядае беларуская ежа?

На кітайскі густ беларуская ежа трохі прэсная. Бо кітайская ўжывае яскравыя на смак прыправы, якіх няма ў Еўропе.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram

Вы распавядалі, што вам спадабалася «Дзікае паляванне караля Стаха». Ці ёсць які кітайскі пісьменнік, якога б вы маглі параўнаць з аўтарам «Дзікага палявання» Уладзімірам Караткевічам?

Цяжка правесці такую паралель. «Дзікае паляванне караля Стаха» прадстаўляе мне занядбаную шляхецкую частку беларускай культуры. А цяпер гэтая частка забароненая і згубленая. У кітайскай культуры не было такога разрыву.

А хто ваш любімы кітайскі пісьменнік?

З кітайскіх пісьменнікаў найбольш люблю Лу Сюна, бо шмат праблем, якія адлюстроўваюцца ў яго творах, яшчэ актуальныя для сённяшняга дня [Лу Сюн, або, ў іншай транскрыпцыі, Лу Сінь — класік кітайскай літаратуры, які жыў ў 1881–1936 гадах].

У Еўропе і сярод беларусаў кітайская літаратура ня вельмі папулярная. Але ў апошнія гады вядомым стаў фантаст Лю Цы Сінь са сваёй трылогіяй «Задача трох целаў». Ці падабаецца вам ягоная творчасць?

Ён таксама вядомы і ў Кітаі, але я не цікаўлюся навуковай фантастыкай.

«Ксенафобія і расізм гавораць больш пра абмежаванасць асобы»

Ці сустракаліся вы з нейкімі праявамі ксенафобіі ці расізму падчас жыцця ў Беларусі і ў Польшчы?

Ні ў Беларусі, ні ў Польшчы я ні разу не сустракаў ксенафобіі ці расізму. Ксенафобія і расізм гавораць больш пра абмежаванасць асобы, таму не пераймаюся гэтым.

На ваш погляд, беларусы — гэта талерантны народ?

Беларусы вельмі талерантны народ, гэтага нельга адмаўляць.

Як вы лічыце, прыналежнасць да самага буйнога ў свеце народу неяк уплывае на нацыянальны характар кітайцаў, на іх светапогляд?

Я лічу, што колькасць насельніцтва пэўна ніяк не ўплывае на ментальтэт кітайцаў. Хіба толькі тое, што тыпу «насельніцтва шмат, а рэсурсаў мала, таму мы мусім «пагадзіцца на меншае для агульнага дабра». З гэтай нагоды людзі пачуваюцца менш важнымі.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram

Ці адчувалі б вы сябе менш утульна і камфортна, калі б належалі не да паўтарамільярднага этнасу, а да невялічкага народу, мова якога знаходзіцца на мяжы вымірання?

Я б не адчуваў сябе менш утульна і камфортна, бо па-першае вялікая колькасць «нас» не дадае нейкага пачуцця бяспекі. Па-другое, камфорт паходзіць ад таго, ці гэта соцыум паважае вартасць чалавека, ці паважае індывідуалізм, ці чалавек можа быць у ім сабой.  

«Шкада бачыць, што беларусы знікаюць як народ»

На ваш погляд, ці мае валоданне і ўжыванне роднай мовы дачыненне да нацыянальнага самавызначэння людзей?

Вядома, мае дачыненне. Мова — гэта частка нацыянальнай ідэнтычнасці. Па ёй праходзіць псіхалагічная мяжа паміж «сваім» і «чужым». Гэта добра відаць на прыкладах расіян, палякаў і (сёння) украінцаў.  

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram

Ці дапамагае кітайская мова кітайцам у Кітаі і кітайскім дыяспарам (у Сінгапуры, Малайзіі, ЗША і гэтак далей) адчуваць сябе адзіным народам?

Яна не дапамагае ім адчуваць сябе адзіным народам, прынамсі палітычным. Гэта, хутчэй, нейкая культурная сувязь. Культурна яны свае, але не належнасць да нейкага адзінага народу. Палітычна яны чужыя.

Як вы лічыце, ці трэба беларусам у дыяспары цікавіцца сваёй мовай і захоўваць яе, каб заставацца беларусамі?

Трэба. Шкада бачыць, што беларусы знікаюць як народ.

Хотят домой но не могут. А иногда уже и не хотят. Беларусы в эмиграции — кто мы/ они? Ресёрч часть 1
Хотят домой, но не могут. А иногда уже и не хотят. Беларусы в эмиграции — кто мы/ они? Ресёрч, часть 1
По теме
Хотят домой, но не могут. А иногда уже и не хотят. Беларусы в эмиграции — кто мы/ они? Ресёрч, часть 1
Чытайце таксама
«Ратуе тое, што ў вялікім офісе не паспяваюць за ўсімі сачыць». Як працуюць з дэпрэсіяй — 2 аповеды
«Ратуе тое, што ў вялікім офісе не паспяваюць за ўсімі сачыць». Як працуюць з дэпрэсіяй — 2 аповеды
«Ратуе тое, што ў вялікім офісе не паспяваюць за ўсімі сачыць». Як працуюць з дэпрэсіяй — 2 аповеды
Ксенія працуе ў IT-офісе ў Цэнтральнай Еўропе. Яна запатрабаваны спецыяліст, ёй пастаянна пішуць рэкрутары. Але часта ў яе няма сіл проста ўстаць з ложка. Арсеній да гэтага часу ўдзячны вядомай аўтсорс-кампаніі ў Беларусі за падыход у перыяд вострай фазы.
2 каментарыя
«Так і захоўваю — у расійскіх рублях. Можа, вайна скончыцца, RUB яшчэ вырасце». Да чаго прывязваюць зп у Беларусі ў 2025? Даляр усё? (Дзіўна, але не)
«Так і захоўваю — у расійскіх рублях. Можа, вайна скончыцца, RUB яшчэ вырасце». Да чаго прывязваюць зп у Беларусі ў 2025? Даляр усё? (Дзіўна, але не)
«Так і захоўваю — у расійскіх рублях. Можа, вайна скончыцца, RUB яшчэ вырасце». Да чаго прывязваюць зп у Беларусі ў 2025? Даляр усё? (Дзіўна, але не)
Яшчэ зусім нядаўна даляравая прывязка заробкаў была залатым стандартам у IT — яна страхавала супрацоўнікаў ад дэвальвацый, служыла арыенцірам росту і наогул здавалася чымсьці відавочным: заходнія кліенты — заходняя валюта.
18 каментарыяў
Кітайскія мадэлі з адкрытым зыходным кодам займаюць амаль 30% сусветнага рынку ШІ
Кітайскія мадэлі з адкрытым зыходным кодам займаюць амаль 30% сусветнага рынку ШІ
Кітайскія мадэлі з адкрытым зыходным кодам займаюць амаль 30% сусветнага рынку ШІ
«Я хацеў у польскі офіс, EPAM прапанаваў 1800К — менш, чым плаціў мне ў Літве». Чаму айцішнікі маняць на экзіт-інтэрв'ю? А калі не маняць, гэта неяк дапамагае?
«Я хацеў у польскі офіс, EPAM прапанаваў 1800К — менш, чым плаціў мне ў Літве». Чаму айцішнікі маняць на экзіт-інтэрв'ю? А калі не маняць, гэта неяк дапамагае?
«Я хацеў у польскі офіс, EPAM прапанаваў 1800К — менш, чым плаціў мне ў Літве». Чаму айцішнікі маняць на экзіт-інтэрв'ю? А калі не маняць, гэта неяк дапамагае?
Чаму не працуюць экзіт-інтэрв’ю, абмяркоўваюць у Linkedin.
33 каментарыя

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.