Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Тата кажа, давядзецца мяняць прафесію шмат разоў». Айцішнікі ды іхныя дзеці — пра будучыню

Для праекта «Альфа-версія» мы пагаварылі з беларускімі айцішнікамі ды іхнымі дзецьмі пра вобраз будучыні і ролю адукацыі. 

Пакінуць каментарый
Дадай у Google
«Тата кажа, давядзецца мяняць прафесію шмат разоў». Айцішнікі ды іхныя дзеці — пра будучыню

Для праекта «Альфа-версія» мы пагаварылі з беларускімі айцішнікамі ды іхнымі дзецьмі пра вобраз будучыні і ролю адукацыі. 

«Важна навучыць дзяцей вучыцца, тады яны дакладна не прападуць» 

Уладзімір*, архітэктар, CTO:

— Я жартую, што ў ІТ прыйшоў з вуліцы: маё дзяцінства прыпала на 80-90-я — ключ на шыю і да 22:00 толькі мяне і бачылі. У нейкі момант звязаўся з дрэннай (а дакладней, з шумнай) кампаніяй. Мы нешта там нарабілі, маму некалькі разоў выклікалі ў школу, і яна вырашыла, што мяне трэба неяк адцягнуць — заняць чымсь, каб на вуліцу не рваўся. 

Сусед дзядзька Косця быў праграмістам, у іх дома быў камп’ютар — сусед сам яго сабраў з экрана і магнітафона. Мама паскардзілася ягонай жонцы, цётцы Тані, і дзядзька Косця прыцягнуў мне аднекуль «Байт» і кніжку па BASIC.

Далей мяне на вуліцу ўжо выпіхвалі штуршкамі: «Пайдзі хоць паўгадзіны пагуляй — глытні свежага паветра, усё сядзіш…»

Пасля школы я паступіў у БДУІР. Пытанне выбару нават не стаяла, як кажуць, куды мог прайсці — туды і пайшоў. З прадметаў мне найлепш давалася фізіка і матэматыка, грошай на рэпетытараў у бацькоў не было — таму я пайшоў у тэхвну. Ну, і не прагадаў.

На апошніх курсах пачаў працаваць — працу падкідваў мой кіраўнік дыплома. Потым уладкаваўся ў адну фірму з ягонай пратэкцыі: мы рабілі праекты для нямецкай кампаніі. Праз нейкі час я паехаў у камандзіроўку ў Германію, там паглядзелі на маю працу — і сказалі: «А давай да нас». Так я на некалькі гадоў пераехаў у Мюнхен.

Мог застацца там назаўсёды, але вярнуўся — у Беларусі ўсім ходам развівалася ІТ. Было куды пайсці, — EPAM, Itransition, Wargaming. І грошы прапаноўвалі добрыя: я ў Мінску зажыў лепш, чым у Мюнхене, і пры гэтым пастаянна падарожнічаў па Еўропе. Мы з жонкай пабудавалі дом у прыгарадзе, дзяцей аддалі ў добрую гімназію. 

Цяпер я працую на фрылансе: так, з працай усюды туга, але з маім досведам і нямецкай C2 знайсці праект — не праблема. Мяне перадаюць па «сарафанным радыё». У найме я сябе ўжо не бачу. 

Выхаваннем дзяцей у нас займаецца жонка. Яна ж прымае рашэнні, якія гурткі і секцыі наведваць. Нашай старэйшай дачцэ цяпер 15 — яна ў дзявятым класе, сын на паўтара года малодшы. З заняткаў у іх — басейн двойчы на тыдзень і зала. Год таму дачка кончыла музычную школу, сын яшчэ вучыцца: жонка кажа, калі дзіця грае на піяніна або гітары, ягоны мозг працуе ў рэжыме перагрузкі, параўнальнай з паўнавартасным кароткім замыканнем у добрым сэнсе. Заняткі музыкай развіваюць у дзяцей памяць, уседлівасць, канцэнтрацыю і здольнасць апрацоўваць вялікія масівы інфармацыі. 

У школе дзеці робяць упор на дакладныя навукі — яны ім лепш даюцца. На наступны год дачка разглядае профілі хім-біа і фіз-мат. Ну, і мовы, само сабой, дзеці вучаць з маленства — англійскую і нямецкую. Мне здаецца, гэтага дастаткова для таго, каб знайсці сябе ў будучыні, якую б прафесію не выбралі дзеці. А яшчэ я лічу, што важна навучыць іх вучыцца (і мне здаецца, нам гэта ўдалося), тады яны дакладна не прападуць. 

Оля* (15 гадоў), 9 клас: «Я б не хацела атрымліваць 300 долараў, займаючыся любімай справай»

— Я яшчэ не вызначылася з будучай прафесіяй — да паступлення 2,5 гады, а гэта значыць, што ў мяне ёсць у запасе паўгода-год. 

Вучу паглыблена хімію, фізіку і матэматыку. Апошнія два прадметы патрэбныя, каб паступіць на інжынерную спецыяльнасць, а хімія ў тандэме з біялогіяй неабходны для паступлення ў медычны (я разглядаю толькі стаматалогію) або на біяінжынерыю і біяінфарматыку. 

Для мяне важна, каб мая праца добра аплочвалася — я б не хацела атрымліваць 300 долараў, займаючыся любімай справай. Я разумею, што яна вельмі хутка ператварылася б у катаргу. Я думаю, што хутчэй я гатова рабіць тое, што вывучала і ў чым у мяне няблага атрымліваецца (хай нават гэта не маё хобі) па 8 гадзін у дзень, а ў 18:00 закрываць ноўтбук (або дзверы офіса) і жыць сваё жыццё. 

Што я думаю пра ШІ? Я не ўпэўнена, што ён забярэ працу ва ўсіх. Будуць яшчэ тыя, хто распрацоўвае і ўдасканальвае сам ШІ, хто працуе з ім, правярае за ім. І яшчэ я ж не закрываю для сябе варыянт са стаматалогіяй — іх ШІ яшчэ доўга не замяніць.

«Машынка не заменіць швачку, яе заменіць іншая швачка, якая не пабаіцца асвоіць машынку» 

Яўген*, распрацоўшчык, тымлід:

— У мяне цікавы лёс: мае бацькі — выпускнікі ФПМІ БДУ. Бацька працаваў праграмістам яшчэ 40+ гадоў таму, а я хадзіў да яго на працу і гуляў там з перфакартамі.

Але ў 90-х працы не стала — бацька ўзяў у дзядулі машыну і пачаў ездзіць у Польшчу, прадаваў там будзільнікі, патэльні, мясарубкі… Пазней адкрыў «кропку» на рынку ў Ждановічах і вазіў тавар з Турцыі і Кітая. Мама дапамагала.

Тата мне заўсёды казаў: матэматыка — сапраўдная навука, а астатнія — так… І настойваў, што мне трэба ісці на ФПМІ або мехмат БДУ. Але я не ўяўляў, кім я стану. У нас у школе была пара хлопцаў-алімпіяднікаў у матэматыцы. Дык вось у іх быў план: скончыць ФПМІ — і перабрацца ў ЗША. Іншых варыянтаў для праграмістаў у той час папросту не было.

Я з’язджаць не хацеў. Я хацеў жыць у Беларусі і вучыцца на юрфаку — самы модны на той момант факультэт. Бацька, хоць і быў супраць майго выбару, але рэпетытараў аплочваў — я паступіў.

Павучыўшыся, уладкаваўся ў невялікую фірму юрыстам, потым у іншую. Нейкі час працаваў, але заўсёды хацеў большага — не толькі больш перспектываў, але і грошай. Сябры, якія працавалі ў EPAM, казалі: «У цябе такія мазгі — табе трэба ў ІТ, а не вось гэта ўсё». Я запісаўся на курсы тэсціроўшчыкаў у Адукацыйны цэнтр ПВТ — а праз тры месяцы прыйшоў у лабу EPAM, і ў гэтай кампаніі застаўся.

Я вельмі ўдзячны EPAM: за некалькі гадоў я перавучыўся на распрацоўшчыка — і добра вырас. Мяне «з рукамі адрывалі» рэкрутары (нават не верыцца, што быў такі час). Бацька толькі ўсміхаўся: «Ну, а я табе што казаў». Яму было прыемна, што я ўсё ж прыйшоў у ІТ.

Маёй дачцэ Алісе цяпер 17 гадоў. У яе, як і ва ўсіх у нашай сям'і, здольнасці да дакладных навук. І яна глядзіць у бок ФПМІ (але кажа, калі балаў не хопіць, будзе разглядаць таксама мехмат БДУ і некаторыя спецыяльнасці ў БДУІР). Дзядуля падтрымлівае.

Unsplash

Я не адгаворваю, хоць разумею, што часы цяпер цяжкія ў праграмістаў, ШІ з кожным днём умее ўсё больш.

А з іншага боку ШІ — толькі інструмент. Адгаворваць кагось выбіраць прафесію, толькі таму што з’явіўся новы інструмент, глупства. Гэта як сказаць швачцэ: «Не вучыся шыць на машынцы, яна цябе замяніць — ідзі лепш у падлогамыйкі, там машынак пакуль няма». Не, швейная машынка не заменіць швачку, яе заменіць іншая швачка — з машынкай. 

З таго, што ўвогуле ўмее Аліса: яна добра гаворыць па-англійску, у яе заўсёды былі рэпетытары. Малюе, танцуе (гэта, мне здаецца, базавае «дзявочае» — яна сама выбірала ў дзяцінстве такія гурткі). Захапілася варкай — хадзіла на курсы. Потым вырашыла, што ёй трэба асвоіць нэйл-арт — накупіла інструментаў, лямпу, вучылася на курсах. Цяпер час ад часу робіць пазногці сяброўкам і жартуе, што самую трэндавую прафесію, калі што, атрымала.  

Аліса* (17 гадоў), 11 клас: «Я і так усё сваё жыццё вучуся, пакуль гэта не выглядае для мяне нечым жудасным»

— Я думала пра тое, кім хачу стаць. Не доктарам — бо я вельмі эмпатычная, калі я бачу ў кагось хоць кроплю крыві, мне самой становіцца фізічна дрэнна. Не настаўнікам — таму што гэта «не маё» (я спрабавала замяняць настаўніка на днях самакіравання ў школе, гэта было жудасна). І ўжо дакладна не філолагам і не юрыстам.

Я разумею пра сябе, што вырашаць задачы па фізіцы і матэматыцы мне падабаецца куды больш, чым зубрыць біялогію або гісторыю. І адштурхоўваюся больш ад прадметаў, чым ад самой прафесіі. У ІТ шмат спецыяльнасцяў — там не толькі распрацоўшчыкі, але таксама BA, CA, Data-аналітыкі, прадуктовыя менеджары… З часам я знайду тое, што мне спадабаецца. А матэматычная адукацыя не будзе залішняй, бо гэта дае якасна іншае мысленне, якое спатрэбіцца ў любой прафесіі.

Тата кажа, што мне давядзецца пастаянна вучыцца, пакуль працую, і, магчыма, змяніць прафесію — а то і не раз. Я ўсё сваё жыццё толькі і раблю, што вучуся, так што пакуль гэта не выглядае для мяне нечым жудасным.

«Прафесій амаль не застанецца». CEO раяць чаму вучыцца
«Прафесій амаль не застанецца». CEO раяць, чаму вучыцца
Па тэме
«Прафесій амаль не застанецца». CEO раяць, чаму вучыцца
Чытайце таксама
«Муж не дапамагае. Але не таму што чмо». Як айцішніцы (не) вывозяць кар'еру, дзяцей і дом
«Муж не дапамагае. Але не таму што чмо». Як айцішніцы (не) вывозяць кар'еру, дзяцей і дом
«Муж не дапамагае. Але не таму што чмо». Як айцішніцы (не) вывозяць кар'еру, дзяцей і дом
Ці пытаюцца ў кандыдатак у ІТ-кампаніях пра планы на дзяцей, што яны пра гэта думаюць і як дэкрэт паўплываў на іхную кар’еру — наша даследаванне.
15 каментарыяў
Айцішнікі сумуюць пра працу і будучыню — прычым усюды (але з нюансамі). Вялікі рэсёрч пра ІТ да 2026-га
Айцішнікі сумуюць пра працу і будучыню — прычым усюды (але з нюансамі). Вялікі рэсёрч пра ІТ да 2026-га
Айцішнікі сумуюць пра працу і будучыню — прычым усюды (але з нюансамі). Вялікі рэсёрч пра ІТ да 2026-га
Усё больш беларускіх айцішнікаў прыходзяць да пункту, дзе трэба канчаткова вызначацца з лакацыяй і планамі на будучыню. Гэта адлюстроўваецца і на настроях (падаецца, надыходзіць прыняцце рэальнасці), і на ацэнцы сваёй працы і перспектыў. Па абодва бакі мяжы.
5 каментарыяў
«Усе трое пайшлі ў ІТ». Айцішнікі спрачаюцца, куды скіроўваць (або адпраўляць) дзяцей
«Усе трое пайшлі ў ІТ». Айцішнікі спрачаюцца, куды скіроўваць (або адпраўляць) дзяцей
«Усе трое пайшлі ў ІТ». Айцішнікі спрачаюцца, куды скіроўваць (або адпраўляць) дзяцей
У Threads разгарнулася дыскусія з удзелам бацькоў-айцішнікаў.
3 каментарыя
«Я не ведаю, як стаць карыснай на гэтым рынку». Студэнты-айцішнікі пра ШІ і будучыню, якой яна бачыцца з 2026 года
«Я не ведаю, як стаць карыснай на гэтым рынку». Студэнты-айцішнікі пра ШІ і будучыню, якой яна бачыцца з 2026 года
«Я не ведаю, як стаць карыснай на гэтым рынку». Студэнты-айцішнікі пра ШІ і будучыню, якой яна бачыцца з 2026 года
Пагаварылі са студэнтамі тэхнічных спецыяльнасцяў — даведаліся, ці паспявае адукацыя за зменамі ў галіне і прафесіі ды як яны бачаць сваю будучыню.
27 каментарыяў

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.