Цяпер дакладна: Маск назваў новую гендырэктарку Twitter
Уладальнік Twitter Ілан Маск аб’явіў пераемніцу на пасаду генеральнай дырэктаркі сацсеткі. Яе зойме Лінда Якарына, якая дагэтуль больш за дзесяць гадоў працавала ў медыяхолдынгу NBCUniversal.
Якарына засяродзіцца ў асноўным на аперацыйнай дзейнасці кампаніі. Пад кантролем Маска застануцца тэхналагічныя аспекты платформы, у тым ліку прадуктовы дызайн і інавацыі. Таксама, паводле слоў мільярдэра, новая гендырэктарка дапаможа ператварыць Twitter у суперпраграму X.
Раней мільярдэр паведаміў, што знайшоў прыдатную кандыдатуру на пасаду СЕО — але толькі ўдакладніў, што гэта будзе жанчына і што працу яна пачне праз 6 тыдняў.
Якарына ўладкавалася ў NBCUniversal у 2011 годзе і апошнім часам узначальвала аддзел рэкламы і партнёрстваў. Учора яна аб’явіла аб сваім неадкладным звальненні. Сацсетцы, якая катастрафічна страчвае рэкламадаўцаў — а разам з імі і мільярды долараў — будуць карысныя ейныя сувязі ў сферы, адзначае CNBC.
Часткова рэкламадаўцаў адпудзілі хаатычныя рашэнні Маска; некаторыя адвярнуліся ад пляцоўкі таму, што на ёй стала зашмат мовы нянавісці. Хоць неяк выправіць фінансавы бок пытання Маск паспрабаваў запускам падпіскі Twitter Blue і жангляваннем птушкамі верыфікацыі, за якія спачатку прымусілі плаціць, а потым сталі адбіраць.
Читать на dev.by