Топ-50 ІТ-кампаній у Беларусі. Што змянілася па дзвюх хвалях рэлакацыі
Дзве хвалі рэлакацыі, крызіс і наступствы вайны ва Украіне перайначылі беларускі ІТ-рынак.
Склалі абноўлены рэйтынг топ-50. Паглядзелі, як за паўтара года прыкладна змянілася колькасць супрацоўнікаў у Беларусі ў кампаній з «Топ-50 2021» і колькі прыкладна супрацоўнікаў працуе ў іншых краінах (уключна з рэлакантамі з РБ).
Асаблівасці рэйтынгу «Топ-50 2023»
Яшчэ па першай хвалі рэлакацыі многія ІТ-кампаніі з топ-50 перасталі дзяліцца інфармацыяй пра колькасць супрацоўнікаў у Беларусі ды іншых краінах. Таму тыя даныя, што мы сабралі, — з розных крыніц. І яны — прыблізныя, але даюць агульнае ўяўленне пра працэсы.
Як мы лічылі:
- выкарыстоўвалі даныя кампаній (некалькі кампаній усё ж падзяліліся лічбамі), інфармацыю на афіцыйных сайтах кампаній, інсайдарскую інфармацыю супрацоўнікаў, даныя з профіляў кампаній на dev.by.
- глядзелі даныя ў LinkedIn (пры гэтым улічвалі, што даныя пра лакацыю супрацоўнікаў могуць быць неактуальнымі — частка супрацоўнікаў магла не змяніць лакацыі ў сваім профілі пасля пераезду, некаторыя могуць фізічна знаходзіцца ў адной краіне, але фактычна працаваць на юрыдычную асобу ў іншай).
- улічвалі, што пра 18 кампаній з топ-50 на момант складання мінулага рэйтынгу былі вядомыя толькі старыя даныя (за 2020 год). У рэйтынгу старыя лічбы (за 2021 год) пазначаныя ў дужках. Таксама мы не знайшлі інфармацыі пра прыкладную колькасць штату ў РБ на цяперашні момант у 4 кампаній — старыя даныя таксама пазначаныя ў дужках.
(графік ніжэй можна пасоўваць ←→)
Агульныя вынікі
Увосень 2021 года ў кампаніях з топ-50 працавала 40+ тысяч супрацоўнікаў. Цяпер у беларускіх офісах гэтых жа кампаній працуе прыкладна 20-25 тысяч спецыялістаў, то-бок у 1,5-2 разы менш.
Хто і як «упаў» у Беларусі
Палічылі, наколькі прыкладна скараціўся штат у Беларусі ў асобных кампаніях, а таксама паглядзелі, у якіх яшчэ буйных лакацыях працуюць спецыялісты.
EPAM (мінус ~5000+)
Найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі EPAM за апошнія паўтара года «страціла» прыкладна палову штату. Калі ўвосень 2021 года ў беларускіх офісах кампаніі працавала 10 000+ супрацоўнікаў, то цяпер, паводле інфармацыі крыніц, толькі 5000+. Ускосна пра скарачэнне беларускай каманды на 50% сведчаць і афіцыйныя даныя самой кампаніі пра «колькасць вытворчых спецыялістаў» (туды EPAM улучае інжынераў, BA, PM, дызайнераў ды іншыя пазіцыі на ІТ-праектах), якія працуюць у Беларусі. Толькі за мінулы год іх штат скараціўся ад 9,4 тыс. да 4,5 тыс. чалавек.
Адныя супрацоўнікі звольніліся і сышлі ў іншыя кампаніі, другія з’ехалі працаваць у замежныя лакацыі. Праз рэзкі адток спецыялістаў беларускі офіс EPAM выпаў з топ-3 найбуйнейшых лакацый у кампаніі. Найбуйнейшы офіс EPAM па-ранейшаму ва Украіне (каля 11 тысяч супрацоўнікаў). Ужо больш за 7 тысяч спецыялістаў, з улікам рэлакантаў з РБ, працуе ў Польшчы. Каля 6 тысяч — у камандзе EPAM у Індыі. Найбліжэйшыя некалькі гадоў кампанія плануе павялічыць каманду ў Індыі ў два разы.
iTechArt/Vention (мінус ~1500)
Увосень мінулага года ў беларускіх офісах iTechArt працавала каля 90% усіх супрацоўнікаў кампаніі, цяпер — каля 50-60%. Паводле інсайдарскай інфармацыі ад супрацоўнікаў, на гэты момант у Беларусі працуе 1500+ спецыялістаў.
Скарачэнне беларускай каманды iTechArt звязанае як з рэлакацыяй, так і са звальненнямі. iTechArt, як і іншыя кампаніі, сутыкнулася з крызісам. Падрабязней пра гэта яшчэ ўвесну расказаў у лісце супрацоўнікам CEO Сяргей Каваленка. Так, кампанія ў другім квартале замарозіла найманне, частку супрацоўнікаў прыйшлося звольніць. Змены закранулі ўсе падраздзяленні кампаніі.
Акрамя таго кампанія правяла поўны рэбрэндынг і змяніла назву на Vention. У кампаніі вераць, што новы брэнд пашырыць ейную прысутнасць на рынку. Што праўда, рэбрэндынг не закрануў Беларусі і Украіны.
Акрамя Беларусі, большая частка каманды працуе ў Польшчы (800+ чалавек у лінкедзіне), каля 190 супрацоўнікаў зарэгістраваныя ў літоўскім офісе. Таксама ёсць супрацоўнікі ў іншых лакацыях (напрыклад, у Грузіі і Украіне).
Wargaming (мінус ~1400+)
Wargaming яшчэ ўвосень 2021 года ўваходзіў у топ-5 найбуйнейшых ІТ-кампаній Беларусі. Але летась распрацоўшчык World Of Tanks сышоў з Беларусі, прадаўшы свой бізнэс расійскай «Лесце». Да сыходу ў мінскім офісе Wargaming (СТАА «Гейм Стрым») працавала каля 2 тысяч спецыялістаў, цяпер супрацоўнікаў у 3+ разы менш — 500-600.
Самая вялікая каманда Wargaming працуе ў літоўскім офісе — каля 1000 чалавек. За мінулы і гэты гады штат офіса вырас у 2,5 разы.
Летась Wargaming адкрыў новыя еўрапейскія офісы — у Сербіі і Польшчы. У лінкедзіне мы знайшлі профілі 300 супрацоўнікаў кампаніі, якія пазначылі ў якасці актуальнай лакацыі Сербію, і каля 100 супрацоўнікаў, якія пазначылі ў якасці актуальнай лакацыі Польшчу.
Godel (мінус ~900+)
Штат Godel Technologies у Беларусі скараціўся за паўтара года прыкладна ў 3-4 разы. У лінкедзіне мы знайшлі профілі 300+ супрацоўнікаў кампаніі, якія пазначылі Беларусь у якасці сваёй лакацыі.
Асноўная каманда цяпер знаходзіцца ў Польшчы — каля 1400 супрацоўнікаў (з 2000 ва ўсіх лакацыях). Многія рэлакаваліся з РБ. «У Беларусі засталіся тыя, хто даўно працуе ў кампаніі і не плануе пераезду», — расказвалі раней супрацоўнікі кампаніі. За 2021–2023 гады Godel адкрыла ў Польшчы чатыры офісы: у Лодзі, Гданьску, Уроцлаве і Беластоку.
LeverX Group (мінус ~700+)
У Беларусі да вайны ва Украіне працавала асноўная каманда LeverX Group — каля 1100 чалавек. Цяпер, мяркуючы з профіляў супрацоўнікаў у лінкедзіне, асноўная каманда працуе ў Польшчы (мы знайшлі каля 700 чалавек). Беларусь у якасці актуальнай лакацыі пазначылі крыху больш за 100 супрацоўнікаў LeverX Group. Але дакладная колькасць спецыялістаў, якія працуюць у Беларусі, невядомая.
Exadel (мінус ~ 550+)
У беларускім офісе Exadel, мяркуючы з нядаўна абноўленага профілю кампаніі, засталося каля 150 супрацоўнікаў. Увосень 2021-га іх было амаль у 5 разоў больш.
Летась кампанія прыняла рашэнне перанесці цэнтр распрацоўкі з Беларусі ў Польшчу, дзе адкрытыя пяць офісаў: у Варшаве, Беластоку, Познані, Шчэціне, Гданьску. У лінкедзіне мы знайшлі профілі 500+ супрацоўнікаў Exadel, якія працуюць у Польшчы, але фактычна іх можа быць больш — увесну мінулага года кампанія абвясціла пра глабальнае пашырэнне ў гэтай краіне. Exadel планавала наняць да 2 тысяч чалавек да канца 2023 года.
SOFTSWISS (мінус ~ 350+)
Беларуская каманда SOFTSWISS скарацілася за паўтара года ад 700 да прыкладна 400 супрацоўнікаў. Мяркуючы з лінкедзіна, больш за 300 супрацоўнікаў працуюць у Польшчы, больш за 180 — у Грузіі.
Gismart (мінус ~ 100+)
У мінскім офісе беларуска-брытанскага распрацоўшчыка і паблішара Gismart засталося каля 90 супрацоўнікаў. Увосень 2021 іх было каля 200. У 2022 годзе Gismart адкрыла некалькі карпаратыўных хабаў у Еўропе і абвясціла пра пераход на фармат працы Remote First. Таксама ўвосень мінулага года Gismart афіцыйна адкрыла афлайн-офіс у Варшаве. Цяпер у Польшчы працуе каля 80 спецыялістаў. Частка каманды працуе ва Украіне, Партугаліі і Вялікабрытаніі.
Закрылі бізнэс у Беларусі
Колькі кампаній з мінулага рэйтынгу ўжо сышлі/сыходзяць з Беларусі. Паглядзелі, колькі ІТ-спецыялістаў праз гэта страціў ІТ-рынак.
EIS (мінус ~250)
Афіцыйная працэдура ліквідацыі «Іншуранс Салюшэнс» — падраздзялення амерыканскай EIS Group — пачалася летась у ліпені. У мінскім офісе працавала каля 250 супрацоўнікаў.
У ліпені 2021 года EIS прыцягнула больш за 100 мільёнаў долараў ад міжнароднага інвестфонду TPG. Кампанія заяўляла, што частка інвестыцый пойдзе на развіццё мінскага офіса — яго планавалі пашырыць на 30%. У выніку за апошні год на 30% вырас штат літоўскага офіса кампаніі.
Flo (мінус ~200+)
У мінскім офісе распрацоўшчыка праграмы для жаночага здароўя Flo працавала больш за 200 супрацоўнікаў. Але пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія вырашыла закрыць бізнэс і сысці з Беларусі. На пачатку гэтага года беларуская юрыдычная асоба — «Фло Хэлс» — была канчаткова ліквідаваная. Асноўная каманда працуе ў Літве. За мінулы і гэты гады штат літоўскага офіса Flo вырас, у тым ліку за кошт рэлакантаў з Беларусі, амаль у 4 разы, да 230 чалавек.
Gurtam (мінус ~200+)
Асноўная каманда Gurtam да пачатку 2022 года працавала ў Беларусі (200+ чалавек). Цяпер асноўная частка каманды працуе ў Літве, дзе знаходзіцца галаўны офіс кампаніі. Штат літоўскага офіса вырас за мінулы і гэты год у 4 разы — ад 40 да 170 чалавек. Беларуская юрыдычная асоба Gurtam афіцыйна ліквідуецца ад канца лютага гэтага года.
Softeq Development (мінус ~200+)
Паводле слоў супрацоўнікаў кампаніі, топ-менеджмент амерыканскай Softeq Development прыняў рашэнне закрыць офіс распрацоўкі яшчэ летась — пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Афіцыйная працэдура ліквідацыі пачалася толькі пры канцы красавіка гэтага года.
У мінскім офісе Softeq Development працавала каля 280 спецыялістаў. Паводле ацэнак суразмоўцаў, «рэлакавалася каля 200 чалавек». Адным з варыянтаў для пераезду стала Літва. За мінулы і гэты гады штат літоўскага офіса Softeq Development вырас амаль у 5 разоў — ад 30 да 130+ супрацоўнікаў.
Калі вы маеце ўдакладненую інфармацыю пра колькасць супрацоўнікаў беларускіх ІТ-кампаній у Беларусі ды іншых краінах — пішыце ў бот, дадамо/выправім.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by