Twitter блакуе карыстальнікаў, якія крытыкуюць Маска і нагадваюць пра яго падаткі
Карыстальнікі Twitter сталі скардзіцца, што пасля пастоў з крытыкай або жартамі на адрас Ілана Маска сацсетка стала баніць іх акаўнты або патрабаваць выдаліць твіты, заўважыў Insider.
У апавяшчэннях кампанія тлумачыць, што такія публікацыі лічацца «зместам, які распальвае нянавісць» і парушаюць правілы.
Напрыклад, аднаго карыстальніка пакаралі за тое, што ён назваў Маска «агідным» і што той «усё сваё жыццё адчайна хоча падабацца людзям». Пры гэтым юзер нават не згадваў імя бізнэсоўца. Ён аспрэчыў блакаванне, пасля чаго ўліковы запіс аднавілі.
Іншы карыстальнік атрымаў тыднёвы бан за з’едлівы каментар пра тое, што Маск вярнуў акаўнт Дональда Трампа.
Трэцяму вынеслі папярэджанне за фразу пра тое, што «неяк дзіўна, што адзін чувак будзе вырашаць, як камунікаваць мільярду чалавек».
Чацвёртаму загадалі выдаліць пост, у якім імя Маска стаяла побач са словамі пра аблысенне і тых, хто кідае дзяўчат.
Бан атрымалі і тыя, хто згадаў, што Маск не плаціць падаткаў. Нават за бяскрыўдную фразу, што іх у прынцыпе трэба плаціць.
Пры гэтым бізнэсовец называе сябе прыхільнікам свабоды слова. Аднак за публічнае супрацьстаянне яму ўжо паплаціліся працоўнымі месцамі некалькі супрацоўнікаў Twitter і SpaceX.
У кастрычніку Маск заявіў пра планы стварыць раду па мадэрацыі кантэнту, у якую б увайшлі людзі з самымі рознымі поглядамі. Ён напісаў, што гэтая група стала б прымаць рашэнні наконт аднаўлення акаўнтаў. Але потым сам вярнуў акаўнт амерыканскага экс-прэзідэнта.
Читать на dev.by