У Tesla Model Y адвалілася стырно ў дарозе. Кампанія запатрабавала грошы за рамонт
Карыстальнік Twitter Прэрак Патэл падзяліўся гісторыяй пра тое, як у яго новенькай Tesla Model Y адвалілася стырно, калі ён ехаў з сям’ёй па аўтастрадзе.
На шчасце, за імі не было іншых машын, мужчына змог бяспечна спыніць электракар і стаў чакаць эвакуатара. Model Y Патэлу даставілі 24 студзеня — усяго за 6 дзён да інцыдэнту.
Патэл піша, што страціў веру ў Tesla, а сям’я баіцца ездзіць на яе машыне, і папрасіў вярнуць грошы. Цікава, што першапачаткова Tesla запатрабавала з Патэла $104 за рамонт, але потым прыбрала суму з інвойса.
У падобную сітуацыю трапіў уладальнік Tesla Model 3 у 2020 годзе. Ён паспеў праехаць на ёй амаль 550 км, а стырно адвалілася, калі аднойчы ён заязджаў на пад’язную дарожку да дома. Тады кампанія забрала аўто на экспертызу, а ўжо наступнага дня вярнула, шчыльна замацаваўшы стырно, і пацвердзіла, што ў дадзенага асобніка не хапала балта, якім стырно прымацоўваецца да стырнавой калонкі.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што Tesla не адзіны аўтавытворца, чые кліенты сутыкаліся з такім дэфектам — проста казусы з кампаніяй Ілана Маска атрымліваюць больш увагі. У мінулым праз праблемы з фіксацыяй стырна — яно адвальвалася праз тое, што болт быў занадта кароткім або разбоўтваўся, — свае машыны адклікалі Ford і Hyundai.
Читать на dev.by