Навукоўцы стварылі палец са шматслойным дотыкам, як у чалавека
Кітайскія навукоўцы распрацавалі рабатызаваны палец, які імітуе механізм чалавечага дотыку. Прылада здольная вывучаць аб’екты навобмацак.
Чалавечыя пальцы маюць вельмі тонкі шматслойны дотык: чалавек можа адчуваць не толькі тэкстуру скуры, але і абрысы размешчаных пад ёю костак. Існыя тактыльныя сэнсары дазваляюць распазнаваць і адрозніваць толькі паверхню: тэкстуру і цвёрдасць, — але яны не ўспрымаюць інфармацыі пра формы пад паверхняю аб’ектаў. Для гэтага патрабуецца тэхналогія МРТ або ультрагуку.
Калі чалавек кранае прадмет пальцам, то скура адчувае механічную дэфармацыю, а чалавечы мозг з дапамогай масіву даных з рэцэптараў аднаўляе цэласную карцінку. Даследчыкі паспрабавалі зымітаваць гэты механізм, замацаваўшы металічны стрыжань на пучках вуглевалакна. Такі «палец» скануе аб’ект, прыкладаючы ціск да розных яго ўчасткаў і збіраючы даныя пра паказчыкі цвёрдасці або мяккасці аб’екта. Інфармацыя паступае на камп’ютар, які стварае трохмерную карту.
Сістэма ўжо паспяхова апісала некалькі цвёрдых аб’ектаў, навукоўцы змаглі надрукаваць на 3D-прынтары мадэль чалавечага цела. Сканер стварыў карту не толькі з костак, але таксама склаў мадэль крывяносных сасудаў, якія размяшчаліся пад слоем цягліц. Таксама сістэма прасканавала няспраўны электронны кампанент і паказала на месца разрыву ў ланцугу ля адтуліны, якую прасвідравалі ў няправільным месцы.
Читать на dev.by