Адток з ІТ пры канцы 2022 — 1000+ спецыялістаў на месяц
Беларускі ІТ-сектар працягвае «петраць». Паток звольненых спецыялістаў усё яшчэ вялікі, а цікавасць да новых вакансій, якія з’яўляюцца, невялікая. У лістападзе найманне ўпала да антырэкорду за паўгода.
ІТ-кампаніі губляюць спецыялістаў, хоць ужо не з такой інтэнсіўнасцю, як улетку і на пачатку восені. За лістапад звольнілася 1932 чалавекі. Са станоўчага (з вялікай нацяжкай) — гэта крыху менш, чым у кастрычніку (на 2,5%). Акрамя таго, другі месяц запар звольненых менш за 2 тысячы чалавек.
Але калі параўноўваць з леташнім лістападам, то ўсё дрэнна. Колькасць звольненых вырасла на 42%. Для параўнання ў кастрычніку адносна леташняга кастрычніка розніца была меншая — плюс 34,5%.
Колькасць актыўных вакансій у Беларусі ў лістападзе адносна кастрычніка знізілася нязначна, на 1,2%. Але рынак ніяк не можа намацаць дно, у выніку ставіць новыя антырэкорды. Лістападаўская адзнака — 4293 актыўныя ІТ-вакансіі — новая гістарычная глыбіня.
Найманне пры гэтым аказалася мінімальным за шэсць месяцаў (чэрвень–лістапад). Кампаніі працаўладкавалі агулам 853 новых спецыялістаў. Гэта ў два разы менш, чым у леташнім лістападзе, і на 8% менш, чым у сёлетнім кастрычніку.
Як вынік, тэмп падзення наймання паскорыўся. Сумарна за 11 месяцаў гэтага года ў ІТ-кампаніі працаўладкавалася каля 12 тысяч новых супрацоўнікаў — на 34% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Па выніках 10 месяцаў тэмп падзення быў ніжэйшым — плюс 32%.
З ІТ-кампаній за студзень–лістапад звольнілася больш за 27 тысяч спецыялістаў — на 75% больш, чым за такі ж перыяд 2021 года.
Чысты адток айцішнікаў пры канцы восені (часова?) стабілізаваўся. За лістапад (як і ў кастрычніку) ён склаў 1000+ чалавек. Агулам за 11 месяцаў ІТ-сектар страціў больш за 15 тысяч спецыялістаў.
Читать на dev.by