У Нью-Ёрку прынялі закон, які забараняе выкарыстоўваць АІ для хайрынгу без папярэджання
Так, працадаўцам і рэкрутынгавым фірмам забараняецца ўжываць той ці іншы «аўтаматызаваны інструмент для рашэнняў пра найманне, калі ён не праходзіў праверкі на перадузятасць на працягу аднаго года яго выкарыстання, інфармацыя пра яго праверку на перадузятасць не знаходзіцца ў адкрытым доступе», і калі супрацоўнікаў і суіскальнікаў не папярэджваюць пра яго выкарыстанне. Гаворка вядзецца пра перадузятасць паводле нацыянальнай або расавай і гендарнай прыкмет. Кампаній-парушальнікаў чакае штраф.
Закон быў прыняты яшчэ ў 2021 годзе, але набыццё ім моцы пастаянна зацягвалася праз неабходнасць удакладнення таго, якія менавіта інструменты ён мае ахопліваць і што мае з’яўляць сабою праверка і ейныя вынікі. Канчатковая версія была апублікаваная ў сярэдзіне красавіка, а запрацуе ён 5 ліпеня.
Гэта першы такі закон у краіне. Крытыкі незадаволеныя фармулёўкай «аўтаматызаваны інструмент для прыняцця рашэнняў пра найманне» — яны лічаць, што яна занадта расплывістая і што працадаўцы ўсё роўна працягнуць выкарыстоўваць «перадузятыя» інструменты, калі канчатковае рашэнне пра найманне будзе прымаць чалавек.
Як адзначае Dice, працадаўцы шмат гадоў спрабуюць аўтаматызаваць працэс хайрынгу і праблема перадузятасці існавала ад самага пачатку. Напрыклад, у 2018 годзе Amazon спрабавала пабудаваць рэкрутынгавую платформу на базе машыннага навучання. За аснову была ўзятая база рэзюмэ за дзесяць гадоў. Адразу ж выявіўся зрух на карысць кандыдатаў мужчынскага полу, паколькі на іх прыходзілася большасць рэзюмэ і алгарытмы палічылі іх лепшымі кандыдатамі. Праект быў згорнуты.
Між тым кампаніі актыўна карыстаюцца АІ пры найманні: паводле даследавання 2022 года, прыкладна чвэрць кампаній звяртаецца па дапамогу да інструментаў для аўтаматызацыі і/або на аснове АІ у эйчарскіх задачах.
Читать на dev.by