У Расіі сталі масава наймаць танных праграмістаў з Афрыкі, каб збіць заробкі мясцовых айцішнікаў
Расійскія кампаніі пачалі вельмі актыўна шукаць ІТ-спецыялістаў у краінах Афрыкі, піша РБК. Колькасць вакансій для іх на джаббордзе HeadHunter усяго за год вырасла больш чым у 10 разоў. Афіцыйная прычына — з дапамогай замежных праграмістаў кампаніі закрываюць дэфіцыт кадраў, які расце мінімум ад сакавіка 2022 года, калі расійскія ІТ-спецыялісты сталі масава пакідаць краіну. Пры гэтым заробкі замежным работнікам прапаноўваюцца істотна меншыя, чым расійскім.
Найбольшую цікавасць расійскія працадаўцы праяўляюць да спецыялістаў з Зімбабвэ, Камеруна і Кеніі. Таксама яны гатовыя прыняць у штат жыхароў некаторых азіяцкіх і еўрапейскіх дзяржаў.
Паводле звестак РБК, колькасць вакансій для прадстаўнікоў Зімбабвэ, адкрытых расійскімі кампаніямі з розных сфер, ад 1 студзеня да 31 жніўня 2024 года вырасла ў 17,5 разоў год да года. Да спецыялістаў з Камеруна і Кеніі цікавасць пакуль меншая — за той жа перыяд колькасць вакансій для іх у Расіі вырасла ў 11 і 10 разоў адпаведна. Таксама вітаюцца грамадзяне Алжыра, Уганды, Лівіі і Замбіі. Для параўнання: у першай палове 2023 года для кожнай з афрыканскіх дзяржаў расійскія кампаніі публікавалі не больш за 500 вакансій. Прапаноў для грамадзян Албаніі ад пачатку года стала ўтрая больш, Македоніі — у 2,5 разы, Пакістана — у 2,4 разу.
Раней расійская ІТ-сфера выдзялялася ледзь не самымі высокімі заробкамі ў краіне, але цяпер можна атрымліваць нашмат больш, працуючы кур’ерам або кіроўцам. Як выявілася, мігранты з Афрыкі адыгралі ў гэтым сваю ролю. І калі для афрыканскіх праграмістаў магчымасць працаваць на расійскую кампанію — гэта «добры сацыяльны ліфт, то для расійскага бізнэсу — «магчымасць знізіць «перагрэтыя» заробкі ў галіне», піша РБК.
Прытым эканоміць кампаніі могуць вельмі сур’ёзна. Напрыклад, расійскі сеньёр можа атрымліваць ад 700 тысяч RUB на месяц (каля $7,5 тысяч) — для многіх расійцаў гэта гадавы даход. Тым часам афрыканскія сеньёры з такім жа ўзроўнем ведаў згодныя на заробак ніжэйшы у 4-5 разоў.
Тым не менш застаецца адкрытым пытанне якасці падрыхтоўкі такіх спецыялістаў і ўзроўню іх ведаў. РБК адзначае, што расійскія айцішнікі вельмі скептычна ставяцца да сваіх афрыканскіх канкурэнтаў і мяркуюць, што цікавасць да іх цяпер праяўляюць невялікія студыі распрацоўкі, якія займаюцца аўтсорсам, і стартапы.
Адзін суразмоўца РБК прывёў асабісты прыклад працы з афрыканскімі праграмістамі. «Амерыканскі стартап наняў камерунцаў, каб яны выканалі для іх сайта некаторыя руцінныя задачы. Ім было лянотна ўсё рабіць самім, і яны частку задач перадэлегіравалі мне. Гэта былі самавукі, у іх не было профільнай адукацыі, яны не скончылі нават ніякіх курсаў. Па ўзроўні гэта былі „джуніяры“ і „мідлы“. „Сеньёраў“ сярод афрыканцаў амаль няма. Гэта значыць, яны здольныя паўтараць нейкія практыкі, але ў іх няма глыбокага разумення той вобласці распрацоўкі, дзе яны занятыя», — сказаў ён
У Афрыцы праграмісты звычайна працуюць на фрылансе. «Жыццё там недарагое. Таму праца на праекты з першага свету дазваляе ім атрымліваць добрыя грошы, калі яны нават не ўражваюць ведамі. Менавіта такія праграмісты паедуць і ў Расію», — падсумаваў суразмоўца РБК у адной з расійскіх дзяржкарпарацый.
Читать на dev.by