Не толькі каранавірус: у ЗША і Еўропе шырыцца забойчы кітайскі рэжым працы «996»
Фармат працы ў стартапах Крамянёвай далiны усё больш нагадвае кітайскую — і забароненую там — мадэль працы «996»: з 9 гадзін раніцы да 9 вечара 6 дзён у тыдзень. Гэта значыць 72 гадзіны ў тыдзень, піша Wired. Усё гэта — дзеля нерэальных паказчыкаў і перамогі ў ШІ-гонцы. Трэнд выклікаў спрэчкі ў ЗША і Еўропе: некаторыя кіраўнікі падтрымліваюць яго, у той час як іншыя ўказваюць на рызыку выгарання і рызыку фіяска кампаній, якія яго абралі.
Усё больш стартапаў Даліны пераходзяць на мадэлі, падобныя на «996» — асабліва ў сферы ШІ. Яны не саромяцца патрабаваць ад новых супрацоўнікаў працаваць даўжэй. ШІ-стартап Rilla, напрыклад, у апісанні вакансій наўпрост просіць не турбаваць яе тым, хто не гатовы працаваць «па 70 гадзін у тыдзень у офісе разам з аднымі з самых амбіцыйных людзей Нью-Ёрка». У кампаніі сказалі выданню, што ёсць цэлая субкультура зумераў, якія раслі на гісторыях поспеху такіх зорак ІТ, як Стыў Джобс і Біл Гейтс — прадпрымальнікаў, якія прысвяцілі жыцці стварэнню кампаній, што змянілі свет. Таму амаль усе з 80 супрацоўнікаў Rilla працуюць у рэжыме «996».
Яго распаўсюджванню спрыялі масавыя звальненні ў кампаніях Даліны і бум ШІ. Работнікам, якія хочуць захаваць свае месцы, даводзіцца прымаць ультыматыўныя ўмовы. У лютым суузаснавальнік Google Сяргей Брын казаў, што ў ідэале, для максімальнай прадуктыўнасці, трэба працаваць 60 гадзін у тыдзень. Ілан Маск у лістападзе 2022 года ўсталяваў у Twitter «хардкорную» культуру, а тым, каму не падабаецца, прапанаваў сысці без выплаты дапамогі. Марк Цукерберг таксама лічыць, што прадуктыўнасць — наша ўсё. Апраўдваецца гэта нярэдка тым, што трэба абганяць Кітай.
Пры гэтым у самім Кітаі спрабуюць адысці ад культуры «996». У 2021 годзе Вярхоўны народны суд краіны абвясціў яе па-за законам. Улады тады спрабавалі згладзіць сацыяльную няроўнасць і абмежаваць уплыў мясцовых тэхгігантаў.
Але цяпер гэтая практыка перакінулася на іншыя краіны. Напрыклад, гарачыя спрэчкі ідуць наконт яе ў еўрапейскім ІТ-сектары — часткова іх падаграе адставанне рэгіёна ў ШІ і тэхналогіях у цэлым. Некаторыя венчурныя інвестары лічаць, што каб быць канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку, еўрапейцы павінны працаваць больш і даўжэй. Праціўнікі такога фармату сцвярджаюць, што ён пагражае выгараннем. А выгаранне — адна з трох галоўных прычын правалу стартапаў на ранніх стадыях, адзначаюць у Balderton Capital.
Читать на dev.by