«Адкрыў 12 укладаў у літоўскім банку на 150K». Айцішнікі — пра тое, як зарабляюць на дэпазітах
Рэлаканты падзяліліся сваімі досведам захоўвання грошай у замежных банках і даходамі ад укладаў. Публікуем тры кейсы.
Турцыя: «Трымаць грошы на дэпазітах выгадна нягледзячы на ваганні курса»
— Каля трох гадоў жыву ў Турцыі, працую на замежную кампанію. Заробак атрымліваю ў доларах.
Сёлета адкрыў банкаўскі дэпазіт. Вырашыў гэта зрабіць пасля таго, як моцна вырасла мясцовая стаўка рэфінансавання. Цяпер яна складае каля 50%. Курсы валют растуць не моцна, што дазваляе атрымліваць добрую выгаду ад дэпазіту.
Асаблівасць майго — гарантаваная абарона ад росту курса долара. Гэта значыць, што банк бярэ на сябе рызыкі ў выпадку росту курса долара да турэцкай ліры. То-бок у найгоршым выпадку (пры моцнай дэвальвацыі) укладчык на момант заканчэння тэрміну дзеяння дэпазіту нічога не страціць пры пераліку сумы зберажэнняў у валюту.
Тэрмін дзеяння такіх дэпазітаў, як правіла, 3, 6 або 12 месяцаў з аўтаматычным прадаўжэннем. Стаўка па такіх дэпазітах звычайна ніжэйшая, чым па звычайных укладах, але і рызыкі ніжэйшыя.
Напрыклад, даходнасць па ўкладах без гарантаванай абароны ад росту курса складае 40-45%. У маім выпадку — 35%. Даходнасць па такіх дэпазітах зніжаецца, раней яна была 42%. Але ўсё роўна пакуль дастаткова выгадна.
Дапусцім, я адкрываю дэпазіт на суму 30 тысяч лір пад стаўку 35% на 12 месяцаў з абаронай ад росту курса. На момант адкрыцця ўкладу курс складае 30 лір за долар. То-бок на дэпазіце на момант адкрыцця ўкладу будзе 1000 долараў у эквіваленце.
Праз год я планую вярнуць назад усю суму з працэнтамі — 30000*1,35 = 40,5 тысяч лір.
Але калі праз год курс раптам вырасце да 60 лір за долар, банк верне мне не 40,5 тысяч лір, а 60*1000 долараў — 60 тысяч лір. Па сутнасці я нічога не страчу (акрамя розніцы курсаў пакупкі і продажу валюты).
Праз тое, што курс долара апошнім часам рос не так хутка, атрымаўся нядрэнны прыбытак. Напрыклад, у мяне за квартал прыбытак пры пераліку сумы ашчаджанняў у долары — каля 8% (што праўда, без уліку гадавога падатку ў 15% ад сумы даходу).
Акрамя таго, у апошнія два тыдні мясцовая валюта слабее, цяпер курс — 34 ліры за долар. Таму ў новым перыядзе ўжо не будзе такой прыбытковасці.
Дэпазіт я адкрываў на тры месяцы, потым падоўжыў на той жа тэрмін. На 12 месяцаў адкрываць нявыгадна — капіталізацыя працэнтаў адбываецца пры канцы тэрміну і дэвальвацыйныя рызыкі вышэйшыя. Уклад можна папаўняць без абмежаванняў па сумах.
Наогул дэпазіты ў Турцыі сёлета сталі вельмі папулярныя праз крызіс на рынку нерухомасці. Жыхары краіны звычайна лічылі за лепшае ўкладваць грошы ў будаўніцтва, каб затым перапрадаваць жытло або здаваць яго ў арэнду. Цяпер попыт на арэнду і на куплю жытла моцна ўпаў і значна выгадней стала трымаць грошы на дэпазітах. Да таго ж мінімум рызык і падаткаў у параўнанні з нерухомасцю.
ААЭ: «Трымаю ў банку шасцізначную суму ў дырхамах»
— У ААЭ мноства банкаў, і калі выбраць любы з самых буйных, то працэнты там будуць не вельмі цікавыя — каля 0, 2% гадавых.
Але часам на рынак заходзяць новыя банкі і прапаноўваюць цікавейшыя ўмовы. Напрыклад, ёсць анлайн-банк Wio, які прапаноўвае 5% гадавых у дырхамах.
Дырхам — нацыянальная валюта ААЭ. На пачатку верасня 2024 года прыкладны курс: 1 долар = 3,7 дырхамаў.
Працуе гэта наступным парадкам. Мне прыходзіць заробак у дырхамах на рахунак у адным з буйных банкаў. Пасля аплаты выдаткаў (камуналка, інтэрнэт, крэдытная карта) я пераводжу грошы, што засталіся, на ашчадны рахунак у Wio. І кожны месяц банк налічае мне працэнты.
Цяпер на рахунку ў Wio я трымаю шасцізначную суму ў дырхамах, але планую палову перавесці ў акцыі і ETF (біржавы інвестыцыйны фонд).
Грошы я магу забраць у любы момант і перавесці іх з ашчаднага акаўнта на дэбетавы акаўнт без штрафных санкцый. Таксама ёсць опцыя атрымліваць даходнасць 5,5% гадавых, але ў гэтым выпадку неабходна размясціць сродкі на пэўны тэрмін. Калі потым грошы спатрэбіцца забраць, то штрафу не будзе, але даходнасць аўтаматычна знізіцца да 4%.
Яшчэ адзін важны момант. Для разлікаў за тавары і паслугі я выкарыстоўваю крэдытную карту з кэшбэкам. Калі прыходзіць заробак, я пераводжу частку грошай на яго. І мне не трэба плаціць працэнты, бо я выплачваю запазычанасць цягам месяца. Такім чынам, з улікам кэшбэку чыста тэарэтычна мой даход ад дэпазіту атрымліваецца нават вышэйшым за 5% гадавых.
Літва: «Адкрыў 12 дэпазітаў на розныя тэрміны»
— Жыву ў Літве чатыры гады, працую ў прадуктовай кампаніі. Дэпазітамі зацікавіўся ў верасні 2023 года. Вырашыў адкрыць уклад, так як сумы ашчаджанняў недастаткова для куплі адэкватнага жытла ў Вільні. Напрыклад, трохпакаёвая кватэра ў новым раёне недалёка ад цэнтра каштуе каля 250 тысяч еўра.
Укладвацца ў акцыі і падобныя фінансавыя інструменты пакуль не рызыкую, так як рынак каўбасіць праз вайну і перспектывы выбараў у ЗША.
У Літве дэпазіт — гэта кантракт на пэўную суму з тэрмінамі. Старыя ўклады папаўняць няможна. Іх можна толькі падаўжаць пасля заканчэння тэрміну або закрываць датэрмінова, страціўшы ўсе працэнты.
Таму практычна кожны месяц я адкрываю новы дэпазіт, калі атрымліваю зарплату і папаўняю рахунак наяўнымі.
На сённяшні дзень у мяне адкрыта 12 дэпазітаў у еўра ў Swedbank на агульную суму большую за 150 тысяч еўра. Гэта заробак плюс грошы, якія ўдалося прывезці з Беларусі.
Умовамі задаволены, так як дэпазіты часткова кампенсуюць інфляцыю. Стаўкі па маіх укладах складаюць 2,5-3,5% гадавых, у залежнасці ад тэрміну ўкладу і таго, калі ён быў адкрыты. Летась стаўкі былі вышэйшыя, цяпер інфляцыя ў еўразоне зніжаецца, следам за ёй зніжаюць і стаўкі.
Большая частка ўкладаў скончыцца пры канцы восені. Буду думаць, што рабіць з грашыма. За год працэнтны даход складзе каля 3 тысяч еўра.
Дадам, што ў Літве даход ад дэпазітаў да 500 еўра на год не абкладаецца падаткам. З вышэйшага даходу трэба заплаціць падатак 20%. Банкі самі падаюць інфармацыю ў падатковую перад падачай гадавой дэкларацыі, гэта зручна.
Читать на dev.by