«Пасля войска працаваў на мясакамбінаце». Тры гісторыі вайцішнікаў-2025: чаго (і колькі) гэта каштавала

Падлічылі разам са свежанькімі джунамі — у нас тры кейсы.

2 каментарыя

«Патрэбна мінімум шэсць месяцаў (калі ты не поўны нуль у праграмаванні)» 

Юлія*, франтэнд-распрацоўшчыца, з лета працуе ў Andersen у Польшчы:

— Я была падпісана на тэлеграм-канал Andersen Trainee — там публікуюць інфармацыю пра тое, як кампанія набірае ў свае лабы. Так у чэрвені 2024 года я трапіла на курс Core JS — ад чатырох да шасці тыдняў, на англійскай мове.

Адбору на курс не было: раней я праходзіла навучанне на бясплатных курсах ад RS School, двойчы пачынала Stage 0 — на жаль, не даходзіла да канца, бо праца не дазваляла цалкам сфакусавацца на вучобе. Так што ўзровень у мяне быў даволі нізкі — а на курсе Core JS былі і больш дасведчаныя хлопцы і дзяўчаты.

Калі курс скончыўся, усім прапанавалі пайсці на наступны — Node JS, які доўжыцца шэсць тыдняў. Маё навучанне стартавала ў верасні 2024 года. 

У кастрычніку прайшла пробнае тэх-інтэрв’ю на англійскай у лабараторыю Andersen, а ў лістападзе стартавала навучанне як fullstack developer JS. Мы працавалі 5 дзён на тыдзень па 8 гадзін — усё, як на камерцыйным праекце, толькі распрацоўшчыкі — джуны. Гэта быў самы складаны перыяд: на працягу ўсіх чатырох месяцаў мы пастаянна праходзілі тэхсумоўі на англійскай, плюс вырашалі практычныя задачы, былі сазвоны, і гэтак далей.

Нарэшце праз чатыры месяцы ў лабе трэба было паспяхова здаць выніковае сумоўе па ўсёй тэорыі на англійскай і набраць бал вышэй за 75 са 100. Тады табе пачнуць шукаць рэальны праект (а ты рыхтуешся да новых сумоўяў). Мне пашанцавала трапіць у інтэрнатуру: два месяцы працавала на камерцыйным праекце — а затым перайшла на яго ж працаваць. Ужо з чэрвеня я ў штаце Andersen.

На жаль, не ўсім дасведчаным рабятам пасля лабы ўдалося трапіць на праект, але яны шукалі працу самі — і паспяхова ўладкоўваліся ў кампаніі і ў Беларусі, і ў Казахстане.

З майго досведу скажу: каб увайсці ў ІТ у 2025 годзе, патрэбна мінімум шэсць месяцаў (пры тым, што ты не поўны нуль у праграмаванні). Што па грошах: лабараторыя Andersen навучае бясплатна, але і тым, хто ў лабе навучаецца, таксама не плацяць. Калі я перайшла ў інтэрнатуру, стала атрымліваць сімвалічную зарплату па 563 злотых у месяц на рукі.

«У маі мае пошукі працы завяршыліся поспехам. А ў жніўні — яшчэ раз»

Марк*, тэсціроўшчык, з мая працуе на міжнародным праекце, у жніўні знайшоў яшчэ адзін:

— Пасля войска я працаваў на мясакамбінаце, і вырашыў паспрабаваць сябе ў ІТ. Тэставанне выбраў, бо з самага дзяцінства падабалася дакапвацца да дробязяў у гульнях, на сайтах і ў праграмах — я адпраўляў у тэхпадтрымку скрыны і відэа з праблемамі і часта атрымліваў лісты падзякі. 

Знайшоў трохмесячныя курсы і ў кастрычніку 2024 года пачаў вучыцца. Навучанне каштавала 3200 рублёў (на той момант $1000), калі мяне не падманвае памяць. Я плаціў па частках.

Далей было цяжэй: пачаўся пошук працы, пару бясплатных стажыровак (і на іх яшчэ паспрабуй патрапь — попыт немалы: адгукаецца 1-1,5 тысячы чалавек, а бяруць ад сілы 20) на месяцы паўтара, пасля якой хтосьці атрымліваў офер — але не я, і шмат адмоў.

Часцей за ўсё мне прыходзілі адмовы яшчэ на этапе водгуку — без якога-небудзь фідбэка, але думаю, таму што ў маім рэзюмэ не было чагосьці, што запраграмавана алгарытмамі. Адзін раз мне адмовілі пасля сумоўя з эйчарам, і яшчэ адзін раз — пасля тэхсумоўя, былі таксама адмовы пасля тэставых заданняў.

Увесь мой пошук заняў паўгода. За гэты час кантракт з мясакамбінатам скончыўся — і ў мяне не было ні сіл, ні жадання яго падаўжаць. Перабіваўся падпрацоўкамі, не грэбаваў у тым ліку і фізічнай працай, на фрыланс-біржах і падобных сайтах браў заданні. Варта сказаць, што ўвесь гэты час працягваў вывучаць тэставанне. А пакуль вучыўся на курсах, нават браў адгулы на працы, каб не прапускаць заняткі. Шмат меў зносінаў з выкладчыкам — і дагэтуль падтрымліваю сувязь.

У маі пошукі працы, нарэшце, завяршыліся поспехам. А ў жніўні — яшчэ раз: прапанавалі другі праект (і ён таксама міжнародны, на аддаленцы). Нядаўна знайшоў крытычны баг на сваім другім праекце — і дзякуючы гэтаму мяне паклікалі на трэці. Але дзеля справядлівасці варта сказаць, што з дзевяці чалавек у групе працу знайшлі пакуль двое ці трое. 

Ці складана працаваць — скажу так: сярэдне. Я стараюся рабіць больш, чым трэба, бо праекты цікавыя, — і гэта на карысць і мне, і кампаніям. Рады, што яшчэ засталіся кампаніі, якім цікава вырошчваць сваіх мідлоў з джуноў, а многія, на жаль, хочуць джуна адразу з хард скіламі і досведам працы мінімум год, толькі дзе яго ўзяць? А дзе патрабаванні меншыя — там не адбор, а «галодныя гульні» нейкія. 

«Зараз я ўпэўнены, што можна было б абысціся і без курсаў — толькі YouTube»

Ігар*, тэсціроўшчык, з сакавіка працуе ў ІТ-кампаніі ў Беларусі:

— Мой шлях у ІТ аказаўся доўгім, бо курсы тэсціроўшчыкаў я скончыў яшчэ ў 2021 годзе. За тры месяцы навучання я заплаціў 650 даляраў.

Чаму так атрымалася: мая бабуля захварэла, патрэбна была сядзелка — я ў гэты час шукаў працу пасля курсаў. Бацькі сказалі: «Вось і прыгледзіш за ёй. Часова». Потым яны вырашылі: «А ж айцішнікі працуюць на аддаленцы — ну, пашукай такую вакансію, і за бабуляй будзе каму даглядаць». Скажу шчыра: не, так не працуе — вы або сядзелка, або айцішнік. Я ператварыўся ў першую. Так, час ад часу праглядаў LinkedIn, але з кожным месяцам усё радзей, адгукацца баяўся, бо веды, якія я атрымаў на курсах, ужо амаль страціў.

Летам 2024 года бабуля пайшла. Я вырашыў, што час, нарэшце, знайсці працу. Даў сабе два месяцы на тое, каб аднавіць тэорыю. Я дастаў старыя канспекты, вучыўся па відэа з YouTube — у асноўным на канале Арцёма Русава і канале Сяргея Глівінскага. 

Потым убачыў пост у LinkedIn — адна дзяўчына хацела сабраць такіх жа як сама тэсціроўшчыкаў-джуноў, каб займацца разам, дзяліцца вакансіямі, разбіраць памылкі на сумоўях і ў тэставых заданнях. Набралася каля 10 чалавек у тэлеграм канале: мы кідалі карысныя спасылкі — хто што знайшоў, дзяліліся кейсамі і парадамі, вакансіі скідвалі, сумоўі абмяркоўвалі нячаста — большасць з нас атрымлівала адмовы яшчэ на этапе водгуку, гэта нармальна зараз.

А далей хтосьці з таварышаў скінуў «вялікую вакансію» — адна кампанія гатовая была ўзяць адразу шэсць джуноў. Мы ўзрадаваліся — падаліся ўсім натоўпам. У выніку гэта аказалася стажыроўка, я і яшчэ адзін хлопец з нашага канала прайшлі адбор. Стажыроўка доўжылася тры месяцы. Па яе выніках у каманду адабралі аднаго хлопца, але ён сказаў, што знайшоў іншую працу — ужо ёсць офер. Тады месца прапанавалі мне. А хлопец з нашага канала, з якім я стажыраваўся, знайшоў працу яшчэ праз месяц. 

Усяго пошук працы заняў у мяне паўгода (плюс тры месяцы стажыроўкі), а вучоба — тры месяцы першапачаткова плюс яшчэ шэсць праз пэўны час. І так, зараз я ўпэўнены, што можна было б абысціся і без курсаў — толькі YouTube.


* Імёны спікераў змененыя на іх просьбу.

Джуну реально найти работу в Беларуси? Посмотрели на вакансии и стажировки крупного аутсорса
По теме
Джуну реально найти работу в Беларуси? Посмотрели на вакансии и стажировки крупного аутсорса
«Больше никогда». Три истории, как бесплатные стажировки закончились плохо/ хорошо
По теме
«Больше никогда». Три истории, как бесплатные стажировки закончились плохо/ хорошо
Релокейт всё, джуны тоже (ну, почти). Каким ИТ пришло к 2025 — наш большой ресёрч
По теме
Релокейт всё, джуны тоже (ну, почти). Каким ИТ пришло к 2025 — наш большой ресёрч

Читать на dev.by