«Выжыць можна, толькі калі маўчаць»: як Маск арганізаваў чыстку ў xAI
У кампаніі працягваецца масавы адток супрацоўнікаў і сузаснавальнікаў, які кампанія афіцыйна тлумачыць «рэарганізацыяй» пасля зліцця з SpaceX. Аднак былыя працаўнікі кажуць пра больш сур’ёзныя прычыны звальненняў.
У кампаніі працягваецца масавы адток супрацоўнікаў і сузаснавальнікаў, які кампанія афіцыйна тлумачыць «рэарганізацыяй» пасля зліцця з SpaceX. Аднак былыя працаўнікі кажуць пра больш сур’ёзныя прычыны звальненняў.
За апошнія дні кампанію пакінулі сузаснавальнікі Тоні Ву і Джымі Ба, заявіўшы, што для іх «прыйшоў час наступнай главы» і «час пераналадзіць градыент на большую карціну». Аднак ананімныя крыніцы The Verge сцвярджаюць, што масавы адток звязаны не толькі са зліццём з SpaceX і рэструктурызацыяй.
Адзін з былых супрацоўнікаў, які пакінуў кампанію раней у гэтым годзе, распавёў, што ўнутры xAI нарастала расчараванне з-за прыярытэтаў кіраўніцтва. Па яго словах, каманда адчувала, што кампанія «захрасла ў фазе даганяльнага развіцця» і не прапануе нічога прынцыпова новага ў параўнанні з канкурэнтамі.
«Хоць мы вельмі хутка выпускалі абнаўленні, нам так і не ўдалося дайсці да моманту, калі можна было б сказаць: „Мы зрабілі якасны скачок у параўнанні з тым, што выпусцілі OpenAI ці Anthropic“», — сказаў ён.
Асаблівую крытыку выклікаў разварот Grok у бок сексуалізаванага кантэнту і скарачэнне працэсаў унутранай праверкі. «У xAI аддзел бяспекі фактычна мёртвы», — заявіла крыніца. Па яго словах, пасля звальненняў амаль не засталося паўнавартаснай сістэмы рэвью мадэляў, акрамя базавых фільтраў. У апублікаванай Маскам новай аргструктуры падраздзяленне бяспекі сапраўды не згадваецца.
Другі былы супрацоўнік пацвердзіў адчуванне, што кампанія дзейнічае рэактыўна. «Спрабаваць рабіць тое, што OpenAI рабіла год таму, — гэта не спосаб абагнаць OpenAI», — адзначыў ён. Па яго словах, унутры пазбягалі рызыкоўных эксперыментаў: «Калі нешта раней не рабілі, мы таксама не будзем гэтага рабіць».
Ён таксама апісаў стыль кіравання як цэнтралізаваны і жорсткі. Рашэнні аб рэлізах, па яго словах, часта прымаліся ў агульным чаце ў X з удзелам Маска, а інжынерныя каманды «адразу выкатвалі ўсё ў прадакшн» без працяглай чалавечай праверкі. «Выжыць можна толькі калі маўчаць і рабіць тое, што хоча Ілан», — сказаў ён.
Некаторыя супрацоўнікі сыходзяць не проста з-за нязгоды са стратэгіяй, а з жадання будаваць альтэрнатыўныя праекты. Былы інжынер кампаніі Вахід Каземі заявіў, што «усе ШІ-лабараторыі будуюць па сутнасці адно і тое ж, і гэта нудна», і абвясціў аб запуску новага стартапа. Іншыя экс-супрацоўнікі паведамілі аб стварэнні кампаній у галіне ШІ-інфраструктуры і навуковых аплікацый.
На фоне гэтых заяў Маск паведаміў, што частка звальненняў звязана з рэарганізацыяй, якая «на жаль, запатрабавала развітацца з некаторымі людзьмі». Пасля зліцця з SpaceX і X xAI будзе падзелена на чатыры напрамкі: Grok Main і Voice, Coding, Imagine і Macrohard — падраздзяленне, якое, па словах Маска, павінна займацца «поўнай лічбавай эмуляцыяй цэлых кампаній».
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.