«Застрэлься, Alexa». Падраздзяленне, якое калісьці лаяў Безас, прыносіць велізарныя страты Amazon
Галасавы памочнік Alexa калісьці быў праектам Amazon, які развіваўся хутчэй за ўсё. Падраздзяленне, куды асістэнт уваходзіць разам з шэрагам іншых распрацовак кампаніі, сёлета прынясе ёй $10 млрд страт, даведаўся Insider.
За першы квартал года аперацыйныя страты групы Worldwide Digital, куды ўваходзяць Alexa, смарт-калонкі Echo і стрымінгавы сэрвіс Prime Video, склалі $3 млрд. Больш за ўсё грошай «з’ела» Alexa і астатнія прылады.
Ідэя распрацоўкі Alexa належала фаўндару Amazon Джэфу Безасу, і ён прымаў актыўны ўдзел у стварэнні і прасоўванні праекта. Запуск адбыўся ў 2014 годзе.
Спачатку мільярдэр бываў незадаволены някемлівасцю асістэнта — аднойчы падчас тэставання ён прапанаваў Alexa «стрэліць сабе ў галаву» ад расчаравання. Каментар пазней пачулі распрацоўшчыкі, калі аналізавалі ўзаемадзеянні з асістэнтам — тады яны падумалі, што праект закрыюць. Сотні іншых супрацоўнікаў Amazon, якія выпрабоўвалі памочніка, таксама крытыкавалі якасць яго адказаў. Акрамя таго, асістэнт мае праблемы з прыватнасцю і бяспекай. Цяпер Alexa займае трэцяе месца па папулярнасці сярод галасавых асістэнтаў у ЗША, саступаючы Google Assistant і Siri ад Apple.
У 2018 годзе Alexa і Echo прынеслі Amazon страт амаль на $5 млрд. У тым годзе над гэтымі прадуктамі працавалі 10 тысяч супрацоўнікаў. Пры канцы 2019-га найманне ў падраздзяленне прыпынілі, а пры канцы 2020-га Безас больш не цікавіўся гэтымі распрацоўкамі.
Супрацоўнікі, якія займаліся Alexa, называюць праект «каласальным правалам» і «страчанай магчымасцю».
У гэтым месяцы Amazon правяла раўнд звальненняў. Як мяркуецца, мацней за ўсё яны закранулі менавіта каманду, якая працуе над Alexa.
Читать на dev.by