Зумеры аказаліся чэмпіёнамі па хлусні ў рэзюмэ
Паводле апытання career.io, амаль палова прадстаўнікоў пакалення Z (гэта людзі, народжаныя ў 1997–2012 гадах) прыхарошваюць свае рэзюмэ, каб падагнаць іх пад патрабаванні працадаўцаў. У гэтым прызналіся 47% апытаных зумераў — для параўнання, сярод міленіялаў такіх апынулася 38,5%, сярод пакалення Х — 20,4%, а сярод бумераў — 9,4%.
У асноўным зумеры хлусяць пра свае працоўныя абавязкі (28,38%), досвед працы (22,97%) і ў назвах сваіх пасад (17,57%). Прычым некаторыя скажаюць адразу некалькі рэчаў.
Кар’ерныя эксперты звязваюць няшчырасць маладых людзей з жаданнем стварыць добрае ўражанне — асабліва ў тым выпадку, калі досведу мала. Адчай прымушае іх перабольшваць навыкі, каб павысіць шанцы на працаўладкаванне ці хаця б на сумоўе.
Падкрэсліваецца, што маняць у рэзюмэ абсалютна ўсе пакаленні. Паводле слоў экспертаў, зумераў нельга вінаваціць за маладосць — лагічна, што ў іх менш досведу, чым у людзей, якія проста даўжэй жывуць на планеце. Акрамя таго, хлусня дэманструе хоць нейкі творчы падыход да пошуку працы. Варта адзначыць, што ў апытанні career.io рэспандэнты павінны былі самі прызнацца ў хлусні, гэта значыць хтосьці мог… схлусіць.
Эйчары кажуць, што сапраўдная праблема не ў тым, што людзі хлусяць у рэзюмэ, а ў сітуацыі на рынку працы і ў механізме найму, у якім заахвочваецца хлусня, а рэкрутэры госцяць саіскальнікаў пасля некалькіх раўндаў сумоўяў і бясплатных тэставых заданняў. Таму не дзіўна, што людзі ідуць на падман, каб прыцягнуць увагу. Тым больш што хлусіць у рэзюмэ фармальна не забаронена законам, а менеджары і так даволі прадузята ставяцца да зумераў, кажуць эксперты.
Читать на dev.by