«Linux па-беларуску»: 39 перакладаў праграм на беларускую на адной старонцы

Плюс адзін цікавы праект па тэхнічных перакладах — аматар беларушчыны запусціў сайт «Linux па-беларуску».

Там ён збірае спасылкі на самі пераклады (ад Telegram да duckduckgo), а таксама слоўнікі і сайты/праграмы, што дапамагаюць пісаць па-беларуску правільна. Пры гэтым ён не мовазнаўца і наогул працуе барменам у Італіі (што? так!).

Пагутарылі пра сам праект, а скончылі разважаннямі, ці ж гэта нармальна, калі аматары перакладаюць камп’ютарныя праграмы.

22 комментария

«Праграмы з закрытым кодам звычайна пасылаюць цябе куды падалей»

— Чаму сайт называецца менавіта «Linux па-беларуску», калі насамрэч там шмат іншых перакладаў? 

— Першапачаткова планавалася, што там будзе толькі Linux. Усё гэта пачалося з Mastodon — я прачытаў у вас на сайце пра беларускі сервер АйЦіБарады, зайшоў туды і ўбачыў плашку, маўляў, «вы можаце дапамагчы з перакладам».

А калі вы пачынаеце перакладаць, то ўжо не можаце спыніцца, гэта як наркотык. Так што спачатку я дапамог з перакладам Mastodon на iOS, а потым стаў глядзець, што б яшчэ перакласці. Пачаў шукаць праекты, якія мне цікавыя. Напрыклад, паўдзельнічаў у перакладзе Node.js, хаця цяпер яго ўжо архівавалі і беларускую адтуль прыбралі.

І паціху я пачаў весці канал з яшчэ адным чалавекам. Не буду называць ягонага імя, бо ён яшчэ ў Беларусі. Але ён займаецца перакладамі даволі даўно, цягам мінімум 10 гадоў, і рэдагуе маю працу. Пазначае памылкі, скідвае спасылкі на слоўнікі, каб я ведаў, як пісаць той ці іншы тэрмін правільна.

У мяне няма лінгвістычнай адукацыі, па дыпломе я эканаміст, а цяпер увогуле праз нашую сітуацыю ў Беларусі працую барменам у Італіі (бо тут барменам плацяць не горш,чым у айці). І ягоная дапамога вельмі слушная.

Літаральна нядаўна я вырашыў у дадатак да канала яшчэ зрабіць Notion-старонку. Цяпер там 39 праектаў — усё, што я знайшоў і што можна перакласці. Асабіста ў гэты момант я займаюся Tor Project, сайт быў нядаўна пераведзены ў рэліз.

У нас сабраныя open-source праграмы, таму што праграмы з закрытым кодам звычайна пасылаюць цябе куды падалей, калі ты хочаш нешта зрабіць. Так, у нас былі ініцыятывы наконт Discord, Twitch. Але колькі б людзей там не прагаласавала за дадаванне беларускай мовы, мы нічога не даб’ёмся. Пакуль у гэтым не зацікаўлены наш урад, на гэтым «нашыя паўнамоцтвы ўсё».

Напрыклад, прадукцыя Apple таксама не мела ўкраінскай мовы ў інтэрфейсе, але потым Зяленскі злётаў у Каліфорнію, пагутарыў з Цімам Кукам, і на здзіўленне ўсё з’явілася. Таму трэба, каб нехта з нашай улады падтрымаў гэтую ініцыятыву.

На сустрэчы з Цімам Кукам у верасні 2021-га Уладзімі Зяленскі сапраўды ў тым ліку абмяркоўваў украінскую мову для дамапожніка Siri (на той момант у Siri была толькі расійская).

Украінскую дадалі ў праграму Apple «Пераклад» у верасні 2023-га, але малаверагодна, што гэта было павязана з той самай сустрэчай з Цімам Кукам. Хутчэй за ўсё, проста дайшла чарга

«На мой погляд, перакладаць можа абсалютна кожны»

— Якімі рэсурсамі сучаснай камп’ютарнай тэрміналогіі вы карыстаецеся пры перакладах?

— Напрыклад, ёсць Termic.me — гэта добрая альтэрнатыва Microsoft Terminology Search.

Арыентуюся на тэрміналогію ад Microsoft, Samsung. Тут з галавы нічога прыдумаць не атрымаецца. У крайнім выпадку ёсць падобныя праекты. Напрыклад, тыдзень таму з’явілася ініцыятыва па праекце deck.blue, кліент Bluesky. Я паглядзеў, што там зусім мала, умоўна, 200 з нечым радкоў, і перавёў за вечар, выкарыстоўваючы тэрміналогію з Mastodon.

Калі гэта нейкі спецыфічны праект, то выкарыстоўваюцца іншыя, пабочныя сайты. На крайні выпадак у нас ёсць чацік. Ну і, канешне, мой знаёмы, пра якога я казаў, вельмі дапамагае.

— Атрымліваецца, у вас невялікі досвед у перакладах?

— Так, у мяне невялікі досвед у перакладах, умоўна, дзесьці крыху большы за паўгода. Але я вам так скажу — па-першае, усё прыходзіць з досведам, як і паўсюль. 

Самае жахлівае, што ў нас людзі баяцца пачынаць перакладаць, і я разумею чаму. У нас ёсць пэўная група, якая вельмі моцна асуджае, калі ў цябе няма лінгвістычнай адукацыі, а ты бярэшся за пераклады. Але, на мой погляд, перакладаць можа абсалютна кожны. Натуральна, гэта будзе не ідэальны пераклад. Але калі выкарыстоўваць слоўнікі, нават той жа сэрвіс LanguageTool, атрымаецца лепей. 

Чым больш людзей пачне перакладаць, тым лепш, а памылкі пасля будуць выпраўленыя. Напрыклад, нядаўна я заходзіў на сайт Fedora, і там было напісана не «беларуская», а «белорусский». Я гэта выправіў. То-бок вы можаце памыліцца, але потым прыйдзе чалавек, які выправіць.

— Ці не можа быць такога, што, калі тэхнічнымі перакладамі будуць займацца толькі аматары, памылкі замацуюцца як літаратурная норма?

— Малаверагодна, гледзячы пра якія праекты мы з вамі гаворым. Бо ёсць праекты вялікія, якія кантралююцца, дапусцім, як той жа пераклад Proton ці Ubuntu. Там дрэнны пераклад ніколі не пройдзе, бо я ведаю чалавека, які гэта ўсё правярае, і ён надае па шапцы, калі вы дапусціце памылку.

Калі ж мы гаворым пра іншыя праекты, то часта там няма ніякай групы людзей, у асноўным перакладаюць адзіночкі, і няма каму за імі ўсё гэта правяраць. Але не, памылковыя словы не замацуюцца. Тэрміналогія ўжо ёсць. Я знаю нашых, там будзе вельмі шмат незадаволеных, так што гэта будзе выпраўлена з цягам часу.

Калі людзі зразумеюць, што яны могуць працаваць без асуджэння з боку сваіх суграмадзян, праграмы будуць перакладацца хутчэй. Напрыклад, ёсць GitLab, і, на мяне, гэта самы вялікі праект з усіх паказаных, бо там каля 20 тысяч радкоў. І чым больш людзей ім зоймецца, тым хутчэй перакладаецца.

Я выступаю за тое, каб у людзей быў выбар. Каб яны заходзілі ў праграму, і там не было толькі рускай па змоўчанні. Каб, калі яны хочуць, маглі пераключыцца на беларускую.

Паступова людзі пераходзяць на беларускую мову, хаця яна ў нас пэўным чынам і прыгнятаецца. Так што найперш гэта робіцца для сябе. Я буду карыстацца праграмамі на беларускай, хтосьці яшчэ пяройдзе на беларускую. Калі кампанія дае магчымасць перакладу, то я ёй скажу «шчыры дзякуй». Бо не кожная яго [пераклад] надасць. У той жа Security Drops, напрыклад, вы дадаць беларускую мову не зможаце.

Як я ўжо казаў, без удзелу нашай дзяржавы мы ў плане такіх вялікіх і закрытых праектаў нічога не зробім.

— А што гэта за «Праекты GitHub», якія таксама прысутнічаюць на вашай старонцы?

— Я часцяком сяджу на нашым серверы Mastodon, і там вельмі часта мільгаюць праекцікі, якія ў асноўным рэпосціць АйЦіБарада. Гэта open-source праекты, за якімі цікава сачыць і якія можна неяк падтрымаць сваімі ведамі. 

Напрыклад, я чуў, што сайт праекта «Правільна!» будзе праходзіць рэдызайн. Можна з гэтым дапамагчы, калі ў вас ёсць магчымасць. Ну і ў прынцыпе праект сам па сабе цікавы. Калі вы жадаеце загаварыць правільна, ён дапаможа.

Бліц-апытканка:

— Праграма ці аплікацыя?

— Праграма.

— Карыстач ці карыстальнік?

— Карыстальнік.

— Спампавасць ці сцягнуць?

—  Спампаваць.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!)
По теме
Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!)
Энтузіясты перакладаюць Ubuntu на беларускую. Вы таксама можаце далучыцца
По теме
Энтузіясты перакладаюць Ubuntu на беларускую. Вы таксама можаце далучыцца
Bel_sky. Расказваем пра Bluesky ад Джэка Дорсі, куды беларусы сыходзяць з твітара
По теме
Bel_sky. Расказваем пра Bluesky ад Джэка Дорсі, куды беларусы сыходзяць з твітара
Сацсетка, куды сыходзяць з твітара. АйЦіБарада — пра Mastodon і яе беларускі сервер
По теме
Сацсетка, куды сыходзяць з твітара. АйЦіБарада — пра Mastodon і яе беларускі сервер




Читать на dev.by