5000+ айцiшных слоў па-беларуску выклалі ў вольны доступ. Карыстайцеся!
Распрацоўшчык і перакладчык Аляксандр Клюеў выклаў у агульны доступ беларускую ІТ-тэрміналогію. Сабралі некалькі цікавых альбо нестандартных прыкладаў.
«Вырашыў усё ж даць доступ да сваіх напрацовак. Тут загрэгавана ўсё, што было ў каманды Ubuntu, Telegram, асобныя адзінкі тэрмінаў з MS, Google і Samsung, а таксама мае напрацоўкі і дадатковыя тлумачэнні. Карыстайцеся!», — напісаў Аляксандр у твітары.
Знайсці поўны дакумент можна па спасылцы. Ён разбіты на некалькі катэгорый: арыгінал тэрміна на англійскай; прыклад перакладу на беларускую; як не трэба перакладаць; і заўвагі (напрыклад, з якой тэхналагічнай базы было ўзятае тое альбо іншае слова; таксама ёсць карысныя спасылкі). У базе 5000+ тэрмінаў і фраз.
Вось некалькі прыкладаў са спісу:
- accelerator/booster — паскаральнік;
- adjust — рэгуляваць; дапасаваць;
- app/application — праграма. А вось supplement — гэта дадатак;
- bar — панэль (яшчэ — палоска; паласа);
- bug — памылка, але bug fixes — выпраўленне хібнасцей;
- check box — птушка (tick таксама можа быць «птушка» альбо як «пазнака; пазначыць»);
- download — спампаваць, спампоўваць;
- developer — распрацоўшчык;
- digital citizenship — сеціўны этыкет;
- firewall — міжсеткавы экран;
- game — гульня; game activity гульнявая дзейнасць, а players — гульцы;
- hardware — апаратны; абсталяванне, апаратнае забеспячэнне;
- mouse wheel — колца мышы;
- network — сетка;
- provider — пастаўшчык; служба;
- roaming — роўмінг (менавіта праз ў);
- scales — вагі;
- tag — цэтлік (ключавое слова) альбо тэг (элемент разметкі);
- tilt — нахіл; нахіліць;
- uploader — запампавальнік, запампоўшчык; загрузчык. А uploading — запампоўванне
- user — карыстальнік
А вось, напрыклад, Twitter так і будзе Twitter, бо згодна з базай Samsung гэта «гандлёвая марка, не мае зарэгістраванага адпаведніку на беларускай».
Аляксандр Клюеў апісвае сябе як беларускага палітычнага актывіста, сакратара «ЗБС — Задзіночання беларускіх студэнтаў», Golang back-end распрацоўшчыка і перакладчыка. Апошнія гады ён займаецца на грамадскіх пачатках перакладам шэрагу праграм на беларускую (у прыватнасці, Telegram, Psiphon, Ubuntu, Typora і Anki). Кажа, што пачаў рабіць гэта, каб «развіваць сваю мову», бо цяпер з тэрміналогіяй на беларускай — вялікія праблемы.
Прачытаць нашае інтэрв’ю з Аляксандрам можна тут.
Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by