«Каб не забывалiся, хто яны ёсць». Як айцiшнiкi навучаюць дзяцей па-беларуску
Папрасiлi айцiшнiкаў, якiя навучаюць сваiх дзяцей па-беларуску, расказаць пра гэта — i сабралi 9 такiх гiсторый: з Польшчы, Лiтвы i нават Швецыi i ЗША.
«Шэсць чалавек — індывідуальны падыход. Але больш ніхто ў наш клас пераходзіць не хоча»
- лакацыя: Беларусь, Заслаўе
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і ў беларускім класе
— Мы пачалі размаўляць у сям’і па-беларуску, калі яшчэ не было сям’і. Калі я зразумеў, што хачу пражыць з гэтай дзяўчынай усё жыццё разам, то ў галаве адразу паўстала пытанне: на якой мове будзем размаўляць мы і нашы дзеці? Давялося, вядома, крыху паўгаворваць, але цяпер мая жонка часам шчыруе больш за мяне ў пытаннях мовы.
Вельмі шкада бачыць, як многія бацькі, якія налева і направа пазіцыянуюць сябе самымі шчырымі беларусамі, гадуюць сваіх дзяцей па-руску. Пройдзе адно пакаленне — і ад вашай беларускасці не застанецца і следу.
У нас чацвёра дзетак, але цяпер самыя малодшыя ў садок не ходзяць — у нас і так дома свой садок. Мы цяпер жывем у Заслаўі, і адшукаць беларускую адукацыю ў адным з самых старажытных гарадоў Беларусі — задача нерэальная. Калі жылі ў Мінску, было нашмат прасцей. Так, садкі каля дома былі рускамоўнымі, але калі патраціць крыху часу на дарогу, можна адшукаць і беларускія садкі, і школы.
А вось у Заслаўі пакуль нам толькі ўдалося дабіцца адкрыцця аднаго беларускага класа. На жаль, наша пачынанне так і засталося ўнікальным — у наступныя гады жадання адкрыць яшчэ адзін першы беларускі клас не знайшлося ні ў бацькоў, ані ў чыноўнікаў. Так і вучацца шэсць дзетак у адзіным беларускім класе на ўвесь горад.
Здавалася б, шэсць чалавек — гэта практычна індывідуальны падыход, як у найлепшых прыватных школах, на роднай мове ды яшчэ і на фоне астатніх перапоўненых класаў. Але не, больш ніхто ў наш клас пераходзіць не хоча.
Наконт будучыні мовы і беларускай адукацыі я пакуль маю не надта аптымістычныя прагнозы. Але хто ведае — у любы момант сітуацыя раптам можа пачаць мяняцца ў лепшы бок, таму не ўсё яшчэ страчана.
«Гадаванне ў мультылінгвальным асяроддзі спрыяе шматбаковаму развіццю»
- лакацыя: Літва, Вільня
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і ў беларускамоўнай школцы выходнага дня
— У мяне чацвёра дзяцей, я з імі размаўляю пераважна па-беларуску, але часам яшчэ і па-англійску, бо ў Вільнi, дзе мы жывем ад 2020 года, у школах заняткі на англійскай мове. Менавіта так раблю ад моманту нараджэння першага сына, яшчэ ў 2006 годзе.
Тут у Літве дзецi часам наведваюць беларускамоўную школку выходнага дня, якая ладзіцца ў Беларускім Доме на Віленскай, 20. Там створана добрае асяроддзе.
У Беларусі старэйшы сын хадзіў у беларускамоўную гімназію нумар 4. Але расчараванне ад дзяржаўнай сістэмы адукацыі падштурхнула нас у бок стварэння сваёй прасторы для нефармальнай адукацыі. І ад 2019 года з’явілася суполка бацькоў, пераважна айцішнікаў, якія цікавяцца беларускай мовай i стварылі прыватны дзіцячы садок. Мы ладзiлi там майстар-класы i заняткі-развівашкі як для тапункоў, так і для старэйшых дзетак, разам святкавалi святы і гэтак далей.
Пакуль мы не з’ехалі з Беларусі, нашыя малодшыя дзеці менавіта там і атрымлiвалі сваю дашкольную адукацыю.
Першыя паўгода ў Вiльнi сын навучаўся ў гiмназii iмя Францыска Скарыны. У параўнанні з беларускімі дзяржаўнымі школамі, гэтая, вядома, пакідае значна лепшае ўражанне, але «беларускасць» там не ў той ступені, як нам бы таго хацелася. Таму мы вырашылі вучыць беларускую мову самастойна: чытаць казкі, слухаць Маляваныча на ютубе, — а школы выбралі прыватныя. I праз 2 гады тут малодшыя ўжо з лёгкасцю размаўляюць па-англійску.
«Гэта бяспечна: ніхто тут не паставіць сям’ю на ўлік праз беларускую мову»
- лакацыя: Польшча, Беласток
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і
— Мы выхоўваем сваю маленькую дачку па-беларуску. Тут, у Беластоку, гэта бяспечна: ніхто не паставіць сям’ю на ўлік праз тое, што ў дзіцяці родная мова — беларуская. Лiчым, што асноўнае — асабісты прыклад, а школа і вуліца навучаць польскай, англійскай ды рускай.
Для гурткоў дачка яшчэ малая. Але ж у Польшчы можна знайсці беларускія кніжкі, а ў сеціве — беларускія мульцікі. Улюбёны мульцiк у дачкi — «Свінка Пэпа», таксама яна любiць кніжкі з серыі «Хвілінкі-цікавосткі». Нам ix падарылі сябры з Беларусі, але такія можна купіць на Alegro.pl.
«Усе размаўляюць па-беларуску, ад прыбіральшчыцы да дырэктаркі»
- лакацыя: Літва, Вільня
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і ў беларускай гімназіі iмя Францыска Скарыны
— Я айцішнік, цяпер жыву ў Вільні. Дачка вучыцца ў беларускай гімназіі iмя Скарыны. Гэта цудоўная школа, навучанне ў якой вядзецца на беларускай мове.
Да 2020 года мы не размаўлялі ў сям’i па-беларуску, а цяпер — 50/50. Дачцэ 10 гадоў, яна вучыцца ў чацвёртым класе. Дагэтуль два гады вучылася ў Мінску ў гімназіі — яна быццам таксама беларуская, але ад гімназіі адна толькі назва. Настаўніца на перапынках пераходзіла на рускую мову, таму і занурэнне было не паўнавартасным.
Дачка любiць мову, шмат чытае па-беларуску, вывучае гісторыю Беларусі. Кнiгi на мове мы шукаем па крамах у Вiльнi i ў Варшаве, а бабулi купляюць у Мінску i перадаюць нам.
«Навошта вучыць па-беларуску: каб не забывалiся, хто яны ёсць — беларусы»
- лакацыя: Грузія, Батумі
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і часткова ў анлайн-школе
— Я сам размаўляю на беларускай мове ўжо 9 гадоў, з дзецьмi — а ў мяне сын-падлетак і дзяўчынка-немаўля — таксама.
Мы ў Грузіі, сын вучыцца анлайн. Тут ёсць пэўныя цяжкасці, звязаныя з абмежаванай колькасцю беларускамоўных школ — як анлайн, так і афлайн, а таксама асяроддзем — яно амаль усё рускамоўнае. Таму, на жаль, i дзiця часта выбiрае кантэнт на рускай мове. Так, ён глядзiць мульты або кiно па-беларуску, але калi будзе выбар, ён аддасць перавагу рускай мове.
Пакуль мы жылi ў Беларусi, сын навучаўся спачатку па-руску, потым цалкам па-беларуску. Ну, а цяпер у яго змешанае навучанне — i на беларускай мове, i на ўкраінскай, i на рускай. Як так атрымалася? Наша анлайн-школа ўкраінская, але ў ёй ёсць дадатковыя заняткі для беларусаў на беларускай мове, а таксама некаторыя па-руску.
Навошта навучаць сваiх дзяцей па-беларуску — для мяне гэта вiдавочна: каб не забывалiся, хто яны ёсць — беларусы.
«Матэматычныя тэрміны і тэмы па мясцовым прадмеце Science я дублюю па-беларуску»
- лакацыя: ЗША
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і ў анлайн-школцы раз на тыдзень
— Мы пераехалі ў ЗША ўзімку 2022 года, да вайны. Абое працуем у IT. Дзяцей двое — дачцэ 10 гадоў, сыну 7 гадоў. На момант пераезду дачка вучылася ў 3-м класе, а малы хадзіў у сад і рыхтаваўся да школы. Абое ходзяць тут у мясцовую школу.
Вывучэнне «як у школе» беларускай мовы атрымалася арганізаваць ад верасня 2022 года. Заняткі праходзяць у Беларускай школе ў Варшаве (кіраўнік Алесь Лозка). Для малодшага заняткі праходзяць анлайн раз на тыдзень у суботы. Дзецi вывучаюць літары, вершы, беларускую лексіку. Даецца хатняе заданне — пропісі, малюнкі, гульні на замацаванне лексікі, вершы на памяць.
Для дачкі, якая цяпер у 4 класе, з заняткамі атрымалася складаней. Яе група займаецца ў будзень, калі ў Амерыцы сярэдзіна дня і дзеці ў школе. Настаўніца і бацькі вучняў пайшлі насустрач нам, і лекцыя запісваецца. Патрапіць на занятак з групай атрымалася ад верасня толькі два разы — калі дачка хварэла і заставалася дома.
Задаюцца практыкаванні, вершы на памяць, на канікулы — пазакласнае чытанне. Таксама ёсць элементы гісторыі Беларусі. Гісторыі і літаратуры не хапае, але рэсурсы школы абмежаваныя.
Мы з сабой прывезлі шмат вучэбных дапаможнікаў, сшыткі, кнігi. Матэматычныя тэрміны і тэмы па мясцовым прадмеце Science, якія праходзяць у амерыканскай школе, я перакладаю на беларускую і рускую мову дома. Гэта вельмі цяжка, шчыра кажучы, бо трэба заўсёды трымаць руку на пульсе і заходзіць час і сілы. Беларускія падручнікі дзеці чытаюць у электронным выглядзе.
«Замест «размаўляем на мове» трэба казаць «размаўляем на роднай мове»
- лакацыя: Літва, Вільня
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і ў беларускіх гуртках
— Размаўляю са сваёй дачкой на роднай мове. Мы прывезлі з Беларусі ў эміграцыю дзіцячыя кнігi на роднай мове, глядзiм мульцікі на ёй. Я лічу, замест «мы размаўляем на мове» трэба казаць «мы размаўляем на роднай».
Мы цалкам перайшлi на беларускую мову два гады таму. Дачцэ цяпер 5 гадоў. Яна ходзiць у садок, якi працуе на літоўскай мове, а таксама некалькі разоў на тыдзень наведвае беларускiя гурткi — займаецца маляўнічым i тэатральным мастацтвам, вывучае родную мову. Як мы даведалiся пра ix — у Вiльнi яны на слуху, мне здаецца, ва ўсіх бацькоў, нават шукаць не трэба было.
Таксама ж мы чытаем кнiгi па-беларуску — «Пэтсан i Фіндус», «Гары Потэр», «Мама Му» і iншыя, глядзiм мульцікі — усё, што ёсць на каналах «Гаварун» ды Baybus, ну і Маляваныча, зразумела.
«Калі тры вучня жадаюць вывучаць родную мову, Швецыя прапануе такую мажлівасць»
- лакацыя: Швецыя
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і
— Мы — маладая сям’я айцішнікаў. Ад 2020 году жывем у Швецыі. З жонкай ужо некалькі гадоў размаўляем выключна па-беларуску. Гадуем чатырохмесячную Паўлінку. Пакуль няшмат што можам расказаць наконт выхавання — апроч таго, што калыханкі і казкі слухаем на беларускай мове.
Летась народная амбасада Беларусі ў Швецыі рабіла апытанку сярод мігрантаў — ці жадаеце, каб вашы дзеці мелі мажлівасць вывучаць беларускую мову ў шведскіх навучальных установах. Пра яе вынікі яшчэ пакуль нічога не ведаем.
Але нам яшчэ няхутка ў школку, ды важней каб у сям’і гучала мова. На будучыню я набываю для Паўлінкі кнігі па гісторыі Беларусі і мастацкую літаратуру. Спадзяюся, яе гэтыя кнігі зацікавяць, калі вырасце. Цяпер мы ў асноўным глядзім ютуб-канал «Гаварун», а таксама слухаем беларускiя калыханкі і песенькі, i казкі ў мабільнай праграме.
«У Батумi добрая беларуская дыяспара, у школах ёсць гурткі, i ў адным з іх — беларуская мова»
- лакацыя: Грузія, Батумі
- навучанне дзяцей па-беларуску: у сям’і і ў беларускім гуртку ў школе
— Дома мы размаўляем на беларускай мове — ад самага нараджэння дзяцей, якiя цяпер навучаюцца ў 2 i 4 класах, — у тым ліку абмяркоўваем з iмi дамашку па-беларуску. А ў школе (ад сакавiка 2022 года мы жывем Батумі) дзеці вучацца з усяго СНД — таму там навучанне вядзецца па-руску, i ёсць толькі беларускі гурток.
Тут у Батумi вельмi добрая беларуская дыяспара, у школах ёсць гурткі, i ў адным з іх — беларуская мова. У нас два такiя гурткі: адзiн для 2-4 класаў, а другi — для 5-6, вядуць ix гісторык і настаўніца беларускай мовы. Ходзіць прыкладна чалавек 5.
Калi мы жылi ў Беларусi, старэйшая дачка спачатку вучылася ў беларускамоўнай гімназіі, але мы расчараваліся ў якасці навучання там: часам дачка ведала мову лепш, ніж настаўніца. Мы пайшлі ў кааперацыю — гэта калi бацькі скідваюцца на навучанне і наймаюць настаўніка (або такая суполка ёсць ужо), а дзіця вучыцца па індывідуальным плане.
Читать на dev.by