Apple, Microsoft, SpaceX сталі губляць сеньёраў пасля ўвядзення RTO
Патрабаванне аб абавязковым наведванні офіса супрацоўнікамі (return-to-office mandate) неўзабаве справакавала ўзмоцнены адток спецыялістаў старшага ўзроўню, якіх складаней за ўсё замяніць, у шэрагу буйных тэхналагічных кампаній. Пра гэта піша Washington Post са спасылкай на даклад даследчыкаў Чыкагскага і Мічыганскага ўніверсітэтаў.
Уплыў RTO-палітык на тэрмін знаходжання супрацоўнікаў на пасадзе і іх міграцыю паміж кампаніямі навукоўцы разглядалі на аснове даных рэзюмэ фірмы People Data Labs. Яны выявілі моцную сувязь паміж звальненнем сеньёраў і ўвядзеннем такой меры. У прыватнасці, кадры старшага ўзроўню заставаліся ў кампаніях на некалькі месяцаў менш, чым маглі б у выпадку яе адсутнасці. Прычым у многіх выпадках таленты сыходзілі да прамых канкурэнта[сваіх былых працадаўцаў.
У Microsoft доля старшых супрацоўнікаў у агульным штаце знізілася больш чым на 5 п. п. пасля ўвядзення RTO. У Apple падзенне склала 4 п. п., а ў SpaceX — адзіным з трох тэхнагігантаў, дзе людзей прымушаюць быць на месцы заўсёды, — 15 п. п.
Падобныя палітыкі падштурхоўваюць вопытных супрацоўнікаў буйных ІТ-кампаній да пошуку працы ў іншым месцы, а гэта азначае адток найбольш каштоўнага і прадукцыйнага персаналу, адзначаюць даследчыкі. Таму кампаніі маюць улічваць пажаданні супрацоўнікаў і наяўныя на рынку магчымасці, перш чым уводзіць RTO-палітыку.
Якраз у ІТ-індустрыі разгарэліся ці не самыя гарачыя дэбаты з нагоды вяртання ў офіс. На такіх цяжкавагавікоў галіны, як Microsoft, Apple і SpaceX, у суме прыпадае больш за 2% усіх яе супрацоўнікаў і 30% выручкі. Іх падыходы правакуюць яшчэ шырэйшае абмеркаванне тэмы, а RTO яны ўвялі аднымі з першых сярод бігтэхаў яшчэ ў 2022 годзе. Гэта дазволіла даследчыкам размежаваць наступствы такой палітыкі і масавых звальненняў, якія захліснулі ІТ-сферу летась. Пры гэтым аўтары працы прызнаюць, што карпаратыўныя культуры і падыходы да RTO ў трох кампаній моцна адрозніваюцца.
У Microsoft артыкул Washington Post абверглі — маўляў, падлікі даследчыкаў не маюць анічога агульнага з унутранымі лічбамі кампаніі, асабліва датычна адтоку сеньёраў, і наогул абзываць яе гібрыдны графік патрабаваннем вярнуцца ў офіс «некарэктна». У Apple таксама раскрытыкавалі «некарэктныя высновы» аналітыкаў, бо яны «не адлюстроўваюць рэалій яе бізнэсу». SpaceX запыт наконт каментара праігнаравала.
RTO-палітыкі каштуюць кампаніям больш, чым чакалася, падкрэсліваюць даследнікі. Пры гэтым фактаў і лічбаў у пацверджанне таго, што RTO прыводзіць да павышэння прадукцыйнасці, гендырэктары і кампаніі, якія топяць за офіс, пакуль так і не далі.
Читать на dev.by