З 30 прыватных школ да працы, падобна, вярнуліся 3. Як маюцца дзеці з астатніх
Аднак у другой чвэрці з 30 школ адкрыліся ўсяго 3.
Цытата з тэксту «Спутніка» (лістапад 2022, свяжэйшай інфармацыі няма)
«У краіне з 30 прыватных школ працягнуць прымаць і навучаць дзяцей усяго некалькі ўстаноў. Ад другой чвэрці ўжо адкрыліся «Эка Эл», «Елісеевы палі» і «Альтэрнатыва».
Мы спыталіся ў сваіх чытачоў, як яны маюцца. Усе, хто нам напісаў, кажуць, што іх дзеці па-ранейшаму ў дзяржшколах і мараць вярнуцца ў прыватныя.
«Менш хвалюе развіццё, больш — праграма і справаздачнасць»
Адзін з чытачоў яшчэ ў лістападзе расказваў, як адаптавалася ў дзяржшколе яго дачка. Дзяўчынцы 12 гадоў, яна ў шостым класе. У прыватнай школе вучылася нядоўга — адную чвэрць у пятым класе і яшчэ месяц ад пачатку гэтага навучальнага года. Пераход не стаўся для дзяўчынкі трагедыяй, але яна хацела б вярнуцца ў прыватную школу.
— Дачка кажа, у гэтай школе ёй і пагаварыць няма з кім, — як і дзецям маіх сяброў. У яе знікла матывацыя вучыцца, зноў трэба рабіць урокі з ёй разам. А ў прыватнай школе ёй падабалася заставацца на прадоўжаны дзень і рабіць хатняе самастойна — разам з іншымі вучнямі.
Як яны маюцца цяпер, калі мінула 1,5 навучальнай чвэрці, айцішнік апісаў так:
— Дачка асвоілася, знайшла новых сяброў. Паводле адзнак складана судзіць, ці змянілася штосьці — мы ў цэлым не лічым іх за мерку. Але так, трохі праселі: настаўнікаў менш хвалюе развіццё і камфорт дзяцей, а значна больш — школьная праграма і справаздачнасць (як звычайна ў дзяржшколах). З пераваг — школа размешчаная блізка да дому, не трэба вазіць дзіця ў гадзіну пік.
Ходзяць чуткі, што ў верасні школу, магчыма, адкрыюць. Ці вернемся мы — яшчэ не вырашылі, не хочацца туды-сюды тасаваць дзіця, але ўсё будзе залежаць ад жаданняў дачкі.
«Трэба на некалькі месяцаў адляцець — школа настойвае на адлічэнні»
А вось яшчэ адзін водгук. Чытач робіць абмоўку, што яму давялося перавесці сына ў прыватную школу: калі ў дзяржшколе даведаліся, што сям'і трэба з’ехаць з Беларусі на некалькі месяцаў, — дзіця проста адлічылі, выдаўшы дакументы бацькам хлопчыка.
— На пачатку навучальнага года прыватную школу ліквідавалі. Мы вымушаныя былі спешна вярнуцца ў дзяржшколу. На хвалі ажыятажу адміністрацыя раздавала прыгожыя абяцанні: «увойдзем у становішча», «аформім індывідуальны план». Але як шум пацішэў, індывідуальны план без дакладнага абгрунтавання і ў парушэнне пастановы мінадукацыі № 322 спынілі.
Канструктыўнага дыялогу з адміністрацыяй не атрымалася: дырэктар размаўляе на павышаных тонах, раённае ўпраўленне і камітэт па адукацыі на вусныя звароты даюць няўцямныя адказы і ніяк не садзейнічаюць. Мы напісалі пісьмовы зварот у школу, чакаем адказ.
Нам трэба на некалькі месяцаў адляцець з Беларусі — і школа зноў настойвае на адлічэнні. Арганізаваць навучанне па месцы часовага знаходжання немагчыма. Мы з мужам з’яўляемся падатковымі рэзідэнтамі Беларусі, дзіця —грамадзянін Беларусі, права якога на атрыманне адукацыі парушаецца грубым чынам. Але ўся сістэма адмахваецца ад нас. Мы чуем агульныя фразы, кожны, каго мы сустракаем, баіцца: «раптам вы да атэстацыі не вернецеся, што тады рабіць», — і перастрахоўваецца.
Што яшчэ не задавальняе бацькоў:
- праз памылкі ў афармленні работ пакутуюць адзнакі: нярэдка чуеш ад сына, што «была б 7, але так як афармленне няправільнае — 5»;
- а яшчэ праз тое, што дзіця не разумее патрабаванняў да выканання таго ці іншага задання, а таксама праз страх задаць пытанне выкладчыку;
- шмат чалавек у класе, матэрыял засвойваць складана, а кантроль, як правіла, у пісьмовай форме — сын стрэсуе, не развіваюцца яго камунікацыйныя навыкі;
- непразрыстая сістэма ацэньвання ведаў;
- калі сын быў на індывідуальным плане, ён навучаўся анлайн у прыватным цэнтры — у дапамогу яму давалі шмат візуальных матэрыялаў, якія спрыяюць засваенню матэрыялу. Цяпер адчуваецца іх недахоп. Матэрыял выкладаецца складана і фармальна, настаўнік не можа атрымаць зваротную сувязь ад кожнага вучня ў працэсе выкладання, бо дзяцей вельмі шмат;
- з настаўнікам складана камунікаваць, праблемна паглядзець кантрольныя работы, ад выкладчыкаў-прадметнікаў няма зваротнай сувязі.
Наш чытач дадаў, што іх сын «з надзеяй пытаецца, ці зможа ён вярнуцца да заняткаў у прыватным цэнтры і вяртацца ў школу толькі для атэстацыі».
«Не да індывідуальнага падыходу — настаўніцы хоць бы падцягнуць слабых»
Сын ІТ-спецыялісткі вучыўся ў прыватнай школе ў першым класе — і яму «вельмі падабалася».
— У школу дзіця хадзіла з задавальненнем. Яно знаходзілася там увесь дзень: зранку — урокі, у другой палове — прадоўжаны дзень (дзеці гулялі на свежым паветры, выконвалі хатнія заданні, размаўлялі з сябрамі, наведвалі развіццёвыя гурткі).
У прыватнай школе было вельмі добрае харчаванне: па-першае, ежа была вельмі смачная (чытаючы меню, я аж зайздросціла), а па-другое, збалансаванае і натуральнае. Шчыра — сама б з задавальненнем так харчавалася! У дзяржшколе такога няма нават блізка: катлеты і сасіскі «брыдотнага смаку», як кажа дзіця, ядомы толькі гарнір. Толькі днямі, калі даюць запяканку з тварагу, сын не застаецца галодным.
Педагогі ў прыватнай школе таксама былі вышэйшыя за ўсякія пахвалы. Заўважыўшы ў дзіцяці здольнасці да чагосьці, настаўніца індывідуальна давала яму складанейшыя заданні, каб не сумаваў і не «таптаўся» на адным узроўні. Да таго ж у прыватнай школе настаўнікі дадавалі розных актыўнасцей — відавочна не з праграмы Мінадукацыі, але яны выклікалі захапленне ў дзяцей і развівалі любоў да вучобы. На жаль, у дзяржшколе настаўніцы не да індывідуальнага падыходу — у класе 30 чалавек, і ёй бы хоць падцягнуць слабых да нейкага прымальнага ўзроўню.
Маці адзначае, што дзіця нармальна адаптавалася, але «сяброў не завяло». На ўроках яму сумна, у школу хлопчык ходзіць неахвотна.
— Ён вельмі сумуе за сябрамі са старой школы. Часам бачыцца з імі, але гэта зусім не тое, што кожнага дня разам тусавацца. Ды і ў той школе ў другой палове дня былі ўсякія дзеі, у якіх брала ўдзел уся школа, — дзецям гэта вельмі падабалася. Дзіця сябравала з хлопцамі з розных класаў, не толькі са свайго. Там у іх было сваё асяроддзе.
На пытанне наконт планаў чытачка адказвае, што хоча аддаць дзяцей у прыватную школу ў іншай краіне.
«Агітуюць уступаць у піянеры, кажуць, гэта звязана з любоўю да радзімы»
А вось аповед айцішніцы, чыё дзіця ад сакавіка 2022 года вучылася ў школе «Стэмбрыдж» паводле індывідуальнага плана — анлайн.
— Мы планавалі працягнуць яго навучанне тамсама і ў гэтым навучальным годзе, але па вяртанні з Грузіі даведаліся, што прыватныя школы закрываюць. Гэта, на жаль, моцна парушыла нашыя планы.
Было ўсё так: у пятніцу школы закрылі, а ўжо ў суботу да нас прыйшлі з дзяржшколы з заявамі: маўляў, калі дзіця не будзе аддадзенае ў школу, мы будзем мець справу з органамі апекі.
Якасць навучання ў прыватных школах, вядома, на парадак вышэйшая. Настаўнікі ў іх прышчапляюць любоў да вучобы, тлумачаць і падаюць інфармацыю цікава. А ў дзяржшколах — як звычайна: «маўчы і слухай!»
Адзнакі ў дзіцяці стабільна добрыя, але жадання хадзіць у школу прыкметна менш. Я бачу, што яго новыя настаўнікі перакананыя: усе дзеці мусяць усё рабіць аднолькава, індывідуальны падыход — хоць які — у дзяржшколе адсутны.
Англійскую выкладаюць вельмі слаба. Куды менш настаўнікаў размаўляе па-беларуску.
Што яшчэ кінулася ў вочы: у прыватнай школе на ўроках мастацтва дзяцей ужо знаёмілі з вялікімі мастакамі, а ў дзяржаўнай — «малюем сям’ю, прыдумляем казку…» І гэта ў 5-м класе. А яшчэ класная гадзіна: у прыватнай школе яе праводзілі ў фармаце рэфлексіі — размаўлялі пра сяброўства, дапамогу, эмоцыі і як імі кіраваць. А ў новай школе на гэтых занятках агітуюць уступаць у піянеры і кажуць, што гэта непарыўна звязана з любоўю да радзімы.
Читать на dev.by