10 гісторый, як «валяць» айцішнікаў на тэхнічных інтэрв'ю
Рэкруцёр задаўся пытаннем, чаму на тэхсумоўях «нават нармальныя людзі звярэюць» — ды таму, што інтэрв’юер ператварае сумоўе ў страшны экзамен або «спаборніцтва» з кандыдатам. Мы сабралі 10+ гісторый пра тое, як айцішнікі сутыкаліся з «душніламі» на інтэрв’ю.
Меркаванне топікстартара: «інтэрв’юеры пачуваюцца Гэндальфамі, што стрымліваюць цемру»
Топікстартар вырашыў, што аўдыторыі будзе больш зразумела, калі ён прывядзе прыклады.
— Гісторыя першая: сумоўе прайшло выдатна, кандыдат быў упэўнены ў сваіх сілах, таму супрацоўнік кампаніі закідваў яго новымі і новымі пытаннямі. Здавалася, усё складваецца выдатна… але толькі здавалася. Пазней, калі кандыдату прапанавалі працу, ён адказаў адмовай і паскардзіўся, што тон сумоўя быў занадта агрэсіўным.
Гісторыя другая: кандыдат добра спраўляўся, пакуль не дапусціў нязначную памылку ў такой драбязе, што на гэта спакойна можна было заплюшчыць вочы. Але інтэрв’юеры ўчапіліся за гэтую памылку, у іх стаўленні да кандыдата з’явілася ледзь улоўная варожасць. Ад гэтага моманту ўсё пайшло пад адхон.
Гісторыя трэцяя: адказны за сумоўі запрасіў двух таленавітых праграмістаў сабе ў падмогу. Неўзабаве сумоўе ператварылася ў віктарыну на тэму, з якой праграмісты працавалі таго дня. Адказны сядзеў і думаў: аджа вы, вядома, усё гэта знаеце, яно ж пяць хвілін таму было ў вас перад вачыма. Але яны так і працягвалі задаваць адвольныя пытанні з вузкай вобласці, пакуль кандыдат зусім не зажурыўся. Пры канцы сумоўя адказны ўсвядоміў, што і сам бы заваліў — ён не знаў і паловы адказаў.
Чаму так адбываецца: на думку аўтара паста, таму ёсць тры прычыны.
- Людзі не задумваюцца (і не адчуваюць), якое ўражанне робяць на іншых.
- У іх мала досведу правядзення сумоўяў, таму яны не прадумваюць працэсу загадзя, а проста дзейнічаюць з натхнення.
- Ім папросту напляваць: «на ім свет не зачыніўся», «а мне што якое», «трэба ж трымаць планку» і гэтак далей.
Рэкруцёр мяркуе, што некаторыя тэхнічныя спяцы «пачуваюцца Гэндальфамі, што стрымліваюць цемру» — таму барыкадуюцца ад кандыдатаў пытаннямі і заданнямі падвышанай складанасці. Якія варыянты рашэння праблемы, на думку топікстартара:
- Паспрабуйце трымаць у галаве, што кандыдат моцна нервуецца і, верагодна, не паказвае і паловы здольнасцей, якімі валодае ў спакойным стане.
- Вашая справа не граць ролю Гэндальфа, перашкоды, якая не дазваляе дрэнным праграмістам знішчыць індустрыю. Вашая справа — знайсці найбольш прыдатнага кандыдата на пасаду.
- Старайцеся задаваць рэалістычныя пытанні — то-бок адпаведныя апісанню абавязкаў. Не паглыбляйцеся ў прыватнасці, не чакайце, што кандыдат будзе знаць тую ці іншую бібліятэку як свае пяць пальцаў.
- Загадзя вырашыце, якія пытанні будзеце задаваць.
Супольнасць у каментарах згаджаецца: рэкруцёр пералічыў усё, што і яны самі маглі б сказаць з гэтай нагоды. А яшчэ «нават бог у сваёй галіне зможа прайсці ~30% сумоўяў», таму варта захоўваць спакой і працягваць шукаць працу.
«Нізавошта не хачу з ім працаваць». 10+ гісторый пра «душныя» сумоўі:
Мы кінулі кліч сярод чытачоў і сабралі 10+ гісторый пра такія сумоўі. Выбралі ключавыя цытаты.
— Падчас інтэрв’ю мяне не пакідала адчуванне, быццам адзінае, што хоча паказаць інтэрв’юер — глядзі, якія я разумныя кніжкі чытаю. Я адчуваў раздражненне праз тое, што нехта так бяздарна марнуе мой час. Але дабіла мяне тое, што суразмоўца стаў бэсціць тых, хто не знае ўнутранай рэалізацыі натыўных Promise і async/await — вось неадукаваныя, не тое, што я.
Ніводнага пытання па React або на праверку маіх лід-навыкаў так і не было. І мне адмовілі без будзь-якой выразнай прычыны. Але я ўсё ж такі дамогся фідбэку. «Недастатковыя веды чыстага JS» — такі быў вердыкт. Пры гэтым у кампаніі яго не выкарыстоўваюць, але «трэба ведаць, можа, калі-небудзь спатрэбіцца».
— Мяне сумовіў фаўндар кампаніі — і па сумяшчальніцтве вядучы праграміст у ёй. Калі я сказаў, што патрэбная больш комплексная функцыя, ён стаў выхваляцца, што вось у яго самога функцыя на 2 тысячы радкоў — і наогул ён проста цяпер можа напісаць гульню крыжыкі-нулікі. Я дачакаўся, пакуль ён дагаворыць, сказаў: «Дзякуй!» — і адключыўся.
— Менеджар сустрэў мяне ля ўвахода, адвёў у асобны кабінет, уручыў аркушы паперы А4, даў 30 хвілін: «Паадказвайце пакуль на пытанні» — і сышоў. Я здзівіўся: задачы і пытанні былі выключна тэхнічнымі, а пры канцы — заданне «напісаць праграму на любой мове». Але я ж бізнэс-аналітык… Сумоўе праходзіла дакладна ў такім самым духу.
Потым ужо, чытаючы артыкулы пра V., я зразумеў, наколькі ж мне пашанцавала, што мяне тады не ўзялі ў тую кампанію.
— Праходзіў сумоўе на iOS-распрацоўшчыка. Спачатку інтэрв’юер паганяў мяне па Swift, а потым стаў пытацца, калі б на Swift не была рэалізаваная такая фіча як Extension, як я яе зрабіў бы. Потым тое ж пра RunLoop.
Я збянтэжыўся, спытаўся, а як бы ён сам гэта зрабіў. А ён адказаў, што ёсць артыкул па мове С# — глянь, як там зрабілі. Было непрыемна. Потым я абмеркаваў гэтыя пытанні з хлопцамі ў камандзе — яны ўсе палічылі іх дзіўнымі.
— Са мной гутарыў не інжынер ці хаця б менеджар/аналітык, а рэкруцёрка. Дзяўчына сакатала пытанне за пытаннем па паперцы — а потым спраўджвала, ці адказваю я слова ў слова. Калі я ўжываў іншыя словы, яна казала: «Няправільна!» — і зачытвала з паперкі азначэнне.
У спісе былі ў тым ліку пытанні, якія патрабуюць растлумачыць, як бы я вырашаў задачу або дзе б шукаў адказ. Я тлумачыў. Яна ж крытыкавала мяне за «адсутнасць тэарэтычных ведаў». Калі я стаў пісаць код і, паводле яе слоў, «няправільна абазваў функцыю» — то-бок не як у яе ў паперцы, — я не вытрымаў і прапанаваў завяршыць інтэрв’ю.
— Ёсць такi жарт: кожны дата-саентыст, якi сябе паважае, меў за свае жыццё сумоўе з Іванам Краўчанкам — галавой Data Science у EPAM. У мяне таксама быў такi досвед.
Да таго сумоўя я ўжо працаваў у EPAM i быў упэўнены: усё будзе добра — пагутарым з Iванам (мне здавалася, што я яго добра знаю), я яго ўражу.
Першае, што мне прыйшлося зразумець, — не, гэта iншы чалавек, з аднолькавым прозвішчам. Другое — у мяне было адчуванне, што я мусіў размаўляць з настаўнiкам, якi тыкаў мяне носам у кожную маю памылку. Iван добра знаходзiў тыя месцы, дзе я плаваў, але ён не закрываў пытання: акей, ты гэта не знаеш — пойдзем далей, або давай я скажу, што хацеў пачуць ад цябе. Ён бачыў, што тут я не ўпэўнены, — i iшоў глыбей i глыбей туды…
Асабiста мяне такi падыход не матывуе. Маёй рэакцыяй была злосць — якога лешага! Але ж таксама я хацеў усё гэта вывучыць, прыйсцi яшчэ i паказаць: я не тупы. А менавiта такое адчуванне было ў мяне, калi я выйшаў ад яго. Цяпер жа я згадваю пра гэта з усмешкай — добры досвед, як не трэба праводзіць сумоўі.
— Спазніўшыся на 10 хвілін, інтэрв’юер увайшоў у пакой і, не павітаўшыся, адразу стаў па-англійску задаваць пытанні — я нават падумаў, што ён дзвярыма памыліўся. Яго тон, падача і самі пытанні змушалі мяне пачувацца як на экзамене ў шкадлівага выкладчыка, які вострыць на мяне зуб. Ён адпускаў фразы: «Мне няма сэнсу наймаць цябе» — і яшчэ нешта ў тым жа родзе.
У нейкі момант я сказаў: «Пэўна, я пайду». І пачуў: «І што? Нават не паспрабуеце?» Але я проста сышоў.
— Першае сумоўе праводзіў сапраўдны «душніла» — здавалася, яму важней пакрасавацца перада мной сваімі ведамі ў алгарытмах, на якіх у кампаніі ўсе, відаць, звар’яцелі, ніж рэальна ацаніць мае веды.
Другое сумоўе было ў духу: а прыдумайце для «Яндэкса» сістэму працы з нашымі логамі, якую мы самі дагэтуль прыдумаць не можам. Не, не ўжо існае рашэнне — унікальнае. «Гэта рэальная задача». І так, другі інтэрв’юер быў копіяй першага.
— Інтэрв’ю праводзілі двое: адзін манатонна задаваў пытанні, другі маляваў калякі-малякі на маім рэзюмэ і маўчаў — і так 40 хвілін. Апошнім было пытанне пра грошы. Не памятаю, якую суму яны называлі, але я сказаў: хачу больш. «Вы зашмат хочаце!»
Я выйшаў і зразумеў, што не спрацаваўся б з такім кіраўніком. А праз 10 дзён ператэлефанавала эйчарка і сказала: Мы згодныя на вашыя ўмовы — прыходзьце.
— Інтэрв’ю пачалося з таго, што кіраўнік аддзела спазніўся на званок хвілін на 5-10. Ён не перапрасіў і не назваўся — проста пачаў размаўляць з эйчаркай на нейкую іншую тэму (гэтая эйчарка нібыта не прыйшла на нейкае інтэрв’ю з «яго кандыдатам»). Потым ён павярнуўся да мяне, спытаў: «На ты? На вы?» — і тут жа стаў задаваць пытанні, як выкладчык на экзамене.
На 30-й хвіліне я зразумела, што нізавошта не хачу з ім працаваць, і проста спрабавала скончыць інтэрв’ю. Калі эйчарка спытала, ці ёсць у мяне пытанні, я падзякавала ёй за аддадзены час і развіталася. Мой суразмоўца нават не сказаў: «Да пабачэння!» — ён глядзеў ужо ў іншы экран. І так, я пагугліла — ён былы выкладчык з БДУ.
— Кафаўндар падключыўся да званка без камеры, потым і эйчарка выключыла сваю — я глядзела на чорны экран. Тады я спытала, ці магу я таксама адключыць сваю выяву: мне неяк няёмка. Фаўндар сказаў: «Не» — і загадаў эйчарцы ўключыць камеру.
Сумоўе праходзіла ў духу: «Я суперкласны распрацоўшчык — і з першага погляду бачу,ці ведаеш ты, ці не, таму і сумоўі ў мяне кароткія, а не 2-3 гадзіны + лайвкодзінг». Я паслухала і зразумела, што не хачу да іх у кампанію.
— Я вырашаў задачу ў сэрвісе кампаніі, дзе максімум сінтаксіс падсвятляецца — і нічога не кампілюецца. Вырашыў. Тут інтэрв’юер рэзка крыкнуў: «Гэта не скампілюецца!» Растлумачыць чаму, не змог. Добра — я перарабіў, як ён хацеў. Пакуль пісаў, ён адпускаў на мой адрас: «Ты дакладна распрацоўшчык?» і «Ці разумееш, што напісаў наогул?»
Ужо дома я паўтарыў задачку ў сябе — і ўсё працавала.
Меркаванне эйчаркі і псіхолага: «Уключаецца рэжым „замачы“. Гэта абарона»
Вікторыя Хамянок была HRD Rozum Robotics, цяпер яна працуе як псіхолаг, гештальт-тэрапеўт. На нашую просьбу Вікторыя патлумачыла, чаму тэхнічныя сумоўі часам ператвараюцца ў «спаборніцтва» з кандыдатам, якое інтэрв’юер імкнецца выйграць любой цаной, і як зрабіць канкурэнцыю на сумоўі здаровай.
— Тэхнічны спецыяліст чакае, што яго веды будзе ацэньваць такі ж спецыяліст — калега. Але бывае, яго сустракае «нейкая дзяўчынка» эйчарка, якая «ні ў зуб нагой» у яго галіне. Яна задае «тупыя» з яго пункту гледжання пытанні і чамусьці ацэньвае яго. Але як гэтыя веды можа ацаніць чалавек, які не разбіраецца ў галіне, думае ён.
Узнікае злосць. «Ну што яна наогул у гэтым разумее?!» «Чаму мы губляем час?..» «Навошта мне гэтыя вось пытанні задае?» Кандыдат не выказвае наўпрост сваёй незадаволенасці, але яго злосць прарываецца ў выглядзе пасіўнай агрэсіі — інтэрв’юер выдатна яе счытвае. І ў яго ўзнікае зваротная злосць і агрэсія: што ты тут, самы разумны? Ану дакажы! Так і пачынаецца «спаборніцтва».
Гэты заганны цыкл можна спыніць. Калі і інтэрв’юер прызнае: так, я не разбіраюся ў вашых гэтых тэхнічных штуках — гэта для мяне rocket science. Нічога не зразумела, хоць і вельмі цікава. Але я, уласна, і не мушу. У мяне свае задачы, свая галіна ведаў:
- як зрабіць так, каб каманда працавала, а не высвятляла адносіны;
- як падабраць людзей у гэтую каманду, каб здарыўся match, улічыць усе асаблівасці і каманды, і кандыдата.
Пытанні эйчара накіраваныя (прынамсі мусяць быць) менавіта на тое, каб зразумець, ці камфортна будзе кандыдату ў камандзе, і як камандзе будзе з ім; ці будзе эфектыўным іх узаемадзеянне, ці эйчару прыйдзецца пастаянна «разрульваць» іх канфлікты.
Усё гэта ў інтарэсах не толькі каманды, але і самога кандыдата: бо кожны дзень губляць час і сілы на канфлікты, няхай нават праект цікавы, а грошы немалыя — ну такое… І яшчэ важны момант — усвядоміць: нават калі ты не падыходзіш у каманду, гэта не з табой штосьці не так, гэта проста не твая каманда. Так бывае.
…Карацей, у кожнага свая задача і кампетэнцыі. І яны не перакрываюць адна адну. А яшчэ важна вось што: калі вам здаецца, што чалавек насупраць лічыць вас дурнем/дурніцай — гэта не значыць, што ты такі і ёсць. Гэта толькі яго праекцыя. І яго праблема. Чалавеку трэба ўсвядоміць: я злуюся, бо я адчуваю, што на мяне нападаюць, і я пачынаю аўтаматычна абараняцца. А нашто мне абараняцца, калі я ўпэўнены ў сабе, у сваіх кампетэнцыях, а галоўнае — выразна ўсведамляю, у чым мая канчатковая мэта.
Варыянт нумар два — калі інтэрв’юер сам таксама тэхнічны спецыяліст. І ён таксама, бывае, ладзіць «спаборніцтва» з кандыдатам. Чаму? У такіх выпадках уключаецца нарцысічная частка яго асобы, адказная за дасягненні — якраз ёй важна быць лепшай-вышэйшай-мацнейшай-разумнейшай і вось гэта ўсё.
У сілу спецыфікі працы ў тэхнічных спецыялістаў гэтая частка асобы часта павялічаная — ім проста неабходна пастаянна вучыцца, увесь час спаборнічаць як мінімум з сабой. А калі ў поле чалавека з павялічанай нарцысічнай часткай з’яўляецца іншы чалавек, які чыста тэарэтычна можа быць вышэйшым-мацнейшым, а галоўнае разумнейшым — о-о-о, тут уключаецца рэжым «замачы». Ён неўсвядомлены. Гэта абарона.
Інтэрв’юеру важна прызнаць за сабой гэты патэрн паводзін і пастарацца адмовіцца ад канкурэнцыі: так, я схільны даказваць усім і ўся, што ўвесь такі о-го-го, але я тут не для гэтага. Кампаніі патрэбны новы сябра каманды, а кандыдату — праца, таму мы не будзем спаборнічаць у крутасці.
Канкурэнцыя важная, яна дазваляе нам расці. Але на сумоўі яшчэ важнейшыя кааперацыя і адкрытасць — толькі так мы можам зразумець, наколькі кандыдат і кампанія падыходзяць адно аднаму.
Читать на dev.by