VironIT дамогся забароны на выезд для экс-супрацоўніка. Праз 5К
Мы абяцалі расказаць працяг гісторыі пра тое, як VironIT праз тры гады згадаў пра свайго экс-супрацоўніка і запатрабаваў праз суд 5K. Расказваем.
Айцішнік цяпер жыве ў іншай краіне. Атрымаўшы позву ў суд, ён прыехаў у Беларусь, удзельнічаў у працэсе, але традыцыйна прайграў.
У сярэдзіне ліпеня суддзя Савецкага раёна Мінска Святлана Салапан вынесла пастанову аб спагнанні з экс-супрацоўніка выдаткаў на яго навучанне + адсоткаў + судовых выдаткаў. У суме 17,6 тыс. BYN. Адначасова суддзя адхіліла хадайніцтва ТАА «ВАСофт» аб тым, каб абмежаваць адказчыку выезд з краіны.
Пачатак гісторыі
Гісторыя Сяргея Р., нагадаем, класічная: працоўны кантракт з ТАА «ВАСофт», дадатковае пагадненне да яго пра накіраванне на навучальныя курсы + трохбаковы дагавор паміж ТАА «ВАСофт», ТАА «Віроніт Навучальны цэнтр» і супрацоўнікам аб 3-месячным навучанні коштам 5 тысяч долараў.
За стажыроўку плаціць ТАА «ВАСофт» з агаворкай, што супрацоўнік абавязаны вярнуць гэтыя грошы, калі працоўны кантракт будзе прызнаны несапраўдным або спынены датэрмінова з любой прычыны, за выключэннем звальнення на пагадненне бакоў.
Сяргей падпісаў кантракт пры канцы жніўня 2019 года, па выніках 3-месячнай стажыроўкі яго ўзялі на праекты («калі цябе пасля стажыроўкі не бяруць, ты нічога не вінны»).
Праз некалькі месяцаў працы Сяргей запытаў звальненне на пагадненне бакоў, але атрымаў адмову. Каб адбіцца ад прэтэнзій кампаніі на 5К, яму давялося наняць юрыста. Той дапамог скласці пярэчанне працадаўцу. Гэта, верагодна, дапамагло. Пры канцы мая 2020 года Сяргею аддалі працоўную з запісам «звольнены за здзяйсненне прагулу», але ніякага судовага пераследу тады не было.
Праз тры гады Сяргей атрымаў позву ў суд. ТАА «ВАСофт» папрасіла спагнаць з Сяргея Р. 5 тысяч долараў па курсе Нацбанка + выдаткі.
Сяргей з юрыстам запыталі матывіроўку, маючы намер падаць апеляцыю. Калі праз некалькі дзён ён паспрабаваў на аўтобусе перасекчы мяжу, выявілася, яго не выпусцілі.
— Я збіраўся з дачкой выехаць і працягваць вырашаць пытанні дыстанцыйна. Але на мяжы мяне адвялі ў асобны пакой і сказалі пра абмежаванне на выезд. Чаму, не сказалі. Цяпер мы вас пасадзім на зваротны аўтобус — едзьце ў Мінск, зайдзіце ў МУС — там вам растлумачаць. Толькі ў аддзеле міграцыі мне ўдалося высветліць, што выезд абмежаваў суд Савецкага раёна. Іду ў суд — выяўляецца, праз дзень пасля пасяджэння прадстаўнік «ВАСофт» данёс нейкі дакумент, і суддзя вынесла новае рашэнне, якое забараняе мне выезд. Матывіроўка: бо я магу з’ехаць.
Сяргей апратэставаў забарону на выезд, але гэта не дапамагло: не спрацавалі аргументы ні пра працу, ні пра цяжарную жонку за мяжой. Азнаёміўшыся з матывіровачнай часткай рашэння, айцішнік з юрыстам вырашылі, што шанцы на паспяховую апеляцыю мінімальныя. Довады аб нязгодзе са звальненнем па артыкуле суддзя адхіліла, бо звальненне не было своечасова аспрэчана.
— Усе мае аргументы тычацца Працоўнага кодэкса, тэрмін даўнасці па якім — тры месяцы, у той час як дамова з «ВАСофт» укладзеная згодна з Грамадзянскім кодэксам, па ім тэрмін даўнасці — тры гады, — кажа Сяргей Р. — Атрымліваецца, што аргументы, да якіх могуць апеляваць экс-супрацоўнікі VironIT, ужо страцілі сілу, а аргументы «ВАСофт» — не. Кампанія падае ў суд літаральна ў апошнія дні тэрміну іскавай даўнасці.
Апеляцыя чыста тэхнічна адтэрмінавала б набыццё рашэннем моцы і падоўжыла б забарону на выезд. А вяртанне да сям'і і працы было для Сяргея прыярытэтам. Таму ён заплаціў 17,6 тыс. BYN, дачакаўся зняцця абмежавання і выехаў.
Паводле слоў Сяргея, ён не апошні адказчык у такога роду ісках ад VironIT.
— У мяне ёсць калега, які сышоў з VironIT праз месяц-два пасля мяне. Нядаўна ў вайбер ён атрымаў прэтэнзію ад кампаніі: маўляў, вы павінны нам 5К. Уся гісторыя — як у мяне. Верагодна, ён таксама атрымае позву ў суд. І яшчэ адзін, незнаёмы, хлопец пасля публікацыі напісаў мне, што атрымаў такую ж прэтэнзію ў вайбер. У абодвух ад моманту звальнення прайшло амаль тры гады. То-бок нас ужо трое. У судзе ж прадстаўнік «ВАСофт» казаў, што разгледжана некалькі падобных іскаў (у лічбе я не ўпэўнены — здаецца, сем), і ўсе яны супрацоўнікамі прайграныя. Колькі такіх спраў усяго, можна толькі здагадвацца.
Нягледзячы на тое што Сяргей адмовіўся ад апеляцыі і заплаціў грошы, ён мае намер адстойваць свае правы далей. Раскажам, што з гэтага атрымаецца.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by