Штодня ў Кітаі закрываюцца 30 паўправадніковых кампаній
Кампаніі ў паўправадніковай сферы Кітая сталі выміраць ад пачатку ўвядзення санкцый ЗША тры-чатыры гады таму. Сітуацыя пагоршылася летась і сёлета праз падзенне попыту на чыпы. Як піша DigiTimes, з 2019 года закрылася больш за 22 тысячы кітайскіх кампаній, але ў яшчэ не скончаным 2023-м тэмпы іх знікнення дасягнулі рэкордных 10,9 тысячы.
То-бок у сярэднім сёлета ў Кітаі закрывалася прыкладна 30 кампаній, звязаных з распрацоўкай і вытворчасцю паўправаднікоў, на дзень. Для параўнання: у 2022-м рэгістрацыю страцілі 5746 такіх кампаній.
Большасць кампаній губляюць грошы, бо не могуць распрадаць запасы праз перанасычэнне рынку, а таксама агульны спад у паўправадніковай галіне на фоне макраэканамічных складанасцяў. Шмат у чым крыніца праблемы ляжыць у памылцы планавання: у 2021–2022 гадах кампаніі ў велізарных колькасцях выпускалі чыпы ў разліку на высокія продажы, падаграваныя тэндэнцыяй масавага пераходу аддаленую працу. Але гэтага не здарылася: пры канцы 2022-га — на пачатку 2023-га, пасля заканчэння пандэміі, рынак і попыт пайшлі на спад. А з часам прадукцыя гэтых кампаній губляе ў цане.
Яшчэ адной непрыемнасцю, асабліва для невялікіх кампаній, стаў недахоп інвестыцый. ЗША абмежавалі амерыканскія інвестыцыі ў паўправадніковую індустрыю азіяцкай краіны (а таксама АІ і квантавыя тэхналогіі). Еўрапейскія інвестары ў святле гэтага таксама не гараць жаданнем укладвацца ў кітайскія кампаніі ў сферы. Буйным гульцам накшталт YMTC і Huawei пашанцавала больш: у іх ёсць мільярды долараў на пошук альтэрнатыўных пастаўшчыкоў і фармаванне сакрэтнай сеткі фабрык, каб застацца на плаву.
Читать на dev.by