Insider: у амерыканскім ІТ падаюць заробкі
Калі за апошнія два гады, пакуль кампаніі агрэсіўна наймалі, заваблівалі супрацоўнікаў акладамі, апцыёнамі і бонусамі, заробкі ў ІТ ішлі ўгару, то цяпер, на тле рэцэсіі, ціску інвестараў і звальненняў у заробках назіраецца адваротны трэнд. Супрацоўнікі адзначаюць, што кампаніі патрабуюць большай прадукцыйнасці за тыя ж або меншыя грошы, ніж апошнія два гады, піша Insider.
Спецыялісты платформы levels.fyi, якая збірае інфармацыю пра заробкі ў ІТ ад саміх айцішнікаў, кажуць пра зніжэнне заробкаў у цэлым па ўсёй галіне. Паводле яе даных, толькі ў 2022 годзе медыяннае ўзнагароджанне інжынера софту ўпала амаль на 9% у другім паўгоддзі ў параўнанні з першым. Сярод інжынераў апаратнага забеспячэння падзенне склала 7%, сярод менеджараў па распрацоўцы софту — 10%, а сярод прадуктовых дызайнераў — 13%. Там дадалі, што тым суіскальнікаў, якім удаецца атрымаць офер, весці перамовы становіцца складаней.
«Мы бясспрэчна назіраем памяншэнне ўзнагароджанняў і офераў», — кажуць у levels.fyi.
Паводле слоў спецыялістаў кансалтынгавых фірмаў, якія супрацоўнічаюць з тэхналагічнымі кампаніямі, многія іх топы яшчэ ў 2021 годзе разумелі, што момант патрабуе плаціць вялікія грошы, каб паспяваць за рынкам, але што гэта не будзе доўжыцца бясконца і не добра для бізнэсу. Яны чакалі магчымасці зніжаць — стаўкі, якія растуць, і незадаволеныя інвестары, якія патрабуюць прыбытку, падалі яе. А звальненні — частка расплаты за тое, што наймалі больш, ніж трэба.
«Тыя абставіны, у якіх заробкавыя патрабаванні задавальняліся без пярэчанняў, бясспрэчна змяніліся», — кажуць аналітыкі.
Цяпер працадаўцы — тыя, хто ў прынцыпе наймае, — растрасаюць гаманцы не так ахвотна, і калі суіскальнік хоча зашмат, яго проста не бяруць.
Кампаніі не толькі памяншаюць прапановы для кандыдатаў, але і пераглядаюць іншыя формы ўзнагароджання супрацоўнікаў, у тым ліку акцыйныя пакеты і бонусы для ўтрымання кадраў, як Snap і Meta. І пакуль моцнага супраціву з боку працаўнікоў не сустракаюць.
У лістападзе гендырэктар Snap Эван Шпігель паведаміў супрацоўнікам, што штогадовы перагляд заробкаў, які праводзяць для таго, каб прывесці заробкі ў кампаніі ў адпаведнасць з канкурэнтамі, адкладаецца праз сітуацыю на рынку працы, якая імкліва змяняецца. Тэхнагіганты як толькі могуць зніжаюць выдаткі — напрыклад, скарачаюць тысячы супрацоўнікаў, каб зэканоміць на заробках.
Meta робіць больш жорсткімі перфоманс-рэв’ю, ад вынікаў якіх залежыць, колькі акцый будзе атрымліваць супрацоўнік, і ўразае плюшкі. Microsoft скарачае сумы ў оферах суіскальнікам — аж да 30%. Twitter пры Ілану Маску наогул наняў некалькі энтузіястаў, якія працуюць без заробку.
Паводле даных layoffs.fyi, ад пачатку 2022 года ў глабальным ІТ было звольнена каля 200 тысяч чалавек.
Читать на dev.by