Дзе сёння жывуць вядомыя ІТ-бізнэсоўцы з Беларусі і што з іх кампаніямі
ІТ-галіна Беларусі гістарычна была арыентаваная на экспарт. Спачатку заказных распрацовак, а затым — з назапашваннем прадпрымальніцкага досведу і першапачатковага капіталу — і прадуктаў, запатрабаваных на сусветным рынку. Да 2020 года сектар імкліва рос.
Выбары-2020, рэпрэсіі, а затым і поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну паўплывалі на галіну і яе перспектывы драматычна. У выніку ў новым дзесяцігоддзі Беларусь стала экспартаваць таленавітых спецыялістаў.
Паводле падлікаў dev.by, толькі на сярэдзіну 2022 года з краіны маглі з’ехаць да 23 тысяч айцішнікаў. Нашую штогадовую анкету проста цяпер палова ўдзельнікаў запаўняе з-за мяжы — упершыню за ўсю гісторыю рэсёрчу (2009-2023). Свежымі данымі мы падзелімся ўвесну.
Паглядзелі, дзе сёння знакавыя беларускія ІТ-прадпрымальнікі і іх кампаніі.
Віктар Кіслы
Заснавальнік Wargaming і першы доларавы мільярдэр Беларусі, паводле ацэнкі Bloomberg. Толькі ў World Of Tanks, рэліз якой адбыўся ў 2010 годзе, працягвае гуляць больш за 150 млн чалавек.
Ад 2012 года жыве на Кіпры, працуе там жа — у галаўным офісе Wargaming у Нікасіі.
Беларускія пратэсты ў 2020 годзе сталі каталізатарам пераезду супрацоўнікаў Wargaming, і вайна ў 2022 годзе рэзка паскорыла гэты працэс.
На пачатку красавіка кампанія паведаміла пра рашэнне закрыць офісы ў Расіі і Беларусі. Частка іх супрацоўнікаў перабралася ў новыя падраздзяленні ў Бялградзе і Варшаве. У ліпені, незадоўга да прыняцця забароны на кіраванне акцыямі беларускіх кампаній для замежных інвестараў, кампанія Кіслага прадала расійскі і беларускі бізнэсы расійскай кампаніі «Леста».
Яшчэ адной важнай угодай стаўся продаж Wargaming Sydney у кастрычніку 2022 года. Падраздзяленне, з якога больш за 10 гадоў таму пачалася сусветная экспансія беларускай кампаніі, перайшло Riot Games — яно стане новым ключавым цэнтрам распрацоўкі.
Аркадзь Добкін
Заснавальнік, саўладальнік і кіраўнік EPAM. Паводле ўласных слоў, пачынаў шлях у ІТ з «софтвернага кааператыва» яшчэ ў савецкай Беларусі, а ў 1993 годзе разам з Леанідам Лознерам стварыў EPAM, які паказаў свету ўзровень беларускіх распрацоўшчыкаў. Ад 2020 года EPAM штогод уваходзіў у Fortune 100 Fastest-Growing Companies.
Ад 1991 года жыве ў ЗША.
EPAM гістарычна быў найбуйнейшым працадаўцам у беларускім ІТ. Яшчэ ў 2020 годзе з 37 тысяч вытворчых спецыялістаў у Беларусі працавала больш за 9,6 тысячы (яшчэ 9 тысяч — ва Украіне, 6,3 тысячы — у Расіі). Сам Добкін стаяў ля вытокаў Парка высокіх тэхналогій у Мінску. Нягледзячы на гэта, у 2020 годзе Лукашэнка прама абвінаваціў яго ў фінансаванні пратэстаў, паклаўшы пачатак актыўнай рэлакацыі ў найбліжэйшыя краіны.
У лютым 2022 года Добкін выступіў супраць вайны ва Украіне. У сакавіку EPAM спыніў найманне ў Беларусі і кінуў абслугоўванне расійскіх кліентаў, а ў красавіку згарнуў бізнэс у Расіі. Супрацоўнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны прымалі офісы ў іншых краінах — Грузіі, Літве, Польшчы і нават Узбекістане.
Каманда EPAM у Беларусі скарацілася напалову за 2022 год. З 9,4 тысячы вытворчых спецыялістаў засталося толькі 4,5 тысячы.Для параўнання ў Літве каманда вырасла ў 4,5 разы, а EPAM Sistemos упершыню стала найбуйнейшым ІТ-бізнэсам Літвы паводле сумы выплачаных падаткаў.
У верасні 2022 года Добкін сустрэўся з прэзідэнтам Казахстана Касымам-Жамартам Такаевым, каб абмеркаваць новы тэхналагічны хаб у краіне.
Віктар Пракапеня
Заснавальнік інвестыцыйнай фірмы VP Capital і ўладальнік фінтэх-кампаній Capital.com і Currency.com. Удзельнік распрацоўкі «Дэкрэта № 8» — дакумента, пасля якога ў беларускай ІТ-індустрыі адкрылася другое дыханне, пакуль яго не заняло ў 2020-2022.
Ад 2016 года жыве з сям’ёй у Лондане. Пасля жніўня 2020 года больш не бываў у Беларусі. Паводле даных дзяржаўнага агенцтва Companies House, у Пракапені толькі брытанскае грамадзянства — верагодна, ад грамадзянстваў Беларусі і Рэспублікі Кіпр ён адмовіўся.
Ад першых дзён пратэстаў Пракапеня асудзіў гвалт і вылучыў сродкі на дапамогу пацярпелым. VP Capital дапамагаў у рэлакацыі супрацоўнікаў партфельных кампаній.
Пасля лютага 2022 года Currency.com стала першай крыптабіржай, якая спыніла абслугоўванне кліентаў з Расіі.
Увосень мінулага года беларускае ТАА «Карэнсі Ком Бел» выйшла з групы кампаній Currency.com і была перайменаваная ў ЗАТ «Дзеньгі Ком». Таксама ўвосень топ-менеджмент AR-стартапа Banuba выкупіў долю Віктара Пракапені ў праекце.
Сёлета ў лютым Пракапеня быў заўважаны сярод удзельнікаў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, на якую гэтым разам не запрасілі афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі і Расіі.
Юрый Гурскі
Сузаснавальнік Palta, інвестар Flo, Maps.Me, MSQRD, Prisma, Lensa ды іншых. Гадуе праекты ўнутры інвестыцыйнай фірмы Palta (раней Haxus).
У 2016 годзе пераехаў на Кіпр з сям’ёй, жыве ў 40 км ад Лімасола, у 2 км ад Міжземнага мора.
На тле пратэстаў у Беларусі далучыўся да крытыкі гвалту з боку сілавікоў, яго кампаніі забяспечылі супрацоўнікам арганізацыйную дапамогу і фінансавую падтрымку пры рэлакацыі.
Адзін з самых паспяховых праектаў у партфелі Palta — распрацоўшчык папулярнай у свеце праграмы для жаночага здароўя Flo — сышоў з Беларусі ў статусе амаль аднарога. Увосень 2021 па выніках закрытага інвестраўнда ацэнка кампаніі вырасла да 800 мільёнаў долараў.
Яшчэ адзін праект з партфеля Гурскага — фотарэдактар Lensa AI — летась злавіў хайп і паспеў стаць самай касавай iOS-праграмай на Захадзе.
Юрый Мельнічак
Сузаснавальнік інвестыцыйнай кампаніі Bulba Ventures для развіцця беларускіх стартапаў. Заснавальнік картаграфічнага сэрвісу Maps.Me (прададзены Mail.ru Group у 2014) і стартапа AIMatter (прададзены Google у 2017).
Жыве ў Цюрыху.
На думку Мельнічка, пасля падзей 2020 года ўкладваць грошы ў кампанію ў Беларусі, у якой «часам не да законаў», стала надта рызыкоўна. А справа PandaDoc (арышт супрацоўнікаў ІТ-кампаніі) пагоршыла бізнэс-клімат у краіне.
Але гэта не перашкодзіла Bulba Ventures прыцягнуць інвестараў і пакупнікоў для сваіх партфельных кампаній — OneSoil, Wannaby, Vochi. Усе тры кампаніі пазней сышлі з Беларусі.
У лютым 2022 года сузаснавальнікі Bulba Ventures Юрый Мельнічак і Андрэй Аўсіевіч вырашылі, што будуць інвеставаць у стартапы паасобку.
На пачатку гэтага года тэхналогіямі яшчэ адной кампаніі з партфеля Bulba Ventures — расійска-сінгапурскага біятэх-стартапа Gero — зацікавіўся Pfizer.
Барыс Канцавы
Прэзідэнт і СЕО Intetics Inc — сусветнай тэхналагічнай аўтсорсінгавай кампаніі, якая займаецца распрацоўкай прыкладнога софту і аказвае паслугі па сістэмнай інтэграцыі, аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў і апрацоўцы даных.
Жыве ў Нэйплсе (Фларыда, ЗША).
У 2018 годзе Барыс Канцавы стаў першым прадстаўніком беларускай ІТ-індустрыі, прынятым у тэхнічную раду Forbes — элітарную супольнасць прафесіяналаў тэхналагічнага сектара.
Увесну 2022 года асудзіў напад Расіі на Украіну.
Intetics уваходзіць у топ-100 найлепшых аўтсорсераў свету паводле версіі Міжнароднай асацыяцыі прафесіяналаў у галіне аўтсорсінгу (IAOP). Да вайны ва Украіне Intetics таксама ўваходзіла ў топ-50 найбуйнейшых ІТ-кампаній Беларусі.
Сёлета ў студзені ўрад уключыў Intetics ў пашыраны спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін, якім забаронена адчужаць долі (акцыі) юрыдычнай асобы ў РБ без дазволу Мінфіна.
Мікіта Мікада
Заснавальнік PandaDoc, стартапа-аднарога для аўтаматызацыі дакументазвароту.
У 2016 годзе пераехаў у Сан-Францыска для развіцця PandaDoc.
Мікада адным з першых сярод вядомых тэхналагічных прадпрымальнікаў адкрыта выступіў супраць вынікаў выбараў у Беларусі і стварыў фонд дапамогі сілавікам, якія адмовіліся душыць пратэсты.
Пасля ягоных выказванняў PandaDoc апынуўся пад ціскам уладаў: у мінскім офісе прайшлі ператрусы, чатырох менеджараў арыштавалі, рахункі кампаніі заблакавалі. PandaDoc спыніў працу ў Беларусі і вывез сваіх супрацоўнікаў ва Украіну і Польшчу.
У 2020 і 2021 гадах PandaDoc уваходзіў у лік найлепшых працадаўцаў ЗША з ліку стартапаў паводле версіі Forbes. Таксама кампанія з’яўляецца адной з самых хуткарослых у ЗША. Увосень 2021 года PandaDoc прыцягнуў інвестыцыі і стаў аднарогам.
У красавіку 2022 года Мікада стаў інвестарам праекта Immigram, які дапамагае з эміграцыяй тэхналагічным спецыялістам і ІТ-прадпрымальнікам.
Міхаіл Дубакоў
Сузаснавальнік Targetprocess (флагманскі прадукт — сістэма кіравання аджайл-праектамі для буйных кампаній) і заснавальнік Fibery (платформа для менеджменту праектаў).
У маі 2021 года Міхаіл Дубакоў пераехаў з Мінска на Кіпр.
Яшчэ ў 2018 годзе, пасля прыходу інвестараў, Дубакоў адышоў ад аперацыйнага кіравання Targetprocess.
У лютым 2020 года ён расказваў пра планы адкрыць навукова-даследчы інстытут і займацца даследаваннямі ў вобласці штучнага інтэлекту. І не планаваў з’язджаць з краіны.
Але ў выніку і Targetprocess, і новыя праект Fibery сышлі з Беларусі.
Летась беларуская каманда Targetprocess рэлакавалася з Беларусі ў Польшчу. Амерыканская Apptio, якая набыла кампанію ў 2021 годзе, вырашыла ліквідаваць мінскі офіс.
Fibery ліквідаваў юрыдычную асобу ў жніўні 2022 года. Менш за месяц таму кампанія абвясціла пра прыцягненне 5,2 мільёна долараў (усяго ад моманту заснавання стартап прыцягнуў 8,3 млн). Паводле слоў Дубакова, у Fibery ёсць патэнцыял вырасці ў аднарога.
Читать на dev.by