«Патрэбны топавы перфоманс». Innowise захавала вялікую каманду ў Беларусі — як маецца
Мы расказвалі, як маюцца каманды EPAM, Wargaming, iTechArt, Andersen, iSsoft, IBA, Exadel, Godel Technologies, LeverX Group.
Даведаліся, як працуецца супрацоўнікам Innowise Group.
Innowise Group — буйны аўтсорсер з цэнтрамі распрацоўкі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне і Грузіі.
Warning!
Гэты цыкл публікацый — падборка свежых водгукаў аб працы ў розных ІТ-кампаніях у 2022-2023 на рынку, які мяняецца. Тут няма інфармацыйных нагод. Гэта суб’ектыўны вопыт і ўражанні супрацоўнікаў з розных офісаў, якія пажадалі выказацца.
Спадзяемся, кампаніі таксама знойдуць фідбэк карысным. Калі кампанія захоча даць каментары, мы дадамо яе пазіцыю.
Большая частка каманды, верагодна, у Беларусі
Innowise Group уваходзіла ў топ-20 найбуйнейшых ІТ-кампаній у Беларусі (да восені 2021 года). Штат беларускага офіса перавышаў 700 чалавек. У 2021 годзе кампанія адкрыла першыя замежныя прадстаўніцтвы — у Вільні, Кіеве і Варшаве.
Цяпер у кампаніі, мяркуючы з даных сайта, працуе больш за 1600 супрацоўнікаў. Пры гэтым у пераліку асноўных лакацый на англамоўнай версіі сайта няма Беларусі. Там пазначаныя кантакты 15 падраздзяленняў у розных краінах, але звесткі пра беларускія офісы адсутнічаюць. Такая інфармацыя ёсць у рускамоўнай версіі сайта.
Супрацоўнікі Innowise сцвярджаюць, што большасць спецыялістаў працягвае працаваць у Беларусі (у Мінску і абласных цэнтрах), да 1100-1300 чалавек, або каля 70-80% усяго штату. У той жа час у лінкедзіне больш за 800 супрацоўнікаў Innowise пазначылі ў якасці актуальнай лакацыі Польшчу, але фактычна там працуе значна менш людзей, сцвярджаюць спікеры.
У Беларусі, мяркуючы з інфармацыі рускамоўнай версіі сайта, функцыянуе 8 офісаў кампаніі ў шасці гарадах, уключаючы Мінск. У Польшчы ў каманіі адкрыта два офісы — у Варшаве і Гданьску.
Рэлакейт не вітаецца
Частка супрацоўнікаў Innowise змагла рэлакавацца за апошнія два гады, але такіх вельмі мала. Кампанія не вітае рэлакейту, бо можа паспяхова прадаваць супрацоўнікаў і ў Беларусі. Innowise дапаможа з рэлакацыяй, толькі калі ёсць запыт на праекце ад кліента.
Зрэшты, гэтая опцыя (дапамога) таксама не ўсім аказалася даступнай.
— Мне з пераездам кампанія ніяк не дапамагала. Нават не зрабіла PBH візы. Калі я з’язджаў, то аказалася, што кампанія выбарачна [садзейнічае ў атрыманні] PBH візы. Кіраўніцтва казала, што пераязджаць нікому не забараняе. Можна было ехаць куды заўгодна, «толькі не трэба потым пісаць і прасіць падняць зарплату, бо ў краіне, куды вы пераехалі, цяжка выжыць на вашую зарплату». У выніку я вырашыў не цярпець і пераязджаў самастойна.
Аддаленая праца пад забаронай, у офісе Face ID
Аддаленая праца ў Innowise таксама не вітаецца. Яшчэ з мінулага года, як сцвярджаюць супрацоўнікі, кампанія ўвяла абавязковае наведванне офіса full time. Як супрацоўнікі ходзяць у офіс, кампанія адсочвае з дапамогай сістэмы Face ID. Яна ёсць у многіх офісах у Беларусі і «нават у Варшаве».
— Перад тым як уладкавацца ў Innowise, кожны новы супрацоўнік адпраўляе сэлфі. Потым камеры фіксуюць і распазнаюць чалавека, які прыходзіць, па фатаграфіі, — расказаў адзін з супрацоўнікаў.
Паводле слоў суразмоўцаў, сістэма Face ID у офісах Innowise усталяваная даўно, «каб чужыя людзі не хадзілі ў офісе».
Але з дапамогай Face ID кампанія раней не асабліва сачыла за наведваннем офіса. Цяпер усё змянілася, больш за тое, ад канца мінулага года кампанія стала ўважлівей фіксаваць з дапамогай Face ID і час сыходу супрацоўнікаў, сцвярджаюць суразмоўцы. «Але кампанія кажа, што ўсё робіцца толькі ў мэтах бяспекі. Ніякага кантролю».
Тым не менш пакуль кампанія не прымяняе санкцый. Стаўленне топ-менеджменту да захавання «офіснага» правіла можа адрознівацца ў залежнасці ад аддзела.
У некаторых аддзелах, напрыклад, дапушчальна не хадзіць увесь працоўны тыдзень у офіс. Мінімум адзін дзень можна папрацаваць па-за офісам.
— Канкрэтна ў маім аддзеле за наведваннем офіса не моцна сачылі. Можна было знікнуць на месяц, і ніхто нічога не скажа. Ты абыякавы ўсім, пакуль на тваім праекце справы ідуць нармальна. Але, напрыклад, у некаторых аддзелах, наколькі я ведаю, даходзіла аж да штодзённага пераліку супрацоўнікаў.
— Калі да цябе няма прэтэнзій і ты нармальна перформіш, то ніхто не глядзіць, калі і колькі ты быў у офісе. Face ID, хутчэй, патрэбная для трэкінгу ў сітуацыях, калі кліент скардзіцца, каб зразумець, ці хлусіць, ці не распрацоўшчык наконт таго, што вашуе на праекце.
— Афіцыйна ў кампаніі няма аддаленай працы, але я даўно не з’яўляўся ў офісе і пакуль без наступстваў. Пры гэтым чуў, што ў некаторых аддзелах нават ёсць журналы прыходу супрацоўнікаў у офіс. Думаю, гэта адпавядае рэчаіснасці, але мяне гэта не закранула.
Стажоры і джуны — патрэбныя
Паводле слоў супрацоўнікаў, пасля 2022 года «з праектамі ў кампаніі напружана», але яны ёсць. Нягледзячы на дэфіцыт праектаў, кампанія актыўна наймае ў Беларусі. Толькі за апошні месяц на rabota.by з’явілася каля 70 вакансій для працы ў Мінску і абласных цэнтрах для распрацоўшчыкаў, аналітыкаў, DevOps Engineer.
Больш за 10 вакансій Innowise размясціла для ахвотных (без вопыту работы альбо з вопытам ад 1 да 3 гадоў) прайсці стажыроўку ў кампаніі.
Суразмоўцы згадваюць распаўсюджаную ў аўтсорсе практыку продажу заказчыку таннейшых спецыялістаў, «калі цябе, стажора або джуна, праз паўгода спрабуюць прадаць заказчыкамі як сеньёра або ліда. Але было цяжка, калі ты дазнаваўся, напрыклад, што праз тыдзень у цябе сумоўе з рэзюмэ на 3-5 гадоў вопыту працы ў мове, якой ты не знаеш і ніколі з ёй не працаваў. І ты сядзіш і вучыш тэорыю днямі і начамі, каб прайсці сумоўе». А яшчэ практыку працы in shadow: «Працавалі невялікай камандай за сеньёра, складалі сеньёру зводку да дэйлі мітынгу на праекце таго, што ён «зрабіў».
Пачаткоўцам — $200-400
Пачаткоўцам звычайна плацяць няшмат. Але плацяць!
— Першыя тры месяцы стажыроўка была неаплачванай, а потым каму як. Але ў цэлым на пазіцыі intern маглі плаціць да 200-300 долараў нават праз паўгода працы, — падзяліўся вопытам адзін з экс-стажораў.
Мінімальную стаўку ў 200 долараў спецыялісты атрымліваюць пасля трапляння ў праект.
— Пасля некалькіх месяцаў працы на камерцыйным праекце ты становішся джуном «-» з заробкам 400 долараў. Джунам і аплачваным стажорам, калі я працаваў, заробкі пераглядалі кожныя тры месяцы.
Супрацоўнікі ўзроўню мідл «-» звычайна атрымлівалі каля 1000 долараў, у мідл «+» заробак быў бліжэйшы да 2000 долараў. У мідлоў перагляды раней былі кожныя паўгода.
Пераглядаць зарплату сталі радзей
Аднак летась кампанія павялічыла перыяд паміж пераглядамі заробкаў. Напрыклад, тым, у каго перагляды былі раз на паўгода, павялічылі інтэрвал да дзевяці месяцаў.
— Мідлам прыбаўка складала каля 300 долараў раз на 9 месяцаў альбо 500 долараў раз на год (умовы залежаць ад аддзела). Абсалютна на кожным пераглядзе гаварылася, што справы ў аддзеле ідуць дрэнна, але неўзабаве будзе лепш. Калі сядзеў без працы, перагляд адкладаўся на тэрмін знаходжання на бэнчы.
Што праўда, адзначаюць суразмоўцы, пры надыходзе чарговага перыяду перагляду кампанія магла яшчэ раз зрушыць тэрміны.
Перагляд таксама залежаў ад шэрагу фактараў. Напрыклад, ад наяўнасці праектаў у канкрэтнага спецыяліста і фідбэку па ім, ад перспектыў узняцця рэйту на праекце, або «калі чалавек незаменны і прыносіць шмат прыбытку». Акрамя таго, сітуацыі з пераглядам маглі адрознівацца ў залежнасці ад аддзела.
— За мінулы год мне адзін раз перагледзелі заробак на мінімальную суму. Верагодна, перспектывы перагляду шмат у чым залежаць ад таго, якая ў цябе зарплата. Калі невысокая, дзесьці да 800 долараў уключна, то, хутчэй за ўсё, перагледзяць. Але чым вышэйшы заробак, тым складаней яго перагледзець.
Зрэшты, ёсць і тыя, каго цалкам задавальняюць фінансавыя ўмовы.
— За два гады працы мне тройчы пераглядалі заробак. Усяго ад моманту прыходу ў кампанію мой заробак вырас на 120%. Запыты, з якімі да мяне прыходзілі з іншых месцаў Мінска, мяне не задавальняюць. У выпадку змены месца працы я б хацеў атрымліваць на 15-20% больш, чым цяпер. Мне ж прапаноўвалі прыкладна такую ж зарплату, як у Innowise, або ўсяго на 5-10% вышэй, а мне гэта не выгадна.
З бэнчу — на мароз
Паводле слоў супрацоўнікаў, летась у Innowise было некалькі хваляў звальненняў. На пачатку 2023 года ў асноўнай групе рызыкі апынуліся спецыялісты, якія некалькі месяцаў сядзелі на бэнчы без праекта. Сярод звольненых былі і высокакваліфікаваныя супрацоўнікі.
Кампанія між тым заявіла, што скарачэння штату няма — ёсць «рэакцыя на запыты рынку». Пры гэтым ідзе набор новых супрацоўнікаў і штат працягвае расці.
— …Адныя тэхналагічныя пазіцыі адкрываюцца, іншыя закрываюцца. Тут мы рэагуем на запыты рынку…
З улікам змены інвестыцыйных палітык кліентаў ідзе зрушэнне запытаў з front-end (карпаратыўны партал можна абнавіць не ў 2023, а адкласці гэта на 2024, напрыклад) у бок back-end, ML, AI, embedded і інш. Праз гэта ідуць рознанакіраваныя трэнды ў частцы росту каманд. Нейкія каманды становяцца большымі, нейкія меншымі.
…На фоне рынку запытаў, які звузіўся, у цэлым кліенты выстаўляюць да падрадчыкаў вышэйшыя патрабаванні. Для падрадчыкаў (сэрвісных ІТ-кампаній) гэта значыць, што растуць і патрабаванні як да дзейных супрацоўнікаў, так і да кандыдатаў, — тлумачыў CEO Innowise Павел Арлоў.
Чаму некаторыя супрацоўнікі вырашылі сысці
На працягу мінулага года, а таксама сёлета супрацоўнікі працягвалі звальняцца, пры гэтым частка людзей сышла з уласнай ініцыятывы.
— Мяне не задавальнялі працэсы. Табе складаюць CV з праектамі, пра якія ты нават не чуў, і пішуць зусім не твой вопыт і стэк ведаў. І даводзіцца рабіць выгляд на сумоўі, што гэта сапраўды тваё CV. Мне проста было некамфортна так працаваць.
— Не падымалі заробку, пачалі прымушаць хадзіць у офіс з прычыны таго, што Meta сваіх супрацоўнікаў загнала ў офіс і Innowise таксама мусіць. Потым пачаліся праблемы з разліковымі аркушамі. Мала хто разумеў, як разлічваецца зарплата. Сумы кожны месяц былі розныя.
Хтосьці сышоў праз цэлы комплекс праблем.
— Сышоў з уласнага жадання праз дрэнныя ўмовы працы, зарплату ніжэйшую за рынак і дрэннае стаўленне да супрацоўнікаў.
- Сумоўі на першую-лепшую пазіцыю: сёння ў цябе 5+ гадоў распрацоўкі на ABC, заўтра ты Azure Master з 7 гадамі вопыту, а паслязаўтра — спецыяліст Google Cloud з нейкай забытай тэхналогіяй і 6 гадамі вопыту ў ёй.
- Перавод на офісны фармат. Неабходнасці ў гэтым няма ніякай, але нагадваць аб офісным фармаце працы будуць пастаянна (у адных аддзелах з гэтым вельмі строга, у іншых павальней).
- Просьбы папрацаваць у святочныя дні, каб «паказаць топавае стаўленне да заказчыка».
- Пераход да галернага фармату, дзе над кожным супрацоўнікам навісае наглядчык (менеджар / праектны каардынатар / якая-небудзь яшчэ выдуманая пазіцыя). Раз на тыдзень/два яны тэлефануюць табе на 10 хвілін, пытаюцца, ці ўсё акей і знікаюць. У выпадку з’яўлення рэальных праблем карысці ад іх ніякай, раяць «паказваць топавы перфоманс». Трэба адпісваць штодзённыя статусы, каб усё гэта зборышча наглядчыкаў, нават нічога не прачытаўшы, ставіла лайк, не даючы ніякай дапамогі ў цяжкай сітуацыі.
- Вопытных спецыялістаў не ўтрымліваюць, так як бізнэс-мадэль кампаніі будуецца на стажорах/джунах, якія працуюць за «міску рысу», праз што сярэдні вопыт у камандах даволі маленькі і вагаецца на ўзроўні джуна. Што праўда, цяпер, здаецца, сталі наймаць больш вопытных людзей.
З ІТ у войска
Цікава, але частку супрацоўнікаў Innowise страціла праз войска.
— Хлопцы з нашых праектаў сталі часцей сыходзіць у войска. Пачалося гэта дзесьці ад кастрычніка 2023 года. Хтосьці надоўга, хтосьці на зборы.
З беларускага аўтсорсу ў расійскі прадукт
Прыклад кар’ернага трэку, які, імаверна, набірае папулярнасць у Беларусі: экс-супрацоўнік Innowise расказвае, чаму зрабіў выбар на карысць расійскага прадукту.
— Сышоў у вялікі расійскі прадукт на тую ж пазіцыю, што і ў Innowise. Працу шукаў цягам трох тыдняў. За гэты час зрабіў каля 250+ водгукаў і атрымаў чатыры оферы — усё, што ад расійскага прадукту. Кожны офер быў непараўнальна вышэйшы якасцю па крытэрах зарплата\патрабаванні, чым у нашага аўтсорсу. У выніку сышоў на заробак удвая вышэйшы, чым у Innowise на аналагічнай пазіцыі.
Читать на dev.by