Пуга і пернік: як Google, Microsoft і Meta змяняюць падыходы да прадуктыўнасці супрацоўнікаў
Кампаніі Крамянёвай даліны дасылаюць супрацоўнікам выразны сігнал: калі раней яны маглі карыстацца самымі рознымі шчодрымі бонусамі і з іх амаль не пыталіся за вынік, то цяпер гэтага больш не будзе. Бігтэхі пераглядаюць свае падыходы і рухаюцца ў бок палярызацыі: топ-перформераў будуць яшчэ больш заахвочваць, а лоўперформераў — яшчэ больш караць.
У Google, Microsoft і Meta кіраванне прадуктыўнасцю супрацоўнікаў стала інструментам як матывацыі, так і ачысткі ад тых, хто не апраўдвае чаканняў. Гэта адлюстроўвае трэнд да зніжэння лішніх выдаткаў і павышэння эфектыўнасці, уласцівы ІТ-індустрыі ў цэлым, адзначае Business Insider.
Google: яшчэ больш грошай для самых-самых
Google спрабуе стымуляваць супрацоўнікаў працаваць, абяцаючы большую ўзнагароду найлепшым з найлепшых. Кампанія нядаўна абнавіла сваю сістэму перфоманс-рэвью, і цяпер атрымаць высокі рэйтынг — а значыць, разлічваць на большы бонус і пакет акцый — зможа больш супрацоўнікаў. Але бюджэт не гумовы, і навіны не паўплываюць на яго агульны памер. Гэта значыць, павышаныя прэміі топ-перформерам будуць выплачвацца за кошт тых, хто не дацягвае або проста бяздзейнічае ў чаканні вестынгу акцый.
Microsoft: сыходзьце або мы вас сыдзім
Microsoft, наадварот, схіляецца да «пугі». Лоўперформерам дадзены выбар: забірайце грошы за 16 тыдняў і сыходзьце па ўласным жаданні, або вас чакае план павышэння прадуктыўнасці (PIP) з дакладнымі тэрмінамі і мэтамі. Тых, каго PIP не прывядзе ў пачуцці, чакае звальненне без выплат. А яшчэ ім будуць закрыты ўсе дзверы ў кампанію на бліжэйшыя два гады.
Аналагічная праграма Pivot дзейнічае ў Amazon. Microsoft, відавочна, цвёрда настроеная трымаць высокія стандарты прадуктыўнасці. У пачатку года кампанія скараціла 2 тысячы лоўперформераў у знак таго, што не жартуе і хоча, каб супрацоўнікі неслі больш адказнасці за працу.
Meta: скарачэнні за непрадуктыўнасць і блэк-лісты
Meta таксама праводзіць звальненні сярод тых, хто не дае жаданай аддачы. Кампанія праводзіць жорсткае рэцэнзаванне, па выніках якога збіраецца пазбаўляцца 5% супрацоўнікаў, якія прыносяць найменш карысці. Прычым такія звальненні тут хочуць праводзіць на штогадовай аснове. Такіх супрацоўнікаў класіфікуюць як non-regrettable attrition, то бок іх не шкада страціць.
Таксама ў Meta ёсць унутраныя блэк-лісты былых супрацоўнікаў, якіх забаронена браць назад. У іх апынуліся нават супрацоўнікі з добрай прадуктыўнасцю, якія трапілі «пад нож» у папярэднія раўнды звальненняў, нягледзячы на падтрымку менеджараў.
Што ў галіне
Стратэгія бігтэхаў адлюстроўвае больш глыбокую трансфармацыю тэхнакультуры. На фоне павелічэння інвестыцый у ШІ і ціску з боку Ўол-Стрыт кампаніі імкнуцца рабіць больш, выкарыстоўваючы менш рэсурсаў. Лідары сферы ад Google да Meta звязваюць поспех з інтэнсіўнасцю працы, а перфоманс-рэйтынгі цяпер не проста нейкі чэк-поінт, а фактар, які вызначае кар’еру супрацоўніка. «Пернікі» для топавых супрацоўнікаў робяцца ўсё прыемнейшымі, але і «пугі» — усё больш балючымі, частымі і незваротнымі.
Читать на dev.by