«Не адпавядаю духу кампаніі». Як справы ў каманды Mapbox — апошняга крутога амерыканскага прадукту ў Мінску

Каментары розныя — ад «спакойная і зразумелая праца» да «з-за стрэсу пачаўся нейрадэрматыт».

35 каментарыяў

Пачалося з таго, што ў devby.io напісаў экс-супрацоўнік мінскага офіса амерыканскай Mapbox. Распавёў, як яго звольнілі «адным днём» нібыта за «неадпаведнасць духу кампаніі» — пасля спробаў дамагчыся перагляду зарплаты. Як сцвярджае экс-супрацоўнік Mapbox, у падобнай сітуацыі апынуўся не толькі ён.

Мы паразмаўлялі і з іншымі (экс) ўдзельнікамі каманды.

Mapbox — пастаўшчык карыстальніцкіх карт для сайтаў і аплікацый. Сёння гэта адна з нешматлікіх вядомых і знакавых амерыканскіх кампаній, якая працягвае працаваць у Беларусі.

Американская Mapbox завершила сделку по поглощению белорусского стартапа MapData (дополнено)
По теме
Американская Mapbox завершила сделку по поглощению белорусского стартапа MapData (дополнено)

Каманда мінскага офіса распрацоўкі Mapbox налічвае 300–400 чалавек. Паводле слоў аднаго з супрацоўнікаў, «цяпер ідзе актыўны найм у дата-аддзел, таму лічба ўвесь час расце».

Судзячы па вакансіях на rabota.by, Mapbox шукае як тэхнічных, так і нетэхнічных спецыялістаў. У апісанні некаторых вакансій указаны памер заробку. Напрыклад, спецыялісту па праверцы картаграфічных даных і якасці даных кампанія гатовая плаціць 450 даляраў чыстымі. Такі ж заробак кампанія прапануе HD Map Editor і рэдактару HD карт.

У Mapbox ёсць падраздзяленні ў некалькіх краінах, у прыватнасці ў ЗША, Фінляндыі, Японіі, Вялікабрытаніі, Польшчы. Але опцыя рэлакейту, прынамсі для супрацоўнікаў мінскага офіса, фактычна недаступная.

— Кампанія прытрымліваецца прынцыпу наймаць спецыялістаў у офіс у той краіне, дзе патрэбны гэты спецыяліст. Напрыклад, калі патрэбны інжынер у офіс у Хельсінкі, яго будуць шукаць менавіта ў Хельсінкі. Наняць спецыяліста на месцы танней, чым каго-небудзь рэлакаваць.

Адзіны варыянт рэлакейту — калі ты ідэальна падыходзіш на пасаду ў замежны офіс і ў гэтай лакацыі няма адпаведных кандыдатаў на гэтую пасаду. І калі каманда гатовая і «топіць» за тое, каб узяць менавіта цябе. Але такое здараецца надзвычай рэдка, — распавяла адна з супрацоўніц.

Чаму Mapbox

«Цяпер у мяне цікавы і вельмі складаны праект, праца ў Мінску без усялякіх VPN і абмежаванняў, звязаных з вайной»

Дзейныя супрацоўнікі Mapbox (сярод іх — двое навічкоў) хваляць кампанію.

— У Mapbox я хацеў патрапіць яшчэ некалькі гадоў таму, але тады не прайшоў сумоў'е. А гэтым разам яны самі мне напісалі, і я вырашыў паспрабаваць зноў. Тым больш якраз закрыўся папярэдні праект, у якім я працаваў. Цяпер у мяне цікавы і вельмі складаны праект, праца ў Мінску без усялякіх VPN і абмежаванняў, звязаных з вайной. Не трэба хаваць, што ты з Беларусі.

— Пра Mapbox я шмат чуў і сам дамен цікавы, плюс гэта вялікі прадукт. Я разумеў, што праца будзе не такая, як у стартапах (да гэтага доўга быў у аўтсорс-кампаніі) — спакойная і зразумелая.

Перагляд зарплат

«Усё, што патрабуецца ад цябе як ад работніка, гэта адпавядаць левелам, развівацца, калі хочаш, і атрымліваць павышэнні і перагляды»

Паводле слоў дзейных супрацоўнікаў, працэс павышэння зарплаты празрысты: «працуеш, развіваешся, робішся больш аўтаномным, атрымліваеш новы ўзровень і зарплату».

  • Ёсць штогадовыя павышэнні зарплаты паводле кантракту — плюс 1% за кожны працягнуты кантракт.
  • Перагледзець зарплату могуць пасля рэв’ю. У прыватнасці, спецыялісты з дата-аддзелаў, 3D і падтрымкі могуць разлічваць на павышэнне да 10%.
  • Таксама кампанія падвышае зарплату ў сувязі з пераходам на новую пасаду. Працэнт залежыць ад «вілкі», якая ўсталявана для пэўнай спецыяльнасці.

— Усё, што патрабуецца ад цябе як ад работніка, гэта адпавядаць левелам, развівацца, калі хочаш, і атрымліваць падвышэнні і перагляды.

За чатыры гады адзінай праблемай, з якой я сутыкнулася, было тое, што менеджар не заўсёды можа «прабіць» хуткі рост зарплаты.

Калі нехта прыйшоў год таму і ўжо паспеў перайсці на новую «вілку», то ў наступным годзе пераскочыць на наступную «вілку» па заробку амаль немагчыма.

Так, перагляд зарплаты залежыць ад настырнасці твайго менеджара. Але калі ты добра працуеш, трэба вельмі пастарацца, каб гэтага ніхто не заўважыў. За ўвесь час маёй працы літаральна пару чалавек засталіся на тых узроўнях, з якіх пачыналі. Але яны асабліва не былі зацікаўленыя ў кар’ерным росце, — расказаў адзін з работнікаў.

«За 3 гады працы мне адзін раз перагледзелі зарплату — паднялі на 50 даляраў»

Па словах экс-супрацоўнікаў Mapbox, з пераглядамі зарплат у іх усё было складана.

— Раней перагляды адбываліся па выніках перфоманс рэв’ю кожныя паўгода: маглі адзін раз павысіць на 10%, а іншы — нічога не даць, хоць працаваў ты больш, чым раней. У выніку зарплата магла змяняцца раз на год. Зараз у кампаніі ёсць супрацоўнікі, якім відавочна недаплочваюць.

— Зарплату пераглядалі па выніках гадавога рэв’ю. Адзін раз мне павысілі яе на 2%. Думаю, каб дамагчыся перагляду на 15–20%, work-life balance мусіць моцна схіліцца ў бок work.

— Перагляд у Mapbox можа спрацаваць і ў мінус — зарплату маглі і панізіць. А дамагчыся перагляду — вялікая праблема, трэба шмат пахаць. Прычым такі перагляд, з якога максімум можна аплаціць тарыф на тэлефоне і хатні інтэрнэт. Таму ў мяне нават не было асаблівай матывацыі за яго змагацца.

— За 3 гады працы мне адзін раз перагледзелі зарплату. Гэта было вясной мінулага года, паднялі зарплату на 50 даляраў.

— Дамагчыся істотнага перагляду зарплаты было складана з некалькіх прычын. Казалі: «Паглядзім праз паўгода». Акрамя таго, трэба было вывучыць спіс патрэбных праграм/тулаў і функцыяналу. Але фактычна гэта не ўжываецца ў працы, бо сам працэс, узаемадзеянне з камандамі і тэрміны выканання кардынальна не змяняюцца.

Чаму звольнілі_ся

«Не адпавядаеш духу кампаніі»

У некаторых выпадках настойлівыя просьбы пра перагляд зарплаты заканчваліся звальненнем.

— У кампаніі адпрацаваў больш за два гады. Пры працаўладкаванні абяцалі рост праз год працы, калі будуць добрыя вынікі. За ўвесь год з боку кіраўніцтва не было ніводнага наракання. Але, да майго здзіўлення, менавіта падчас рэв’ю яны з’явіліся — у выніку ў падвышэнні адмовілі.

На наступны год я ўжо самастойна звяртаўся па фідбэк цягам года, на што мне адказвалі, што ўсё ок, працуй далей, плануем цябе павысіць.

У момант абмеркавання падвышэння гісторыя паўтарылася. З’явіліся нейкія раптоўныя недахопы, якія нават не мелі дачынення да маіх працоўных задач, а тычыліся абстрактных рэчаў. Гэта было нешта кшталту «ты робіш столькі, а Вася з іншай каманды робіць вось столькі. Але ён нармальна ставіцца да таго, што яго не падвышаюць, а ты абураешся».

Плюс менеджар пачаў казаць, што, на яго погляд, маёй працы мала, хоць усе задачы, якія ад мяне патрабаваліся, я выконваў без затрымак.

Зразумела, я выказаў сваё незадавальненне. А праз пару тыдняў мне паведамілі пра звальненне. Сказалі, што я не адпавядаю духу кампаніі і ёсць людзі, гатовыя працаваць танней.

— З папярэднім менеджарам 3 гады прапрацавалі ў добрай атмасферы. Не было праблем ні з прасоўваннем ідэй, ні з пераглядам зарплат. Але потым прыйшоў новы супер таксічны менеджар, і атмасфера пагоршылася. У выніку на працягу некалькіх месяцаў каманда фактычна рассыпалася. Мяне звольнілі адным днём, хоць я і сама збіралася сыходзіць.

Умовы працы ў той перыяд я б назвала рабскай працай. У супрацоўнікаў зарплата па 500 даляраў, а патрабаванні нібыта ў NASA працавалі. І я як лід не магла на гэта паўплываць, бо ўсе мае рашэнні павінен быў ухваліць таксічны менеджар.

+3 кейсы пра выгаранне. «Я ўсё яшчэ ў тэрапіі, трыгераць успаміны пра менеджараў»

Некалькі былых супрацоўнікаў Mapbox распавялі, што сышлі з кампаніі з-за рэгулярных перапрацовак і «таксічных менеджараў». Асобныя кіраўнікі нібыта «выціскалі па-максімуму».

— Я прапрацавала ў Mapbox некалькі гадоў. Апошні год кіравала невялікай камандай. Выконвала абавязкі, што не адпавядалі маёй пазіцыі і зарплаце, але мяне адмаўляліся падвышаць.

Менеджар пастаянна прызначаў мне сазвоны, дзе проста самасцвярджаўся і праецыраваў на мяне свае касякі. Казаў, што я дрэнна працую (хоць я была топ перформерам, з лепшай хуткасцю, якасцю працы). Таксама казаў, я таксічная і трэба працаваць над сабой.

Я дастаткова чуллівы чалавек, і гэта адбілася на маім псіхічным здароўі. Перастала нармальна спаць, снілася, як менеджар мяне прыніжае, пачаліся панічныя атакі. Стала рэгулярна наведваць псіхатэрапеўта, пачала піць таблеткі, якія дапамагалі справіцца з трывогай і нармальна спаць.

Я ўсё яшчэ на тэрапіі, успаміны пра менеджараў крыху трыгераць, але ўжо стала значна спакайней.

— Прыйшла ў кампанію з перспектывай на новы досвед і кар’ерны рост. На жаль, ні першага, ні другога не атрымала. Нягледзячы на патрабаванні ў вакансіі, спатрэбіліся толькі мінімальныя веды, а ад доўгай, загружанай і аднастайнай працы ўжо праз чатыры месяцы пачала страчваць ранейшыя навыкі. Засмуціла непаразуменне з боку кіраўніцтва адносна працоўных працэсаў. Метрыкі былі завышаныя, а патрабаванні да задач рознай складанасці — аднолькавыя. Гэта хутка прывяло да выгарання і нацягнутых зносін з кіраўніцтвам.

Колькі б я ні тлумачыла, што не ўкладаюся ў жорсткія рамкі з-за складанасці задач, мяне не слухалі і нічога не мянялася.

Пастаяннае параўнанне з калегамі ў камандзе толькі наганяла больш стрэсу. Гэта не дапамагала працаваць лепш, а толькі пагаршала сітуацыю.

Я сышла з кампаніі, бо была вычарпаная маральна і фізічна. Давялося нават звярнуцца да псіхолага, але гэта аказалася не самым эфектыўным спосабам палегчыць стан. З-за стрэсу ў мяне пачаўся нейрадэрматыт, раны ад якога я залечваю ўжо некалькі месяцаў. Цяпер вымушаная піць валерыяну і аднаўляць дэфіцыт вітаміну D.

— Калі я толькі ўладкаваўся ў Mapbox, уся каманда, у тым ліку менеджары, здаваліся мне прыязнымі. Мне было нават у асалоду працаваць. Але праз паўгода ўсё рэзка змянілася ў горшы бок. Менеджары пачалі даваць больш працы за тую ж зарплату з кароткімі тэрмінамі дэдлайну. Потым прыходзілі да кожнага асобна і пыталіся пра вынікі: маўляў, «чаму так дрэнна?».

Працаваць прыходзілася літаральна суткамі. Не было часу не толькі чымсьці па-за працай, каб падтрымліваць скілы, але нават спакойна схадзіць на трэніроўку ці да лекара.

У нейкі момант вынікі ўсёй каманды пачалі падаць. Менеджары казалі, што гэта поўны правал, гэта наша віна. А калі каманда давала добры вынік, менеджары хвалілі толькі сябе. Нам жа ў узнагароду раздавалі медалькі. У прамым сэнсе ўзнагароджвалі звычайнымі імяннымі пластыкавымі медалькамі.

У выніку я вырашыў дапрацаваць да канца кантракту і сысці. Прычын было дастаткова.

  1. Аб’ём працы павялічыўся ўдвая ў параўнанні з дамоўленасцямі падчас найму, а зарплата засталася тая ж. План павышалі паступова, каб ніхто не заўважыў.
  2. Мае прафесійныя скілы вельмі моцна праселі. У працы, якую даводзілася выконваць у кампаніі, не выкарыстоўвалася нават 5% майго патэнцыялу. Адчуванне, быццам сядзіш на канвееры на заводзе, а не працуеш у амерыканскай ІТ-кампаніі.
  3. Стаўленне менеджараў да цябе, да каманды.

Я ледзь не атрымаў поўнае выгаранне, таму першыя некалькі месяцаў пасля сыходу з кампаніі наогул не працаваў, не было сіл. Цяпер стала лепш.


Мы звярнуліся па каментар у мінскі офіс Mapbox. Апублікуем адказ, калі (і ў выпадку, калі) яго атрымаем.

Mapbox — амерыканская кампанія, пастаўшчык карыстальніцкіх карт для вэб-сайтаў і аплікацый. Офісы і прадстаўніцтвы знаходзяцца ў ЗША, ЕС, Японіі, Беларусі і Вялікабрытаніі. Агульная колькасць супрацоўнікаў — больш за 600 чалавек.

У 2017 годзе Mapbox набыла беларускі стартап MapData, на базе якога ў Мінску быў створаны R&D-цэнтр Mapbox. Да ўгоды спецыялісты дзвюх кампаній больш за года працавалі разам — распрацоўвалі картаграфічныя афлайн-рашэнні.

Важную ролю ў прыходзе Mapbox у Беларусь адыграў вядомы ІТ-прадпрымальнік і інвестар Юрый Мельнічак. У новым праекце ён адказваў за фармаванне каманды. Кіраўніком мінскага офіса Mapbox стаў былы кіраўнік распрацоўкі Maps.me Аляксандр Матвяенка (праз 1+ год пакінуў кампанію).

Беларуская каманда Mapbox першапачаткова працавала над тэхналогіямі AR, VR і звязанымі з імі тэхналогіямі аўтапілота. Але пазней занялася распрацоўкай прасунутага відэарэгістратара. Вясной 2018 года Mapbox прэзентавала SDK для аўтамабільнай AR-навігацыі.

У сакавіку 2018 года юрыдычная асоба Mapbox у Беларусі — «МэпДэйта» — стала рэзідэнтам ПВТ. Да траўня 2021 года каманда мінскага офіса вырасла да 190 чалавек. На сёння ў мінскім офісе працуе больш за 300 супрацоўнікаў.

«Вярнуліся ў рэжым сокавыціскалкі». Як маецца Itransition у Мінску і ЕС 
Па тэме
«Вярнуліся ў рэжым сокавыціскалкі». Як маецца Itransition у Мінску і ЕС
«Патрэбны топавы перфоманс». Innowise захавала вялікую каманду ў Беларусі — як маецца
Па тэме
«Патрэбны топавы перфоманс». Innowise захавала вялікую каманду ў Беларусі — як маецца
«Заробак павышаюць таемна». Як маецца LeverX у трох лакацыях
Па тэме
«Заробак павышаюць таемна». Як маецца LeverX у трох лакацыях
Візажыст для Lesta, разметчык для Mapbox. Каго шукаюць вядомыя прадуктавікі
Па тэме
Візажыст для Lesta, разметчык для Mapbox. Каго шукаюць вядомыя прадуктавікі
У iTechArt высокія зп, але доўгі бэнч. Што пішуць на Glassdoor у 2024 (частка 3)
Па тэме
У iTechArt высокія зп, але доўгі бэнч. Што пішуць на Glassdoor у 2024 (частка 3)
«Впервые видим живых айтишников!». Как Mapbox говорил с детьми из Гребёнки о смысле жизни, оценок и всего такого
Па тэме
«Впервые видим живых айтишников!». Как Mapbox говорил с детьми из Гребёнки о смысле жизни, оценок и всего такого

Читать на dev.by