«Без панікі!» Што думаюць айцішнікі ў Літве пра магчымыя забароны для беларусаў

У чатах беларусаў Літвы — бурленне з нагоды планаў краіны абмежаваць выдачу віз, дазволаў на жыхарства і грамадзянства беларусам. 

Спыталіся ў чытачоў-рэлакантаў, як яны бачаць сітуацыю знутры. Адказы розныя — ад «няма падставы для панікі» да «збіраўся застацца ў Літве надоўга, але цяпер паеду».

29 каментарыяў
Што адбываецца

Літва плануе прыпыніць выдачу віз, дазволаў на жыхарства і грамадзянства беларусам. Законапраект прыняты ў першым чытанні і яшчэ абмяркоўваецца. Калі ён будзе прыняты і набудзе моц у цяперашняй рэдакцыі, то: 

  • грамадзяне Беларусі і Расіі не змогуць атрымліваць літоўскія візы; 
  • будзе прыпыненая выдача літоўскага дазволу на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расіі «праз вонкавага пастаўшчыка паслуг за мяжой» (гэта не тычыцца грамадзян, які ўжо маюць літоўскую нацыянальную або шэнгенскую візы, або дзейны дазвол на жыхарства Літвы і іншых краін ЕС); 
  • будзе прыпынены прыём заяў ад грамадзян Беларусі і Расіі на атрыманне электроннага рэзідэнцтва і грамадзянства Літвы.

Закон часовы — яго плануюць прыняць на год (з магчымасцю далейшага падаўжэння).

Ужо пасля першага чытання група дэпутатаў Сейма прапанавала не абмяжоўваць доступу да грамадзянства для беларусаў — толькі для расійцаў. Іншыя абмежаванні без змен.

Кантэкст. Па сутнасці, пункт пра грамадзянства — асноўная навіна ў цяперашняй рэдакцыі праекта. Астатнія абмежаванні і так маюць моц: яны абумоўленыя рэжымам надзвычайнага становішча на межах Літвы, Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі. Гэты рэжым перыядычна падаўжаецца — а цяпер яго прапаноўваюць вынесці ў асобны закон, і тады забароны будуць дзейнічаць да скасавання закона. 

Літва ўваходзіць у топ-3 найпапулярнейшых лакацый для беларускіх айцішнікаў. За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, зарэгістраваных у Літве, вырас больш як у тры разы. Wargaming і EPAM увайшлі ў топ-3 ІТ-бізнэсаў у Літве паводле сумы выплачаных падаткаў. 

«Працягваем жыць і па фану вучыць іх мову, авось спатрэбіцца»

— Змены, якіх дамагаюцца літоўскія дэпутаты, непрыемныя для нас, але я веру, што яны часовыя.

Каб атрымаць грамадзянства, усё роўна і раней трэба было мінімум 10 гадоў чакаць, — і думаю, усё можа змяніцца. Дый пытанне, дзе я сам буду праз гэтыя 10 гадоў.

Таму працягваем жыць і радавацца літоўскай гасціннасці, па фану вучыць іх мову, авось потым спатрэбіцца, — а там паглядзім. 

У мяне дазвол на жыхарства сапраўдны яшчэ год, бо неўзабаве заканчваецца пашпарт. Думаю, куды складаней памяняць пашпарт. А вось падоўжыць ужо дзейны дазвол на жыхарства пры наяўнасці працы ў Літве (а я працую ў літоўскай кампаніі) — не павінна быць праблемай.

У нас працуе даволі шмат беларусаў, але пакуль мы ні з кім асабліва не абмяркоўвалі новага закона. У тым ліку таму, што ён яшчэ не зацверджаны, няма разгорнутых каментароў — і ўжо дакладна няма падставы для панікі. 

«Амаль нічога новага ў праекце няма»

Усе абмежаванні, пра якія цяпер кажуць, насамрэч дзейнічаюць ужо даўно.

Адзіная навіна — гэта немагчымасць падаць на грамадзянства для тых, хто жыве ў Літве ўжо больш за 10 гадоў. (Група дэпутатаў Сейма ўжо прапанавала не распаўсюджваць гэтую забарону на беларусаў. — Заўв.)

Астатнія катэгорыі без змен: як не маглі падаць на дазвол на жыхарства нідзе, акрамя Літвы, — так і не могуць; як не выдавалі віз у консульстве ў Беларусі, так і не плануюць яшчэ год. А абмежаванні на куплю нерухомасці тычацца толькі расійцаў. Так што падставы для панікі я пакуль не бачу.

«Збіраюся з’ехаць — і хай уводзяць што хочуць»

Раней я разглядаў варыянт атрымаць літоўскае грамадзянства і застацца тут надоўга. Але цяпер найбліжэйшым годам збіраюся з’ехаць — і хай уводзяць што хочуць. 

У мяне дазвол на жыхарства да 2026 года. На жаль, у рамках маёй кампаніі ўнутраныя рэлакейты ў Еўропу на паўзе — ад пачатку года і прыкладна да лета, — таму калі спецыялісты і пераязджаюць, то з сур’ёзных бізнэс-меркаванняў. Так што я закладваю дзесьці год на тое, каб спакойна перабрацца кудысьці яшчэ. 

Куды — пакуль не ведаю. У прыярытэце ў мяне краіны, дзе можна атрымаць новае грамадзянства, магчыма, варта прыгледзецца да Лацінскай Амерыкі. 

Шукаеш працу ў ІТ? Заходзь на jobs.dev.by і першым будзь у курсе самых свежых вакансій

«Можа, здаровы сэнс пераможа»

Палітыкі — меркантыльныя: калі ім выгадна, яны падтрымліваюць беларусаў, якія змагаюцца з дыктатурай. А ў іншых умовах ім выгадна заяўляць, што беларусы падтрымліваюць вайну. У еўрапейскіх краінах палітыкам даводзіцца змагацца за галасы выбаршчыкаў, а выбаршчыкі ў масе не абцяжараныя інтэлектам і чакаюць залатых пігулак і простых рашэнняў. Што адбываецца насамрэч, ніхто не хоча разбірацца.

Не трэба панікі! Па-першае, гэта толькі першае чытанне законапраекта — можа, яшчэ здаровы сэнс пераможа. Па-другое, і цяпер цяжка візы атрымліваць — ну стане яшчэ крыху цяжэй.

У любым выпадку, краіну я пакуль мяняць не планую. Да падаўжэння дазволу на жыхарства ў мяне яшчэ два гады, а за гэты час усё можа памяняцца. 

«Гэта толькі праект, да таго ж быццам ужо і праўкі ёсць»

У нас у суполцы, вядома, пачалося абмеркаванне. Ледзь не да «ўсё, еду ў Польшчу».

Кіраўніцтва кампанii паабяцала звярнуцца да юрыстаў, каб яны на пальцах растлумачылі. Але пакуль гэта толькі праект, да таго ж быццам ужо і праўкі ёсць, якія выкрэсліваюць беларусаў, — таму чакаем.

«Ці заслужылі мы такога стаўлення да сябе?»

Мы з мужам абое айцішнікі, працуем разам у адной кампаніі. У Літве амаль год — і за гэты час кожны з нас прынёс у казну краіны не менш за тысячу еўра падаткаў, а ў суме 20К+. Небагата, скажаце? Так, але калі прыняць пад увагу, што нашая кампанія — найбуйнейшы аўтсорсер, які перавёз сюды сотні сваіх супрацоўнікаў, вымалёўваецца сума ўжо большая. 

Вось як думаеце, ці заслужылі мы такога стаўлення да сябе — каб пераймацца, ці падоўжаць дазвол на жыхарства, ці не падоўжаць, а візы для родных, якіх мы даўно не бачылі, ці адкрыюць, ці не?

Мая калега цяжарная, яна марыла выклікаць сабе на дапамогу маму, каб пасля нараджэння дзіцяці не сядзець самой у дэкрэце. І Літве ж таксама выгадна, каб яна працавала і плаціла падаткі.

Іншая калега бярэ ўрокі літоўскай мовы ў выкладчыцы-расійкі. Тая толькі і кажа пра тое, што не ведае, як быць далей — яны з мужам і дзецьмі ў Літве даўно, ёсць свая кватэра тут, але грамадзянства няма. Калі дазволу на жыхарства ім не падоўжаць, куды падацца? 

Калегі ў чаціку таксама абураюцца, довады ва ўсіх прыкладна такія ж. Зразумела, што ўсе гэтыя размовы — much ado about nothing, а ў выніку «ўсё будзе добра» і «мы ўсё вырашым», «у крайнім выпадку паедзем у Польшчу». Але, як нам здаецца, мы ў прынцыпе не заслужылі ўсіх гэтых мітрэнг. 

«Народ у чаце пачаў паскарацца па рэлакейце з Літвы»

Жыву ў Вільні. І так асаблівых плюсаў ад жыцця тут няма — складаная мова, маленькі рынак, многія тавары пад заказ чакаць або дастаўка з іншых краін ЕС, — а новы закон прымусіў задумацца пра пераезд адсюль з новай сілай.

У чаце, дзе большасць айцішнікаў, народ пачаў паскарацца па рэлакейце з Літвы. Тыя, хто рыхтаваўся, але з нейкай прычыны не ехаў, — сінхронна напісалі, што цяпер з’язджаюць, і менавіта праз закон. Гэта пяць чалавек.


Вы выдаткавалі на гэты матэрыял хвіліну. Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.  

dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.

Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. 

У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

«Иногда литовцы удивляются нашему выбору». Экспаты о жизни в Литве
По теме
«Иногда литовцы удивляются нашему выбору». Экспаты о жизни в Литве
Кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве выраслі за год у 3 разы. Топ-10
Па тэме
Кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве выраслі за год у 3 разы. Топ-10
Литва планирует приостановить выдачу виз и гражданства беларусам
По теме
Литва планирует приостановить выдачу виз и гражданства беларусам
Беларусам, магчыма, не будуць забараняць атрымліваць грамадзянства Літвы
Па тэме
Беларусам, магчыма, не будуць забараняць атрымліваць грамадзянства Літвы

Читать на dev.by