Былы айцішнік, цяпер грабар. Маладыя бізнесмены ў Беларусі — хто яны, колькі ўклалі і навошта ім гэта ўсё. Рэсёрч

Прааналізавалі вынікі анкеты для маладых прадпрымальнікаў у Беларусі-2025.

2 каментарыя

Праект Selfmade in Belarus распавядае пра бізнесы маладых людзей у Беларусі.

У анкетаванні прынялі ўдзел 58 чалавек, гэта нямнога, але такая колькасць заканамерная, улічваючы фокус апытання — маладыя людзі да 40 гадоў, у якіх ёсць бізнес у Беларусі або толькі плануецца. Мы падвысілі планку з 35 да 40 гадоў, каб пашырыць выбарку, і недарма: траціна удзельнікаў апынулася якраз ва ўзросце ад 36 да 40 гадоў. Таксама на апытанне адгукнулася нямала людзей старэйшых за 40 (увогуле кожны пяты), але іх удзел у анкеце мы вымушана звялі да фармальнага (прабачце нас за гэта). 

З агульнай колькасці ўдзельнікаў толькі ў паловы ёсць бізнес, які паўнавартасна функцыянуе, астатнія альбо ў працэсе старту, альбо пакуль толькі мараць аб бізнесе, альбо іх бізнес на паўзе. 

Шырокімі мазкамі

Такім чынам, як выглядае малады прадпрымальнік у Беларусі-2025? Па-першае, ён/яна далёка не юны/ая, кожнаму трэцяму перавалiла за 35 (31%). Тых, хто не старэйшы за 25, усяго 19%, яшчэ 28% — у інтэрвале 25-35 гадоў.

Па-другое, у яго/яе вышэйшая адукацыя (90% удзельнікаў), не звязаная з эканомікай ці бізнесам (80%). 

Па-трэцяе, ён/яна жыве ў Мінску (амаль 60%). Хаця ў абласным цэнтры (20%) або нават у вёсцы (10%) дастаткова маладога прадпрымальніка таксама можна сустрэць.

Зрэшты, далёка не кожны дзелавы чалавек (а толькі кожны другі) будзе мець свой дзеючы бізнес.

Важная апазнавальная прыкмета бізнесмена — свая кампанія. Больш за 60% прадпрымальнікаў з актуальным бізнесам маюць зарэгістраваную юрасобу. Амаль траціна працуе як ІП (гэта ж трэба, ІП яшчэ існуюць) ці з выплатай ППД (хаця ўвогуле прафесійная дзейнасць не з’яўляецца бізнесам), а кожны 11-ы кажа, што ніяк не зарэгістраваны (верагодна, стартаперы).

З высокай доляй верагоднасці (26%) прадпрымальнік працуе ў адзіночку. Аднак хутчэй за ўсё (52%) у яго ў кампаніі ёсць пара-тройка супрацоўнікаў ці нават з дзясятак. У кожнага пятага супрацоўнікаў некалькі дзясяткаў.

І крыху псіхалагічных штрыхоў да партрэта. Больш за палову кажуць аб імкненні да незалежнасці, у тым ліку фінансавай, крыху менш за палову — аб імкненні больш зарабляць (45%) і лідарскіх якасцях (40%), якія прывялі іх у бізнес. У той жа час амаль траціну у бізнес штурхнула немагчымасць знайсці годную працу ў найме, а амаль чвэрць змагла ў найме зарабіць стартавы капітал і вырашыла перайсці на новы ўзровень (тут можна было выбраць некалькі варыянтаў адказу). 

Падобна — пра свабоду выбару і незалежнасць ад кіраўніцтва — маладыя бізнесмены адказвалі і на пытанне пра перавагі ўласнай справы. Усяго трое сказалі, што ім цікава кіраваць людзьмі і ўсяго двое — што свой бізнес дае ім незалежнасць ад дзяржавы.

Што за бізнес

А ў якой сферы працуе гэты сярэднестатыстычны бізнесмен? Хутчэй за ўсё, у ІТ (амаль 40%). 

Тут варта ўлічваць, што анкета распаўсюджвалася перш за ўсё сярод айцішнікаў і вакол айцішнікаў — гэта непазбежна паўплывала на вынікі. 

Аднак сярод удзельнікаў апынулася нямала людзей і з іншых даменаў — паслуг, рознічнага гандлю і нават аграрнага сектара. У катэгорыі «other» — прадпрымальнікі ад спорту, турызму, кветкавага бізнесу.

І вось хто яшчэ:

— уладальнік пункта выдачы тавараў («Мой бізнес просты: адкрыў пункт выдачы маркетплэйса ў пасёлку гарадскога тыпу. Ад бабулі застаўся дом у спадчыну, у Мінску працы ў ІТ не знайшоў. Праеў усе назапашванні і пераехаў у пасёлак, каб арэнду не плаціць. Сяджу зараз на сваім пункце, а калі няма кліентаў, спрабую знайсці працу ў ІТ»)

— былы эйчар, цяпер касір, які ў вольны час пляце і прадае фенечкі;

— рэпетытар па матэматыцы («Выкладаю матэматыку ў каледжы, а рэпетытарства — мой бізнес. Займаюся з вучнямі ў асноўным індывідуальна — анлайн і афлайн. Увогуле ўсё задавальняе, толькі часам крыўдна, што калі б я быў праграмістам, то зарабляў бы нашмат больш. Ну, на жыццё ўсё роўна хапае»).

— былы айцішнік, цяпер вытворца трунаў («Вытворчасць недарагіх трунаў і рытуальных прыналежнасцяў. Апошнія гады ў Расіі вырас попыт на дадзеную прадукцыю. Паспеў своечасова заняць рынак — дапамог стартавы капітал з ІТ. Збіраюся выйсці з ІТ зусім і адкрыць новыя перспектывы не ў ІТ»);

Дзе працуюць, адкуль грошы і колькі зарабляюць

Такім чынам, умоўна малады прадпрымальнік у Беларусі — гэта даволі сталы адукаваны чалавек, які па меркаваннях свабоды і заработку вырашыў адправіцца ў самастойнае плаванне. Які ў яго быў стартавы капітал і адкуль?

У большасці выпадкаў да 10K (ці нават каля нуля), і гэтыя грошы ён проста назапасіў. Але амаль у кожнага трэцяга было некалькі дзясяткаў тысяч у. а. або далей больш за 100К. Прыкладна столькі ж звярталіся да дапамогі сваякоў/знаёмых. А кожнаму шостаму прыйшлося браць крэдыт у банку або іншым спосабам прыцягваць інвестыцыі.

Цяпер самае цікавае — колькі зарабляюць маладыя бізнесмены. Супастаўна з зарплатай у ІТ ці менш. Больш за чвэрць адказалі, што пасля выплаты падаткаў у іх застаецца менш за 1K, але гэта не айцішнікі, а прадстаўнікі іншых бізнесаў, напрыклад, б’юці і сельскагаспадарчага.

Айцішнікі выбіралі звычайна адказы «да 3K» і «да 5K» — такіх  апынулася 36%. Зрэшты, нешматлікія атрымальнікі даходу ў некалькі дзясяткаў тысяч даляраў (іх 9%) таксама з’яўляюцца айцішнікамі. Зыходзячы з таго, што ў іх юрасобах больш за ўсё супрацоўнікаў, гэта невялікія аўтсорс-кампаніі ці студыі распрацоўкі. 

Цікава, што амаль тры чвэрці маладых прадпрымальнікаў адносяць сябе да сярэдняга класа альбо нават вышэй за сярэдні. Чвэрць лічыць, што не дацягвае да сярэдняга класа, або ж проста не ведае.

Трывожныя аптымісты з прыцэлам на экспарт. Кім бачаць сябе маладыя бізнесмены праз 10 гадоў

Распавядаем пра планы і ацэнку бізнес-клімату.

Абсалютная большасць (амаль 90%) удзельнікаў анкеты, якія маюць дзеючы бізнес у Беларусі, арыентуе яго ў тым ліку на ўнутраны рынак, пры гэтым дзве траціны — толькі на ўнутраны. 

Амаль траціна (пытанне дапускала выбар некалькіх адказаў) працуе таксама на расійскі, а кожны шосты — на заходні. У трох выпадках прадпрымальнікі працуюць ва ўсіх трох «баках свету» адначасова, у адным — толькі на расійскі рынак.

З улікам таго, што Расія і так з’яўляецца актуальным рынкам для ўдзельнікаў анкеты, амаль 40% пацвердзілі гатоўнасць пашыраць бізнес у гэтым напрамку. Роўна столькі ж адказалі адмоўна. Астатнія вагаюцца. 

У той жа час перспектывы свайго бізнесу ў Беларусі як вельмі добрыя ацанілі толькі 9% прадпрымальнікаў. Больш за палову лічаць, што патэнцыял унутры краіны ёсць, але таксама шмат рызык. Больш за траціну не ўпэўнены ў добрых перспектывах альбо шукаюць шляхі развіцця на экспарт/за мяжой.

І — крыху аптымізму. Амаль у паловы ўдзельнікаў ёсць бізнес-план на некалькі гадоў наперад, у 40% — на год. Думкі аб будучыні ў 65% выклікаюць надзею на лепшае і асцярожны аптымізм ці нават упэўненасць у лепшым. Зрэшты, у 78% такія разважанні правакуюць трывогу, няўпэўненасць ці страх. Не здзіўляйцеся прапорцыям: проста ў многіх рэспандэнтаў надзея суіснуе з трывогай.

Параіць навічкам Беларусь як месца для бізнесу ў 2025-м, хай і з агаворкамі, маглі б больш за палову ўдзельнікаў. Крыху пазней прывядзем гэтыя агаворкі.

А вось рэйтынг цяжкасцяў у бізнесе. Сярод галоўных — эканамічная сітуацыя ў краіне/рэгіёне, бюракратыя і законы, нізкая пакупніцкая здольнасць.

На просьбу ацаніць ролю дзяржавы ў падтрымцы маладога бізнесу ў Беларусі толькі кожны сёмы-восьмы паставіў станоўчую адзнаку. Кожны чацвёрты-пяты выбраў нейтральную ацэнку — «ні дапамогі, ні перашкод», больш за палову ацанілі ролю дзяржавы «хутчэй адмоўна» (падтрымка слабая або фармальная) ці «адмоўна» (бюракратыя, бар’еры, недавер).

Цікава, што самай запатрабаванай формай дапамогі ад дзяржавы ў маладых бізнесменаў з’яўляюцца не грошы, а прававая альбо бухгалтарская дапамога. Зрэшты, гранты яны таксама хочуць. А вось бізнес-інкубатары, нетворкінг, бясплатныя курсы і настаўніцтва выбіралі значна радзей — альбо таму што лічаць іх менш карыснымі, альбо таму, што жадалі б атрымліваць такога роду дапамогу не ад дзяржавы, а ад прыватных структур.

На амаль эйчарскае пытанне пра «дзе б вы хацелі быць праз 10 гадоў» толькі кожны чацвёрты абмежаваў сябе Беларуссю. Большасць (40%) хацелі б развіваць бізнес на экспарт/за мяжой. Кожны пяты да гэтага часу марыць прадаць бягучы бізнес і альбо запусціць новы, альбо жыць у сваё задавальненне.

Тыя самыя агаворкі і парады

А вось што маладыя прадпрымальнікі раяць тым, хто толькі пачынае/плануе свой бізнес у Беларусі:

  • «Не браць крэдыты ні на стартавы капітал, ні на астатнія выдаткі — нават калі верагоднасць прагарэць мінімальная».
  • «Уважліва вывучайце ПК, а лепш вазьміце кансультацыю ў дасведчаных людзей. Так, каштуе грошай, але дапаможа пазбегнуць многіх праблем».
  • «Рознічны бізнес. Самая вялікая праблема — пакупніцкая здольнасць насельніцтва + знакаміты ўказ аб цэнаўтварэнні».
  • «[Памятайце, што ёсць] велізарная куча ўказаў, законаў, пастаноў, абмежаванняў, юрыдычных нюансаў, пра якія ніхто і нідзе не падкажа, але аштрафуе».
  • «Усяму свой час. І чалавек павінен сам дарасці да прадпрымальніцтва. Або не. Не ўсе могуць імі быць. Галоўнае — навучыцца рабіць што-небудзь патрэбнае людзям і рабіць добра, а лепш — лепш за ўсіх».
  • «Я працавала HR/кар’ерным кансультантам у добрай кампаніі. Кампанія скараціла персанал у Беларусі і перавезла частку супрацоўнікаў. Год шукала працу, але амаль ніхто не адгукаўся на маё CV. Уладкавалася касірам у „Санту“. Адкрыла ІП і па вечарах, калі кліентаў мала, пляту фенечкі, прадаю на Wildberries і Ozon. Дзяўчынкі, як мага даўжэй трымайцеся за вашу працу, нікому ў Беларусі не патрэбны паспяховы кар’ерны кансультант!»
«Для душы». Гісторыя пра тры працы: айцішнік вечарам таксуе, каб было што ўкласці ў свой турбізнес
Па тэме
«Для душы». Гісторыя пра тры працы: айцішнік вечарам таксуе, каб было што ўкласці ў свой турбізнес
«Таксіст меў рацыю». Прадпрымальныя маладыя людзі распавялі, што тармозіць іх невялікія бізнесы
Па тэме
«Таксіст меў рацыю». Прадпрымальныя маладыя людзі распавялі, што тармозіць іх невялікія бізнесы
«Вырасціць у краіне бізнес на мільярд, як у 2019, не атрымаецца». Як змяніліся правілы гульні — фармальныя і не надта
Па тэме
«Вырасціць у краіне бізнес на мільярд, як у 2019, не атрымаецца». Як змяніліся правілы гульні — фармальныя і не надта

Читать на dev.by