Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«За грашыма — гэта ў сантэхнікі». Айцішнік не зарабіў і $500 на дзвюх працах

Аляксей паспрабаваў увайсці ў ІТ у 2022-м. Занадта позна, як ён цяпер лічыць. Да гэтага працаваў пераважна рукамі, і ў ягоным выпадку — з эпілепсіяй — гэта часта была праца «да першага прыступу». Але, здаецца, да яе давядзецца вярнуцца. На двух айцішных працах ён змог зарабіць за месяц усяго толькі 1300 рублёў. 

Пакінуць каментарый
«За грашыма — гэта ў сантэхнікі». Айцішнік не зарабіў і $500 на дзвюх працах

Аляксей паспрабаваў увайсці ў ІТ у 2022-м. Занадта позна, як ён цяпер лічыць. Да гэтага працаваў пераважна рукамі, і ў ягоным выпадку — з эпілепсіяй — гэта часта была праца «да першага прыступу». Але, здаецца, да яе давядзецца вярнуцца. На двух айцішных працах ён змог зарабіць за месяц усяго толькі 1300 рублёў. 

Мы звязаліся з Аляксеем пасля ягонага рэзананснага допісу ў Threads — вось ягоная гісторыя, раптам вы зможаце прапанаваць яму парады або працу. 

«8 гадоў на складзе — ад грузчыка да начальніка аддзела»

Увогуле я па адукацыі тэхнік-эканаміст — скончыў каледж. А потым кім толькі не працаваў: і аздабляльнікам, і на вытворчасці электронікі, потым 8 гадоў на складзе — ад грузчыка да начальніка аддзела. 

Справа ў тым, што ў мяне эпілепсія: мяне і браць не павінны на такую працу, але хочаш жыць — умей круціцца (дзесьці ж мне трэба працаваць), я здабываў даведкі, што ўсё ок, і мяне працаўладкоўвалі. Потым, вядома, падзеі развіваліся па адным і тым жа сцэнары: я працаваў да першага прыступу — а далей са мной развітваліся. 

Напрыклад, я быў кіроўцам штабелёра — гэта пагрузчык, які падымае тавары на вялікую вышыню. Праца мне падабалася, і заробак у мяне быў нядрэнны на той час — каля 800 долараў. Але пастаянная рызыка, што звольняць у любы момант — людзям з эпілепсіяй на вышыні працаваць нельга, — а яшчэ кантынгент вакол не вельмі: у асноўным п’яніцы, з якімі і пагаварыць няма пра што. 

Таму пасля пандэміі я вырашыў для сябе: трэба пераходзіць у ІТ. Тым больш, што я тады ўжо вярстаць умеў, ведаў HTML і CSS — праходзіў сам па злітых у інтэрнэт курсах. 

«Разлічыў так, каб грошай хапіла на год вучобы, — а там уладкуюся ў ІТ-кампанію»

Насамрэч ніколі б не падумаў, што выберу гэты шлях. Я вучыўся ў фізмат-класе — вось мае аднакласнікі хварэлі праграмаваннем, а я на інфарматыцы не разумеў, што ўвогуле адбываецца. На камп’ютары толькі фільмы глядзеў ды ў гульні гуляў — нават Windows не мог пераўсталяваць. Потым, вядома, ўсяму навучыўся.

Ну, вось я неяк патроху стаў разбірацца для сябе. І тут здарыўся новы прыступ — мяне, як і чакалася, звольнілі. Але якраз у той момант у мяне з’явіліся грошы — 6 тысяч долараў: прадалі бабулін пакой і падзялілі паміж усімі ўнукамі. 

І я вырашыў: не буду нікуды ўладкоўвацца працаваць — буду вывучаць JavaScript і React. Разлічыў так, каб маіх грошай хапіла на год вучобы, — а там, глядзіш, уладкуюся ў ІТ-кампанію як джун. Знайшоў добрыя курсы — ад RS School, прайшоў спачатку падрыхтоўчы курс, потым асноўны курс па JS і яшчэ курс па React. Так, вучыўся, скрыгочучы зубамі, але магу з гонарам адзначыць, што на асноўны курс па JS запісалася 12000 чалавек, а скончыла — каля 1000. На курсе па React і таго менш фінішавала — 100 чалавек з 1200 запісаных, і я сярод іх.

На жаль, на двары быў 2022 год — не паспеў я скончыць курсы, як пачаўся вялікі адыход ІТ-кампаній з Беларусі.

«Закідвай усіх сваімі рэзюмэ! І я закідваў»

З пошукам працы ў мяне неяк не склалася: спрабаваў і на джоббордах шукаць, і на LinkedIn — адгукаўся на ўсё запар, суправаджальныя лісты пісаў пад кожную кампанію свае, але 90% сышлі, як вада ў пясок. Магчыма, у кампаніях маё рэзюмэ нават не глядзелі. 

З буйных кампаній падаваўся ў EPAM і ў IsSoft — але ў мяне англійскай няма зусім, а ў іх замежныя заказчыкі. 

У RS School у мяне быў ментар, ён казаў: «Пішы шмат — закідвай усіх сваімі рэзюмэ!» І я закідваў. Была нават забаўная сітуацыя: адзін каледж шукаў адміністратара сайта, заробак невысокі — 400 рублёў у месяц, але і працаваць трэба было гадзіны 2 у дзень. Я ім напісаў, але яны адрэагавалі неяк так: «Ты хто, дзядзька?» 

Напэўна, разлічвалі на кагосьці з дыпломам (або хаця б не адразу пасля курсаў). Мне потым адказалі, што ўзялі свайго ж студэнта.

Тэставых заданняў, думаю, я выканаў каля 15 за ўвесь час — але эйчары то пісалі, што нейкія іншыя кандыдаты зрабілі лепш, чым я, іх і ўзялі, а то і зусім нічога не адказвалі. 

Каб штаны не ўпалі, пайшоў рабіць каўбасу. Свае грошы я праеў — і стаў улазіць у даўгі. Адна знаёмая прапанавала: «Хадзем да нас!» — у дачынную кампанію «Еўраопта», графік 2/2, заробак — 800 рублёў.

Вось я два дні па 12 гадзін каўбасу круціў, а два іншых — тэставыя рабіў, на вакансіі адгукаўся ды заказы на Upwork і Kwork шукаў. Але я ж там толькі зарэгістраваўся, у мяне ніводнага водгуку — а там ёсць студыі, у якіх па 100+ станоўчых водгукаў і ацэнка 4,9. Ну і як я са сваім нулём супраць іх? 

Праз 3 месяцы стрэс і жудаснае стамленне спракавалі новы прыступ. Мяне зноў звольнілі (я на мясарубцы працаваў — ім, зразумела, праблемы з такімі, як я, не патрэбны). Тады я вырашыў: хопіць — не буду больш працаваць рукамі. 

І якраз пашанцавала: знайшоў на rabota.by вакансію ад кампаніі, якая прадавала прэпараты з сушаных грыбоў. Уладкаваўся да іх адміністратарам сайта — за 1000 рублёў у месяц. Але вельмі хутка ўзяў яшчэ «нагрузку»: стаў выдаваць заказы, потым яшчэ прыдумаў сабе абавязкі — Instagram весці, і яшчэ… Атрымліваў у сярэднім 2300 рублёў, хоць і не шыкоўна, аднак жыць можна.

У майго працадаўцы было два сайты на CS-карце, я зрабіў яшчэ два — разам чатыры. Працы хапала. Але потым магазін зачыніўся — мяне звольнілі. 

«У першы месяц было 4 задачы — я зарабіў 600 рублёў, а ў наступны — ніводнай»

Далей я нядоўга быў без працы: я ж ужо меў досвед у адміністраванні сайтаў, ну, і знайшоў працу ў краме электрыкі — рабіць усё тое ж самае, але цяпер на Bitrix. 

Там мне далі аклад у 1000 рублёў і прапанавалі астатнюю суму дабіраць з продажаў — належыў адсотак. Толькі праз месяц я зразумеў: продажаў няма. Я сказаў: хлопцы, давайце я сыду на дыстанцыйку, і вы мне будзеце толькі 1000 плаціць, а я буду рабіць для вас усё, але паралельна яшчэ які праект або другую працу пашукаю. Яны пагадзіліся.

Так я і працаваў. Але потым ужо мой працадаўца прыйшоў з прапановай: давай я буду плаціць толькі за выкананыя задачы — а ты будзеш іх сам ацэньваць. Ударылі па руках. У першы месяц у мяне было 4 задачы — я зарабіў 600 руб, а ў наступны — ніводнай. Ужо не так здорава, праўда?!

Так, я шукаў, вядома, працу — адгукаўся ўсюды, дзе мог, але неяк глуха. Адзін раз ад адчаю падаўся на кантэнт-менеджара. І тут званок: «Аляксей, вы ўсё яшчэ шукаеце працу?» — «Ну, так». Мая суразмоўніца спытала, што я ўмею. І я хвілін за 15 усю паднагатную ёй выклаў — амаль як вам: і што сайты ўмею рабіць, якія хочаш, і Telegram-ботаў… 

Яна абяцала перадаць маё рэзюмэ дырэктару, маўляў, ён мне прызначыць інтэрв’ю па відэасувязі. На наступны дзень мы з ім ужо далучыліся. Размаўлялі каля гадзіны. У выніку ён сказаў: калі мяне зацвердзяць, — трэба будзе прайсці сумоўе яшчэ афлайн. О Божа! Ну, давайце.

І так — на наступны дзень я прыйшоў да іх у офіс на вочнае інтэрв’ю. На ім мы таксама размаўлялі, напэўна, гадзіны паўтары. Аказалася, у іх невялікая вэб-студыя — робяць сайты на Joomla.

«Раней з кожнага праса раілі: ідзі ў ІТ. І вось цяпер айцішнікаў поўна» 

Мне прапанавалі працаваць кантэнт-менеджарам: на выпрабавальным тэрміне — 700 рублёў. Я, вядома, зацікавіўся, як можна пражыць на такую суму. Дырэктар нібыта пагадзіўся са мной: «Ну, так…» А потым адразу: «Ну, увогуле ў нас 100 чалавек у чарзе стаіць — аднак мы хочам узяць кагось з досведам, каб кандыдат адразу мог працаваць». 

Я спрабаваў пярэчыць: маўляў, калі хочаце кагосьці з досведам — то за гэта якраз і трэба плаціць больш.

Але ў нечым ён мае рацыю: калі зайсці на rabota.by і адкрыць любую вакансію — там па 400 водгукаў ад кандыдатаў.

Раней з кожнага праса раілі: ідзі ў ІТ — і вось цяпер айцішнікаў поўна, а каб зарабіць грошы, трэба ісці ў сантэхнікі або электрыкі. 

Таму я ўсё ж пагадзіўся — вельмі ўжо хацелася, каб у мяне з’явіўся досвед працы менавіта ў ІT-кампаніі: у рэзюмэ такі радок не залішні, самі разумееце.

Яшчэ падкупіла тое, што дырэктар сказаў: варыянтаў у іх шмат — можна і ў вёрстку пайсці, і SEO займацца, а захачу праграмаваць — таксама калі ласка! Чым больш робіш — тым больш атрымліваеш, мяжы няма. А я яшчэ адціснуў сваю ўмову: раз ужо мне будуць плаціць па 700 рублёў, то я буду працаваць па 6 гадзін у дзень, а не па 8.

Ну, вось мае вынікі за месяц працы: ад адной кампаніі атрымаў 600 рублёў, ад другой — 700. Я часта чытаю ў Threads, што айцішнікі шмат атрымліваюць. А тут я і айцішнік, і прац нібыта дзве — а зарабіў 1300 рублёў.

Пасля выпрабавальнага тэрміну мой заробак складзе 1100 рублёў. Але гэта таксама вельмі мала. Я пагаварыў з дырэктарам, што хачу рабіць больш, — ён днямі загадаў спампаваць праграмы для SEO і з наступнага тыдня будзе ўводзіць мяне ў курс справы. Я ўжо спампаваў курсаў — вывучаю, а ў мінулым месяцы прачытаў дзве кнігі.

«Ніякай працы не баюся. Гіпсавыя коцікі ў мяне таксама атрымліваліся класныя»

Адна жанчына прыйшла ў асабістыя — пагаварыць, даць параду. Я прызнаўся ёй, што 600 рублёў мне заплацілі за працу, на якую я выдаткаваў 12 гадзін чыстага часу. І яе як бамбанула. «Так ты ўсіх падмануў!» — яна стала пісаць, што раз я за паўдні столькі атрымаў, то за астатнія 20 дзён мог бы 4 тысячы долараў зарабіць — але я «лянівы» і «аддаю перавагу ныць у Threads». 

Яшчэ мне пісалі, што айцішнікі апрыёры не могуць быць беднымі. Эх, калі б — цяпер ужо не тыя часы.

Да пандэміі я мог бы са старту мець ад 500 долараў да тысячы з тымі ведамі, што атрымаў у RS School, — гэта дакладна! У нас са склада тры чалавекі сышло ў ІT, я — самы апошні. Адзін хлопец яшчэ падчас вучобы на курсах уладкаваўся ў адну кампанію, праз год — у другую… А цяпер жыве ў Польшчы, і ў яго заробак каля 4 тысяч долараў, мне здаецца.

Другі мой прыяцель зайшоў праз фрыланс: знайшоў заказ — зрабіў, потым яшчэ адзін для таго ж кліента, і яшчэ. А далей яго ўзялі на пастаянку. Праз гэту кампанію ён знайшоў сабе кліента — і цяпер працуе напрамую на дзве ізраільскія кампаніі, а жыве ў Мінску.

Мы нядаўна з ім бачыліся, ён сказаў: «Я зараблю або добра, або вельмі добра». 

Але я нікому не зайздрошчу, усім зычу ўдачы — і сабе таксама. Вельмі ўжо хочацца, каб і ў мяне, нарэшце, склалася ў ІТ, і ў тых, хто туды імкнецца. 

Цяпер усе кажуць, што айцішнікаў заменіць AI. Я гэтага не баюся. Ну, нейкія больш-менш простыя задачы ён, вядома, забярэ ў распрацоўшчыкаў (я і сам з задавальненнем аддаю — вельмі падабаецца выкарыстоўваць), але складаныя рэчы па-ранейшаму будуць рабіць праграмісты, мне здаецца.

А ўвогуле я ніякай працы не баюся і спрабую новае пастаянна, ніякі AI за мной не ўгнацца. У мяне ёсць яшчэ адзін акаўнт у Threads — праз яго я прадаваў гіпсавых коцікоў. Зарэгістраваўся ў дадатку «Прафдаход» — а роўна праз месяц прыйшло паведамленне, што самазанятыя будуць плаціць па 45 рублёў падатку, нават калі нічога не заработалі за месяц. Ну, каб я зарабляў на коціках па 450 рублёў — гэта зразумела, але ў першы месяц я прадаў на 320 рублёў, у другі — на 100, а ў трэці наогул нічога не зарабіў. Таму я закрыў ППД.

А шкада, коцікі ў мяне атрымліваліся класныя.

«Сёння хваляць заўтра звольняць без ваганняў». Як жонкі ўтрымліваюць айцішнікаў якія страцілі працу
«Сёння хваляць, заўтра звольняць без ваганняў». Як жонкі ўтрымліваюць айцішнікаў, якія страцілі працу
Па тэме
«Сёння хваляць, заўтра звольняць без ваганняў». Як жонкі ўтрымліваюць айцішнікаў, якія страцілі працу
«Самі прадаём сябе танней». Як зп айцішніц адрозніваюцца ад зп айцішнікаў
«Самі прадаём сябе танней». Як зп айцішніц адрозніваюцца ад зп айцішнікаў
Па тэме
«Самі прадаём сябе танней». Як зп айцішніц адрозніваюцца ад зп айцішнікаў
Кампаніі забілі на джунаў. Што будзе калі памруць усе сеньёры?
Кампаніі забілі на джунаў. Што будзе, калі памруць усе сеньёры?
Па тэме
Кампаніі забілі на джунаў. Што будзе, калі памруць усе сеньёры?

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.