«Уладкаваўся — і паўгода на бэнчы». Буйны аўтсорсер звальняе ў Польшчы

iTechArt, другая паводле памеру ІТ-кампанія ў Беларусі, скарачае штат польскага офіса, пра гэта dev.by расказалі супрацоўнікі. 

113 каментарыяў

Пад скарачэнне трапілі, у прыватнасці, некаторыя спецыялісты на бэнчы. Са слоў экс-супрацоўнікаў, звальненні былі нечаканымі, часам «цягам некалькіх дзён».

Офіс у Польшчы iTechArt адкрыла ўвосень 2020 года. Цяпер у кампаніі ёсць офісы ў 5 гарадах — Варшаве, Уроцлаве, Гданьску, Лодзі і Кракаве. На афіцыйным сайце ёсць інфармацыя пра планы наконт офіса ў Познані.

У лінкедзіне 650+ чалавек пазначылі ў якасці актуальнага месца працы iTechArt, у якасці лакацыі — Польшчу. Каля 40 з іх у пошуку працы.

Як расказаў адзін з былых супрацоўнікаў, у польскі офіс ён уладкаваўся яшчэ летась увосень. «Паверыў абяцанням кампаніі пра праекты на выбар (хоць на той момант рынак ужо прасядаў), магчымасць прафесійнага і кар’ернага росту і іншае». Аднак за паўгода ў кампаніі ў яго было ўсяго адное сумоўе (няўдалае) на ўдзел у праекце.

—Ад моманту прыходу ў кампанію я ўвесь час быў на бэнчы. У iTechArt ёсць спецыялісты, якіх нанялі яшчэ да майго прыходу. І яны дагэтуль не схадзілі на ніводнае сумоўе. Наогул, да новага года на бэнчы сядзела шмат людзей. Кіраўніцтва запэўнівала, што пасля новага года пасыплюцца праекты. Але па факце гэтага не адбылося і людзей пачалі звальняць. Кагосьці папярэджвалі загадзя пра звальненне, кагосьці звальнялі дзень у дзень, прапаноўваючы расстацца на ўзаемную згоду. Маю калегу менеджар запрасіў на размову ў пятніцу ўвечары і сказаў, што гэта яе апошні працоўны дзень. Далі падпісаць паперу і да пабачэння. 

Са слоў яшчэ аднаго экс-супрацоўніка iTechArt, яго звольнілі цягам некалькіх працоўных дзён.

— Запрасілі, папрасілі падпісаць заяву аб скасаванні кантракта на пагадненне бакоў. Праз дзень я ўжо здаў тэхніку. Пры сыходзе выплацілі кампенсацыю за два працоўныя тыдні. Выразнай аргументацыі наконт прычын звальнення не было. Патлумачылі нешта ў духу «сітуацыя ў ІТ дрэнная». У гэты момант я быў на бэнчы. А ўлічваючы, што я быў яшчэ і джуном з невялікім досведам, то-бок па сутнасці найслабейшым чалавекам у камандзе, то выбар, каго звальняць, быў відавочны.

Паводле слоў экс-супрацоўніка iTechArt, «непрыемна» было не самое звальненне як такое.

— Калі працы няма, то тут складана штосьці зрабіць. Непрыемна здзівіла нечаканае звальненне без папярэдняга папярэджання і абмеркавання сітуацыі з боку менеджара. Хоць у цэлым атмасфера ў кампаніі падабалася.

Са слоў суразмоўцаў, звальненні ў польскіх офісах былі ў лютым-сакавіку. Але нават прыкладнай колькасці звольненых яны не знаюць.

«Чуў ад калегі з варшаўскага офіса, што ў дзень па Польшчы маглі звольніць 10-15 чалавек. Таксама чуў, што ва Уроцлаве кампанія 1 сакавіка прыняла на працу распрацоўшчыка, а ўжо 7 сакавіка яго звольніла», — падзяліўся адзін з экс-супрацоўнікаў iTechArt.

Нягледзячы на звальненні, кампанія працягвае наймаць спецыялістаў у польскі офіс. Аднак колькасць адкрытых вакансій рэзка скарацілася. Калі пры канцы лета мінулага года на сайце кампаніі было 150+ вакансій для працы ў польскіх офісах, то цяпер мы знайшлі ўсяго сем.

Мы звярнуліся па каментары ў iTechArt. Апублікуем адказы, калі атрымаем. 

iTechArt Group

Займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння і кансалтынгам, спецыялізуецца на вэб і мабільным праграмаванні. Уваходзіла ў топ-500 самых хуткарослых кампаній Амерыкі паводле версіі Financial Times, а таксама ў топ-500 тэхналагічных кампаній Паўночнай Амерыкі, якія развіваюцца дынамічней за ўсіх, паводле версіі Deloitte. 

Офісы кампаніі адкрытыя ў 12 краінах. У штаце працуе каля 3,5 тысяч супрацоўнікаў. 

За мінулы год беларускі ІТ-сектар страціў больш за 16 тысяч спецыялістаў. За студзень гэтага года адток склаў 600+ чалавек. ІТ-кампаніі вымушаныя карэктаваць штаты з улікам сітуацыі на рынку і недахопу (адсутнасці) новых праектаў, а таксама ў сувязі з сыходам з Беларусі. Пры гэтым звальненні закранаюць каманды не толькі ў РБ, але і ў замежных офісах. Раней мы пісалі пра звальненні ў Innowise Group, Belka Games, Playgendary, WannaPlay, Playrix, Viber.


Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :) 

У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

У другой паводле памеру ІТ-кампаніі Беларусі — вялікія перамены. Што вядома?
Па тэме
У другой паводле памеру ІТ-кампаніі Беларусі — вялікія перамены. Што вядома?
«4 дні папрацавала і збегла». Айцішнікі расказалі пра самыя хуткія звальненні
Па тэме
«4 дні папрацавала і збегла». Айцішнікі расказалі пра самыя хуткія звальненні
Белстат не паказаў страт ІТ-сектара за студзень. Але мы палічылі
Па тэме
Белстат не паказаў страт ІТ-сектара за студзень. Але мы палічылі
У кампаніі з топ-20 расказалі, каго звальняюць праз новыя запыты рынку
Па тэме
У кампаніі з топ-20 расказалі, каго звальняюць праз новыя запыты рынку

Читать на dev.by