Вядомы распрацоўшчык фітнэс-праграм закрывае кампанію ў Беларусі
Вядомы распрацоўшчык фітнэс-праграм Verv ліквідуе юрыдычную асобу ў Беларусі — кампанію «Рэд Рок». Такая інфармацыя з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістра. Рашэнне пра ліквідацыю было прынятае ўласнікам.
Афіцыйна кампанія пачала працэдуру ліквідацыі ад лістапада мінулага года. Таксама кампанія знікла са спісу рэзідэнтаў ПВТ (увайшла ў Парк летам 2014 года — заўв. dev.by).
Кампанію Verv (першапачаткова называлася Red Rock Apps) у 2013 годзе заснавала Любоў Пашкоўская разам з двума кафаўндарамі. Кампанія стварае мабільныя праграмы ў катэгорыі Health and Fitness. У 2018 годзе Red Rock Apps стала самым пампаваным выдаўцом у сваім сегменце (даныя App Anie) і памяняла назву на Verv. Любоў Пашкоўская трапіла ў спіс найлепшых ІТ-бізнэсвумэн Еўропы паводле версіі Forbes — «Europe’s Top 50 Women In Tech».
На той момант Verv уваходзіла ў топ стваральнікаў фітнэс-праграм у Еўропе і ЗША, а колькасць спамповак распрацовак кампаніі перавышала аналагічныя паказчыкі Fitbit і Nike.
Таксама Verv уваходзіла ў топ-10 паблішараў з беларускімі каранямі паводле памеру выручкі. Паводле даных Sensor Tower, па выніках 2021 года выручка Verv склала каля 13 мільёнаў долараў. Праграмы Verv спампавалі больш за 5 мільёнаў разоў.
На пачатку мінулага года Любоў Пашкоўская паведаміла аб сваім сыходзе з Verv. На той момант яна заставалася CEO Predicted.io. Гэта маркетынгавая аналітычная платформа, якая прагназуе выручку ад прыцягнутых карыстальнікаў.
У мінскім офісе Verv раней працавала каля 100 супрацоўнікаў. Цяпер у лінкедзіне мы знайшлі профілі 55 чалавек, якія пазначылі ў якасці актуальнага месца працы Verv. Толькі некалькі з іх пазначылі Беларусь у якасці сваёй лакацыі. Большасць супрацоўнікаў знаходзяцца ў Польшчы.
Verv папоўніла спіс вядомых мабільных распрацоўшчыкаў з беларускімі каранямі, якія ліквідуюць кампанію ў РБ. У гэтым спісе Flo, Wannaby, Playgendary, Vochi. Таксама з Беларусі сышоў геймдэў-гігант Playrix.
Читать на dev.by