Кампаніі гатовыя плаціць да 100K на супрацоўніка, каб рэлакаваць і прымусіць хадзіць у офіс
Некаторыя кампаніі так моцна хочуць вярнуць людзей у офісы, што гатовыя марнаваць дзясяткі тысяч долараў, каб дапамагчы ім з пераездам, расказвае Wall Street Journal. Сярод такіх — энергетычная кампанія Chevron, рытэйлер Walmart, фармацэўтычныя, тэхналагічныя ды іншыя кампаніі.
Спецыялісты рэкрутынгавай платформы ZipRecruiter налічылі ў ЗША 3,8 млн вакансій, у якіх згадваецца рэлакацыйны бонус — у 2020-м такіх было толькі 2 млн. Таксама рэлакейт-бонус фігуруе ў 75% аб’яў аб працы джабборда Indeed.
Паводле даных сэрвісу ARC Relocation, які дапамагае кампаніям рэлакаваць кадры, пераезд аднаго новананятага супрацоўніка можа абыходзіцца ім у $19 тысяч у выпадку, калі чалавек здымае жытло, і да $72 тысяч — калі валодае нерухомасцю. Даражэй рэлакаваць дзейных супрацоўнікаў: ад $24 тысяч у выпадку арандатараў да $97 тысяч — домаўладальнікаў.
«Мы назіраем значны прыток кліентаў ад таго моманту, калі кампаніі пачалі патрабаваць ад аддаленых супрацоўнікаў вярнуцца ў офіс», — падзяліліся ў ARC Relocation з Insider.
Там кажуць, што самыя вялікія выдаткі прыпадаюць на рыэлтараў, якіх наймаюць для суправаджэння куплі і продажу нерухомасці супрацоўнікамі. Камісія такіх агентаў за сярэднестатыстычны дом складае $21 тысячу. Акрамя таго, людзям могуць кампенсаваць запакоўку і дастаўку маёмасці, а таксама некалькі месяцаў арэнды карпаратыўнага жытла.
Воблачная кампанія Appian з Віргініі аплаціла пераезд у штат 109 аддаленым супрацоўнікам, якія ўладкаваліся да яе на працягу апошніх трох гадоў. Там адзначылі, што «вераць» у працу твар у твар.
Кампаніі выкарыстоўваюць не толькі заахвочвальныя, але і застрашлівыя метады для вяртання супрацоўнікаў у офіс. Напрыклад, у JPMorgan старэйшых менеджараў абяцалі пакараць, калі яны не будуць у офісе тры дні на тыдзень. У сакавіку Twitter абавязаў усіх быць у офісе, а ў Tesla тым, хто не пажадаў, сказалі шукаць новую працу. Amazon адмовілася прыслухацца да 30 тысяч сваіх супрацоўнікаў, якія выказаліся супраць офісаў — нягледзячы на тое, што ў вызначаны тэрмін яны не будуць гатовыя прыняць людзей.
Читать на dev.by