Мінімум чатырох айцішнікаў ужо арыштавалі за данаты. Што пра гэта вядома

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 31 сакавіка ў Мінску пачаўся суд над праграмістам кампаніі Netcracker Русланам Завадзічам. Яго абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула (ч. 2 арт. 361-2 КК — «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») за данаты фонду ў жніўні 2020 года. 

Гэта ўжо чацвёрты за месяц вядомы выпадак арышту або суда за данаты ў фонды. На затрыманых заводзяць крымінальныя справы.

Невядома, ці звязаныя нейкія з гэтых затрыманняў са «спісамі» з ПВТ і адмовай/згодай пагутарыць з КДБ і зрабіць «пакаянны» данат у дзяржфонды.

87 каментарыя

Праваабаронцы паведамляюць, што Руслана Завадзіча затрымалі яшчэ пры канцы кастрычніка 2022 года. Спачатку ён знаходзіўся на Акрэсціна, затым яго перавялі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Знаёмыя Руслана паведамілі юрыстам, што на яго завялі крымінальную справу нібыта за два данаты на суму ў $50 у фонд у жніўні 2020 года і пераказ на суму каля $25 Валерыю Цапкалу ў 2021 годзе.

Паведамляецца, што Руслан мог рабіць данаты ў біткойнах «праз беларускую біржу».

Фонды BY_help і BySol у Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў снежні 2021 года. Заснавальнікаў Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака завочна абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання», арт.361-2.

Змест

Данаты праз біржы таксама празрыстыя для сілавікоў?

Пакуль гэта адзіны вядомы выпадак пераследу за данаты крыптавалютай (калі атрыманая праваабаронцамі інфармацыя слушная).

Ад пачатку 2023 года на аловак да сілавікоў траплялі людзі, якія рабілі данаты праз Facebook Pay. Інфармацыю пра транзакцыі ў бок фэйсбука сілавым органам маглі даць беларускія банкі. Людзі, якія пабывалі на допытах у КДБ, расказвалі, што супрацоўнікі камітэта правяралі праграму фэйсбук на іх тэлефонах.

Паведамляецца, што Руслана Завадзіча затрымалі яшчэ ўвосень мінулага года, таму інфармацыю пра данаты праз крыптабіржу сілавікі маглі атрымаць пры ператрусах або допытах.

Тым не менш, тэарэтычна  сілавікі могуць мець доступ да спісаў і тых, хто ў 2020 годзе рабіў данаты праз беларускія крыптабіржы.  

У 2021 годзе ўлады Беларусі прынялі законы аб узмацненні кантролю над сферай крыптавалют. У прыватнасці, цяпер адміністрацыя ПВТ мае права «запытваць і атрымліваць у рэзідэнтаў, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, звесткі і інфармацыю ў пытаннях іх дзейнасці ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці».

У Беларусі легальна працуюць чатыры крыптабіржы. Усе яны з’яўляюцца рэзідэнтамі ПВТ.

На думку заснавальніка фонду Андрэя Стрыжака, у сілавікоў ёсць магчымасць атрымліваць інфармацыю пра данаты праз беларускія крыптабіржы, бо ўсе яны знаходзяцца пад кантролем уладаў. Аднак пра выпадкі пераследу за такія данаты (акрамя гісторыі Руслана Завадзіча) яму невядома. Паводле слоў Стрыжака, пераважная колькасць данатаў летам-восенню 2020 года здзяйснялася праз грашовыя пераказы ў фэйсбуку.

Каго яшчэ затрымалі за данаты

  • 16 сакавіка праваабаронцы паведамілі пра затрыманне былой працаўніцы Wargaming Ксеніі Алькенавай. Відэа з ператрусам у яе кватэры з’явілася ў тэлеграм-канале, які звязваюць з беларускімі сілавікамі. Паведамлялася, што ў 2020–2021 гадах Ксенія нібыта заданаціла ў фонды салідарнасці праз фэйсбук 425 долараў у агульнай суме. На яе завялі крымінальную справу за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.2 арт. 361-2).
  • 30 сакавіка стала вядома пра арышт праз данаты яшчэ аднаго айцішніка — супрацоўніка EPAM Андрэя Баранава. Сілавікі правялі ператрус у яго кватэры. Паводле папярэдняй інфармацыі, Андрэю ставяць у віну арт. 290-1 КК РБ «Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці».
  • 31 сакавіка праваабаронцы паведамілі пра суд над айцішнікам з Ліды Віталём Чарнавусавым. Яго затрымалі яшчэ летам 2022 года, суд адбыўся ў снежні. Вынік суда невядомы, але ён таксама праходзіў па артыкуле 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, айцішніка судзілі за данаты.

Кантэкст: што мы ведаем пра спісы тых, хто данаціў, і ці варта гутарыць з КДБ

На пачатку 2023 года ў ІТ-кампаніі пачалі прыходзіць спісы тых, хто данаціў у фонды. Крыніцы dev.by сцвярджалі, што такія спісы нібыта рассылае адміністрацыя ПВТ.

Тых, хто данаціў, прасілі прыйсці ў КДБ. Пазней высветлілася, што ў КДБ выклікаюць не толькі айцішнікаў, але і працаўнікоў банкаў і іншых кампаній. 

Паводле інфармацыі беларускіх медыя, КДБ мог атрымаць з беларускіх банкаў спісы тых, хто рабіў транзакцыі ў бок фэйсбука пры канцы лета-восенню 2020 года (фонды збіралі грошы ў тым ліку праз плацяжы ў фэйсбуку). 

Супрацоўнікі КДБ правяраюць тэлефоны людзей, якія падазраюцца ў данатах. Адзін з суразмоўцаў dev.by, які пабываў на гутарцы ў КДБ, пацвердзіў, што паказваў свой асабісты кабінет у праграме Facebook на тэлефоне. 

Калі факт даната пацвярджаецца, супрацоўнік КДБ просіць зрабіць новы данат (часта ў 10 разоў большы, ніж папярэдні) у дзяржарганізацыі. Напрыклад, чытачы dev.by пасля гутаркі з сілавікамі рабілі данаты ў дзіцячыя дамы і бальніцы. Пасля такой «кампенсацыі» сілавікі абяцаюць даслаць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Прычым людзям, якіх выклікаюць у КДБ, не паказвалі дакументаў аб узбуджэнні крымінальных спраў супраць іх. 

Юрысты звярталі ўвагу на тое, што такая адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы не з’яўляецца гарантыяй бяспекі для людзей, якія трапілі ў спісы тых, хто данаціў: «Ёсць верагоднасць, што да гутаркі і дачы прызнальных паказанняў у людзей няма ніякага статусу ў крымінальнай справе. Выпіскі-пацверджанні з фэйсбука і інтэрнэт-банкінгу, выплата кампенсацыі — фактычна прызнанне віны».

Заснавальнікі фондаў не рэкамендавалі наведваць гутаркі ў КДБ, а тым, каго на іх запрашаюць, раілі пакінуць краіну.

Ці можна выдаліць інфармацыю пра данат са свайго фэйсбука (складана, але знайшоўся спосаб)

Заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак паведамляў, што Meta не дазваляе выдаляць звесткі пра плацяжы з персанальнага кабінета Facebook Pay. Паводле правіл унутранай палітыкі гэтыя даныя мусяць захоўвацца на працягу пяці гадоў — такім чынам кампанія змагаецца з адмываннем грошай.

«Толькі выдаленне ФБ і ад’езд». Facebook адмовіўся выдаляць інфармацыю пра данаты
Па тэме
«Толькі выдаленне ФБ і ад’езд». Facebook адмовіўся выдаляць інфармацыю пра данаты

Аднак прынамсі аднаму айцішніку ўдалося схаваць даныя пра плацяжы ў фэйсбуку.

Ён падзяліўся сваёй гісторыяй з камандай найбуйнейшага да блакавання навіннага партала Беларусі. 

— Я памятаю, што асвятлялася праблема, быццам інфармацыю пра плацяжы нельга выдаліць з профілю. Маўляў, гэта правілы Meta і яны іх не мяняюць. Я звярнуўся ў службу падтрымкі, і спачатку мне адказалі сапраўды гэтак жа: што не могуць дапамагчы, бо «гэтая інфармацыя неабходная для празрыстасці плацяжоў і бяспекі», — расказваў айцішнік.

Аднак ён паспрабаваў пераканаць службу падтрымкі і напісаў, што «ў выпадку Беларусі ўсё наадварот» і праз наяўнасць плацяжу ў фэйсбуку яму можа пагражаць небяспека па прыездзе дадому.

— На маё здзіўленне, дадатковых пытанняў не было. Праз два тыдні прыйшло паведамленне пра тое, што мая транзакцыя часова схаваная і калі я захачу, то магу зноў зрабіць яе бачнай у фэйсбуку. Пасля гэтага мой данат перастаў адлюстроўвацца ў профілі.

У турмах Беларусі цяпер сядзяць дзясяткі айцішнікаў. Вось іх імёны
Па тэме
У турмах Беларусі цяпер сядзяць дзясяткі айцішнікаў. Вось іх імёны

Читать на dev.by