«Цікавы дружалюбны рынак». Як расійскі ІТ-бізнес апаноўвае Беларусь
Расійскіх ІТ-кампаній у Беларусі становіцца ўсё больш. Яны актыўна наймаюць супрацоўнікаў, арганізоўваюць івэнты і палююць на беларускіх студэнтаў. Вось як гэта выглядае.
Гісторыя аднаго грандыёзнага форуму
У канцы лістапада 2024 года ў Мінску адбылася маштабная канферэнцыя — One AI Forum. Арганізатары прэзентавалі падзею як «найбуйнейшы ў СНД ІТ-форум для інвестараў, стартапаў, распрацоўшчыкаў і студэнтаў», які наведалі больш за 6 тысяч чалавек. Івэнт з помпай асвятлялі дзяржаўныя медыя (раз, два) і бізнес-выданні.
У той дзень госці сталічнага футбольнага манежу ў кіберпанкавым антуражы пад неонавымі шыльдамі гулялі ў VR-гульні, выпрабоўвалі сябе ў «імерсіўным дрыфт-сімулятары» і глядзелі ў спецыяльна пабудаваным кінатэатры «першы ў свеце мультфільм», створаны з дапамогай ШІ (прынамсі, так сцвярджалі яго стваральнікі).
На форуме прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў міжнароднай алімпіяды па крэатыўным праграмаванні і тэхнічнай творчасці. Прызы раздавала першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская.
— Мы жывём у цудоўны час, у цудоўнай краіне, і нам патрэбныя новыя тэхналогіі, высокая якасць, інавацыі. І з нашымі дзецьмі ўсё атрымаецца, — дзялілася думкамі яна.
Праўда, пафасу сапраўды глабальнай падзеі трохі супярэчыў той факт, што ўдзельнікі форуму былі, па сутнасці, прадстаўлены дзвюма краінамі: Расіяй (з вялікай перавагай) і Беларуссю. Сярод расійскіх гасцей былі: «Яндекс», «Касперски», «Иннополис» (асаблівая эканамічная зона ў Татарстане), клуб інвестараў і бізнес-анёлаў Сібіры, Урала і Далёкага Усходу, венчурны клуб «Синдикат», тэхнапарк Санкт-Пецярбурга, супольнасць стартапаў і інвестараў «Разведка».
На One AI Forum праходзіў і пітчынг стартапаў. З больш як сотні праектаў эксперты адабралі 10. Адзін з іх — адукацыйная платформа для медыкаў SmartDoctor — атрымаў грант у $9 тыс. на выкарыстанне воблачнай платформы Yandex Cloud. Астатнім абяцалі «усебаковую падтрымку» ў бізнес-працэсах ад кампаніі X-Labs (генеральнага партнёра і арганізатара One AI Forum) і намякнулі на магчымасць інвестыцый з Блізкага Усходу.
Ці атрымалі стартапы ў выніку абяцанае ментарства і сувязі з арабскімі інвестарамі — невядома. Верагодна, не.
Справа ў тым, што ўжо ў студзені (то бок усяго праз месяц пасля грандыёзнага AI-форуму ў футбольным манежы) ІТ-група Blockchain Sports Ecosystem, у якую ўваходзіць X-Labs, перастала выплачваць заробкі ўласным супрацоўнікам. Кіраўніцтва паведаміла калектыву, што сышоў інвестар або інвестары: ці то з ААЭ, ці то з Сербіі.
ІТ-група Blockchain Sports Ecosystem аб’ядноўвае некалькі каманд/кампаній/юрдычных асобаў, уключаючы рэзідэнта ПВТ X-Labs inc. У Беларусі вядомая каля паўтара года.
Штат налічвае як мінімум некалькі соцень чалавек. Супрацоўнікі называлі лічбы ад 800 да 1000, з улікам расійскага офіса — нават больш; на старонцы Blockchain Sports у LinkedIn пазначаны інтэрвал супрацоўнікаў ад 1 тысячы да 5 тысяч чалавек.
Згодна з сайтам, ІТ-група мае штаб-кватэру ў Дубаі і тры асноўныя дамены — мотаспорт, дрыфт, футбол. У лістападзе 2024 года яна прывозіла ў Беларусь акцёра Тіля Швайгера.
З пачатку гэтага года ў Blockchain Sports Ecosystem узніклі праблемы з выплатай заробкаў. Паводле словаў супрацоўнікаў, гэта быццам бы звязана з сыходам асноўнага інвестара. З-за адсутнасці грошай людзей нават не могуць звольніць: няма чым разлічыцца.
Пры гэтым напрыканцы 2024 года X-Labs паспела правесці яшчэ адзін беларуска-расійскі форум, але ўжо ў Маскве — з шырокім удзелам чыноўнікаў суседняй краіны. На гэты раз ён называўся «Прамысловасць новага часу» і праходзіў пад лозунгам «умацавання сувязяў паміж Расіяй і Беларуссю ў сферы высокіх тэхналогій».
Барбекю, імпартазамяшчэнне і санкцыі
Прысутнасць расійскіх кампаній у Беларусі заўсёды была прыкметнай з’явай. Шмат гадоў у Мінску працуе офіс «Яндекса» і цэнтры распрацоўкі банкаў з расійскім капіталам. У 2023 годзе ў сталіцы адкрыў прадстаўніцтва VK.
Пры гэтым павелічэнне расійскай прысутнасці на ІТ-рынку Беларусі пасля пачатку вайны ва Украіне, відаць, было справай часу.
— Думаю, рост расійскіх замоваў непазбежны: па меры таго, як расійская эканоміка ізалюецца ад сусветнай (з абодвух бакоў), ім спатрэбіцца ўсё больш софта, — прадказваў такі сцэнар адзін з беларускіх фаўндараў пару гадоў таму. — Пры гэтым сваіх рэсурсаў у іх усё менш, таму яны будуць шукаць распрацоўшчыкаў і размяшчаць заказы ў Беларусі. Для беларускіх распрацоўшчыкаў і кампаній гэта таксама цікава: далёка не ўсе беларусы гатовыя з’ехаць, і ім неабходная праца на фоне зніжэння жадання заходніх замоўцаў аддаваць аутсорс у Беларусь.
Але з мінулага года расійскія ІТ-кампаніі асабліва актыўна паводзяць сябе ў РБ — у тым ліку арганізоўваючы тэх-івэнты (хаця і не такія пафасныя, як One AI Forum).
Красамоўнай з’яўляецца дынаміка павелічэння долі расійскіх замоўцаў на рынку працы, якая бачная з штогадовых даследаванняў devby.
Па выніках 2023 года 53,2% апытаных айцішнікаў унутры Беларусі казалі, што працуюць над праектамі з Заходняй Еўропы ці ЗША, а 21,8% — над праектамі з Расіі (і 25,7% — над беларускімі).
Па выніках 2024 года: ужо 44,1% айцішнікаў працавалі над заходнімі праектамі, і 29,9% — над расійскімі (і 28,8% — над беларускімі).
Холдынг «Т-Технологии» (раней — «Тинькофф») наймаў супрацоўнікаў у Беларусі ўвесь год, ладзіў мітапы для праграмістаў і нядаўна завяршыў будаўніцтва велізарнага офіса ў Мінску на 1000+ чалавек. Расце доля расійскага бізнесу і ў сферы кібербяспекі.
Яшчэ адзін найбуйнейшы расійскі ІТ-холдынг — Т1 (раней называўся «Тэхносерв») — адкрыў офіс і плануе нарасціць беларускі штат да 500 спецыялістаў за год.
— Беларусь — цікавы дружалюбны рынак, на які парог уваходу значна ніжэйшы — з-за падобнай культуры і сяброўскіх адносін. Але пры гэтым, натуральна, ёсць свае выклікі і асаблівасці. Напрыклад, у Беларусі добрая інжынерная школа і шмат мясцовых ІТ-кампаній, якія з’яўляюцца моцнымі канкурэнтамі, — каментаваў новы кірунак камерцыйны дырэктар па прадуктах і сэрвісах Т1 Антон Спірын.
Холдынг таксама ўзяўся за арганізацыю івэнтаў для айцішнікаў. У мінулым годзе расіяне правялі ў Мінску канферэнцыю з абмеркаваннем «вострых праблем» індустрыі: «імпартазамяшчэння і тэхналагічнага суверэнітэту», а ў чэрвені Т1 правядзе ў сталіцы яшчэ адно мерапрыемства — «фэст з хардкорнымі лекцыямі і барбекю».
Тым часам, з 2024 года кампанія знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.
Беларускія студэнты як танная айцішная сіла
Расійскія кампаніі актыўныя на беларускім рынку працы, пры гэтым інвестыцыі з РФ у беларускія стартапы і ІТ-праекты не так заўважныя. З больш-менш буйных угод мінулага года — толькі набыццё беларускага распрацоўшчыка электрасамакатаў Eleven (яго ацэньваюць прыкладна ў $6–8 млн).
— Моцнай цікавасці з боку расійскіх інвестараў я не бачу, — распавядае фаўндар (пажадаў застацца ананімным), які развівае стартап у Беларусі. — Наш праект звязаны са сферай будаўніцтва, таму мы арыентуемся на ўнутраны рынак. Ісці ў Еўропу няма сэнсу. Мы б і былі зацікаўленыя знайсці буйнога расійскага інвестара, але пакуль не атрымліваецца. Я сам лётаў у Маскву, размаўляў з адной венчурнай студыяй — суперцікавасці так і не ўзнікла.
Рынак венчурных інвестыцый у Расіі перажывае крызіс пасля пачатку вайны ва Украіне. У 2023 годзе ён абрынуўся ў 10 разоў у параўнанні з першым паўгоддзем 2022-га. У 2024 годзе назіраўся рост, але ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі расійскі венчур па-ранейшаму далёкі ад аптымальных кандыцый.
— Не думаю, што расіяне ўнясуць нейкі значны ўнёсак у беларускія праекты, — кажа інвестар Валерый Астрынскі. — Па-сапраўднаму паспяховым і амбіцыйным стартапам патрэбны сусветны рынак, а расійскія грошы на ім таксічныя. Купля беларускіх праектаў буйнымі карпарацыямі з РФ магчымы варыянт, але гэта ўжо не венчурная гісторыя — ацэнкі і ўмовы будуць для гэтых стартапаў зусім іншыя.
Затое расійскія кампаніі сапраўды актыўныя ў працы з беларускімі студэнтамі — будучымі айцішнікамі.
У лістападзе мінулага года, неўзабаве пасля выхаду на рынак РБ, Т1 правёў «дзень холдынга» ў БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Прадстаўнікі кампаніі распавядалі студэнтам пра кар’ерныя перспектывы і правялі хакатон па праграмаванні. Карпарацыя арганізуе анлайн-курсы для джуноў і наймае паспяховых выпускнікоў. У мінулым годзе праз гэтыя праграмы прайшлі 44 студэнты з Беларусі, 21 з іх «атрымалі рэкамендацыі да працаўладкавання».
— Сутыкнуўшыся з дэфіцытам кадраў на рынку, мы пачалі працаваць з маладымі талентамі з разлікам на перспектыву. Нам удалося стварыць цэлую сістэму, каб выхоўваць спецыялістаў літаральна са школьнай лавы, — тлумачыла «прыцэл» на беларускіх студэнтаў дырэктар па развіцці рэгіёнаў Т1 Кацярына Раждзественская.
З канца мінулага года буйная расійская аўтсорс-кампанія «Астон» амаль цалкам пераключыла найм у Беларусі на праграмы стажыровак і найм джуноў. Расійскі вытворца ІТ-абсталявання Yadro (таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЗША) арганізаваў у БДУІР лабараторыю і рэкламуе летнюю стажыроўку на сайце ўніверсітэта.
Падобна, такой жа стратэгіі цяпер будзе прытрымлівацца і холдынг «Т-Технологии», які актыўна наймаў у 2024 годзе, але амаль цалкам спыніў найм у апошнія месяцы — затое працягвае супрацоўніцтва з БДУ.
Сімвалічна, што ў справаздачах кампаніі Беларусь значыцца ў пераліку рэгіёнаў Расіі, а БДУ — сярод «рэгіянальных ВНУ».
Читать на dev.by