У ПВТ распавялі пра праблемы з развіццём беларускіх стартапаў
Тыдзень таму Бізнес саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў праводзіў у Мінску канферэнцыю «Стартап-рух — шанс і сацыяльны ліфт для моладзі Беларусі». Там абмяркоўвалі, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія стартапы і што робіцца, каб асяроддзе іх існавання стала крыху спрыяльнейшым. Некаторыя дэталі мерапрыемства расказаў Office Life.
Галоўных цяжкасцяў некалькі, іх агучыў начальнік стартап-цэнтра ПВТ Дзмітрый Мікулка. Перш за ўсё гэта «уцечка мазгоў» і праектаў: таленты з’язджаюць за мяжу, стартапы часта працуюць па заказах іншых кампаній, а не развіваюць свае ідэі. Акрамя таго, беларуская эканоміка, па яго словах, пакутуе ад недахопу інавацый і празмернай залежнасці ад ІТ-аўтсорсінгу. Хоць Лукашэнка нядаўна казаў, што Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе ствараюць інавацыйныя тэхналогіі, а не проста маюць іх. Нешта падобнае за дзень да палітыка казаў кіраўнік МЗС Рыжанкоў.
Эксперты, якія сабраліся на канферэнцыі, сцвярджаюць, што Беларусі трэба зрабіць камфортнейшымі ўмовы для існуючых і новых тэхнакампаній. Для гэтага ПВТ ужо дамовіўся супрацоўнічаць з 12 навучальнымі ўстановамі, адкрыў акадэмію для венчурных інвестараў і запусціў сістэму інкубавання для стартапаў.
Дырэктар навукова-тэхнічнага парка «ІнКата» Яўген Мальчэўскі назваў чатыры кампаненты поспеху стартапаў: добрыя інстытуцыйныя ўмовы, доступ да фінансавання, якасная адукацыя і развітая інфраструктура. Па яго словах, запуск інжынернага стартапа ў сярэднім каштуе каля $100 тысяч, а асноўнымі крыніцамі фінансавання павінны быць венчурныя фонды, гранты і крэдыты.
Развіццё інавацый і падтрымку стартапаў у Беларусі забяспечваюць 15 навукова-тэхнічных паркаў і 6 цэнтраў трансферу тэхналогій. Тэхнапаркі даюць падатковыя льготы і фінансаванне, дапамагаюць суправаджаць праекты, праводзяць конкурсы бізнес-ідэй і стартапаў для пошуку перспектыўных.
Беларусь займае 84 месца ў свежым глабальным рэйтынгу стартап-экасістэм ад StartupBlink. Яна з году ў год плаўна апускаецца ў ім з 63 месца, якое займала ў 2020-м.
Читать на dev.by