Як айцiшнiкi (і не толькі) падтрымлівалі беларускую мову ў 2023 — i вы таксама можаце

Год набліжаецца да канца, і таму мы прапануем вам невялікую падборку добрых беларускамоўных праектаў, пра якія мы пісалі ў 2023-м і якія могуць спатрэбіцца айцішнікам і іншым грамадзянам. 

13 комментариев

Сінтэз беларускага маўлення ад Інстытута мовазнаўства НАН

Летам на інтэрнэт-рэсурсе «Беларускі N-корпус» з’явіўся першы сінтэз і фанетычны канвертар беларускага маўлення. Каб пачуць гучанне роднай мовы, дастаткова надрукаваць тэкст і націснуць «Агучыць». Потым гатовы аўдыязапіс можна спампаваць сабе на камп’ютар.

Чаму гэта важна? Хаця б таму, што чалавек можа пачуць правільнае вымаўленне беларускіх слоў. Плюс гэта дазваляе не залежаць ад жадання вялікіх кампаній (такіх як Google) нешта стварыць, змяніць ці закрыць — а мець свой прадукт, які можна самім паляпшаць і выкарыстоўваць без тэхналагічных абмежаванняў.

Пачытаць больш падрабязнае апісанне можна тут

Тэхнаблог на беларускай мове ад франтэнд-распрацоўшчыка 

Праект ад аўтара тг-каналу «Беларускі франтэнд ды іншая трасца», які адначасова з’яўляецца франтэнд-распрацоўшчыкам з 9+ гадамi вопыту (дарэчы, падпісвайцеся і на тэлеграм-канал, там таксама шмат цікавага).

У блозе можна знайсці i чыста тэхнічныя пытанні (па тыпу «Архітэктурныя патэрны размеркаваных сістэм»), і агляды кніжак і анімэ-серыялаў. 

Нашае інтэрв’ю з аўтарам чытайце тут.

Пераклад Ubuntu на беларускую

Працоўная табліца праекта

Каманда энтузіястаў перакладае аперацыйную сістэму Ubuntu на беларускую. На дадзены момант гатова прыблізна 22% існуючых радкоў; плюс інтэграваныя платформы Launchpad i Crowdin для магчымасці зручнай працы над перакладам.

Гэта як мінімум другая спроба перакласці дадзеную ПО — папярэдняя была, скажам так, не зусім дасканалай. Праект будзе рады дапамозе ад усіх жадаючых: як мы пісалі раней, адзінае патрабаванне — гэта добрае валоданне беларускай мовай і хаця б мінімальныя веды ў камп’ютарнай тэрміналогіі.

Audiobooks.by ад інжынера Google  

Праект ад Мікіты Белаглазава, які працуе Software engineer у амерыканскім Google. Гэта сайт-навігатар па аўдыякнігах на беларускай мове і ад беларускіх аўтараў (што не адное і тое ж, бо, напрыклад, Саша Філіпенка — на рускай). То бок, на рэсурсе змешчаныя не самі кніжкі, а спасылкі на пляцоўкі, дзе іх можна паслухаць альбо набыць.

Аднак праект займаецца і самастойным запісам аўдыякніг па-беларуску. Напрыклад, так з’явілася аўдыё «Аўтаспынам па галактыцы» і яшчэ 25 кніжак.

Важна! Гэта не палітычны праект, і хоць цяпер сайт можа быць не дасяжны ў Беларусі, але сам праект не занесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Падрабязней — тут.

Праект «Linux па-беларуску» 

Аматар беларушчыны, які працуе барменам у Італіі, стварыў партал пад назвай  «Linux па-беларуску». Там ён збірае спасылкі на тэхнічныя пераклады (ад Telegram да duckduckgo), а таксама слоўнікі і сайты/праграмы, што дапамагаюць пісаць па-беларуску правільна.

Цяпер на старонцы знаходзіцца ўжо амаль 60 праектаў, да якіх вы таксама можаце далучыцца (ад сябе рэкамендуем пераклад Ubuntu, пра які мы пісалі вышэй).

Інтэрв’ю з аўтарам можаце прачытаць тут.

5000+ айцiшных слоў па-беларуску ў вольным доступе 

Калі вы таксама пакутуеце, як перакласці назву праграмы альбо камп’ютарную каманду, то вось праект для вас. Распрацоўшчык і перакладчык Аляксандр Клюеў амаль год таму выклаў у агульны доступ беларускую ІТ-тэрміналогію

Паглядзець прыклады можна тут, а прачытаць нашае інтэрв’ю з Аляксандрам — тут.

Стварэнне так званага «Bel_sky» — беларускамоўнай прасторы ў Bluesky

Bluesky — гэта альтэрнатыва твітару, які захапіў Ілан Маск; дэцэнтралізаваная сацыяльная платформа, распрацаваная былым гендырэктарам Twitter Джэкам Дорсі.

І вось на гэтай платформе ўжо склалася даволі вялікае беларускамоўнае кам’юніці (і мы таксама там ёсць, падпісвайцеся, дарэчы). Яго развівае юзер з нікам «Весці з палёў», які можа растлумачыць, што тут рабіць, на каго падпісацца і чаму блюскай лепей мастадона (на ягонае меркаванне). Пачытаць інтэрв’ю з ім можна вось тут.

Што яшчэ варта адзначыць

  • Канешне ж, праект «АйціБарады» пад назвай «Цёмны Лёс» з «утульнымі размовамі» аб беларусах, іх занятках (напрыклад, навуцы, тэхналогіях ці камп’ютарных гульнях) ды беларускасці. Ну і асобны дзякуй спадару «АйціБараддзе» за развіццё беларускага «Мастадона» (пачытаць пра гэта можна вось тут). 
  • Новы праект аўтара падкаста «ТэхНавука». Як трапна сказана ў апісанні, гэта «канал з відосамі пра каланавуковае/тэхналагічнае на беларускай мове».
  • YouTube-канал ад Рудзі пра відэагульні (пачытаць нашае інтэрв’ю з аўтарам каналу можна па спасылцы) 


  • Падкаст «Першы Гікаўскі» пра гікаўскую субкультуру — кіно, серыялы, гульні, тэхналогіі. Аўтар таксама пісаў нам у блогі, чытайце ягоны тэкст па спасылцы.
  • Тэлеграм-канал Tech Lead з навінамі навукі і тэхналогій.
  • Тэлеграм-канал «Усё пра ўсё» з навінамі тэхналогій, гульнявога свету, і цікавымі фактамі пра тэхніку на беларускай мове.

Яшчэ болей беларускамоўных праектаў вы знойдзеце ў нас на сайце па спасылцы

Чытачы, віншуем! Мы перажылі (амаль) яшчэ адзін складаны год. У 2023 наша каманда працягвала сачыць за беларускім ІТ і трымала вас у курсе самага важнага.

Без вас у нас бы не атрымалася! Вы дзеліцеся з намі досведам і інсайдамі, расказваеце гісторыі, смешныя і сумныя, ствараеце дыскусіі — робіце ўсё, каб беларускае ІТ працягвала жыць нягледзячы на межы і адлегласці. dev.by быў і застаецца месцам сустрэчы нашых чытачоў, дзе б яны не знаходзіліся. 

Мы працягваем працаваць, у тым ліку дзякуючы вам. Сёлета нам заданацілі 678 чалавек. Гэта неверагодна кранальна і значна дапамагае нам працаваць далей і верыць у будучыню dev.by. Але нам усё яшчэ патрэбная падтрымка. Вашыя данаты дапамагаюць выплачваць заробкі журналістам.

Даб’ём да 700? Падтрымайце нас:

— Праз Patreon
— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)
— Крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй. З Надыходзячым!





Читать на dev.by