10 галоўных падзей са свету ІТ — вынікі 2025
Мінулы год стаў пераломным для ІТ: штучны інтэлект выйшаў за межы лабараторый і пачаў змяняць рынак працы, інфраструктуру і медыя-асяроддзе. Мы ўзгадалі самыя яскравыя і значныя падзеі ІТ-індустрыі, пра якія пісалі ў гэтым годзе.
Робаты хочуць стаць людзьмі
Кампаніі-распрацоўшчыкі каторы год спрабуюць стварыць прататыпы, падобныя да чалавека. Не абыходзілася і без скандалаў: карыстальнікі некалькі разоў падазравалі Tesla ў тым, што робатам Optimus кіруе чалавек. Boston Dynamics паказвала значны прагрэс свайго робата Atlas, але нават распрацоўшчыкі гуманоідаў публічна прызнавалі: у рэальнай працы яны ўсё яшчэ вельмі неэфектыўныя. Паралельна Amazon і Google рабілі стаўку на маштаб: планы замяніць сотнямі тысяч работнікаў мільёнамі складскіх робатаў толькі палохаюць і узмацняюць напружанне. У гэтым сэнсе вылучыўся Кітай, дзе выпуск сэрвісных і гуманоідных робатаў ужо пастаўлены на паток. У выніку ў індустрыі ўзнік парадокс: робатаў усё часцей робяць падобнымі да людзей звонку і ў прэзентацыях, але ў рэальнасці яны застаюцца дарагімі, крохкімі і абмежаванымі інструментамі.
Памяць падводзіць
Рынак аператыўнай памяці нечакана апынуўся ў крызісе: проста зараз адбываецца сур’ёзны глабальны дэфіцыт і рэзкі рост цэн на DRAM-модулі. Восенню і зімой 2025 года кантрактныя цэны на DRAM выраслі больш чым на 170% у параўнанні з мінулым годам, а рознічныя цэны на папулярныя DDR5-планкі падвоіліся і больш, што прывяло да крытычных сітуацый у рознічным гандлі. Прычына гэтага дэфіцыту — у пераразмеркаванні вытворчасці, калі вытворцы зразумелі, што нашмат выгадней пераарыентаваць выпуск на ШІ-інфраструктуру. Цяпер геймеры і энтузіясты заклікаюць да байкотаў з-за цэн, якія ўзляцелі, а аналітыкі папярэджваюць, што дэфіцыт можа працягнуцца і ў 2026 годзе. Гэта толькі пачатак: кажуць, што OpenAI можа сканцэнтраваць у сваіх руках да 40% усёй сусветнай вытворчай магутнасці DRAM. Гэта зробіць кампанію адным з найбуйнейшых спажыўцоў памяці ў гісторыі індустрыі.
Інтэрнэт ляжаў
Збоі ў працы Cloudflare сталі адной з заўважных тэхналагічных інфанагодаў у мінулым годзе. Так, 18 лістапада адбылося маштабнае адключэнне, з-за якога часова не працавала мноства сэрвісаў, уключаючы сацсеткі, платформы і API-сэрвісы. Інцыдэнт прызналі адным з самых сур’ёзных для кампаніі з 2019 года. Пазней Cloudflare распавяла, што шатдаўн быў выкліканы ўнутранай канфігурацыйнай памылкай, а не знешняй атакай. Праз некалькі тыдняў, 5 снежня, сетка Cloudflare зноў сутыкнулася з перабоямі, якія закранулі каля 28% усяго HTTP-трафіку, які абслогоўваецца, што таксама было звязана з тэхнічнымі зменамі, а не DDoS-атакамі. Высветлілася, што інтэрнэт — рэч даволі крохкая, а крытычныя сэрвісы па ўсім свеце могуць легчы з-за адной памылкі.
Нейраслоп перамог
Увесь год мы з раніцы да вечара глядзелі нейраслоп. Гэта кажа пра тое, што генерацыя выяў і відэа ўжо трывала ўвайшла ў нашае жыццё, і кожны карыстальнік задаецца пытаннем, ці рэальна тое, што ён бачыць у сацсетках. Амерыканскі слоўнік Merriam-Webster нават назваў slop («шлак») словам 2025 года, вызначыўшы яго як масавы нізкагатункавы кантэнт, які генеруецца штучным інтэлектам. Распрацоўшчыкі кожны тыдзень выпускаюць бясконцыя рэлізы: OpenAI паляпшае Sora і нават стварае аплікацыю для генератыўных ролікаў, а Google уражвае карыстальнікаў магчымасцямі Nano Banana. Канца гэтаму хайпу пакуль не бачна, а маштабы становяцца пагражальнымі: ужо больш за 20% відэа ў Youtube складае нейраслоп.
Кітайскія мадэлі наступаюць
Кітайская ШІ-мадэль DeepSeek стала галоўнай тэмай на пачатку года. Гэта першая паспяховая адкрытая мадэль, якая супастаўная па эфектыўнасці і папулярнасці з камерцыйнымі мадэлямі буйных заходніх кампаній. На працягу года рэлізы DeepSeek-V2 і асабліва DeepSeek-R1 паказалі: мадэль канкурэнтаздольная ў reasoning-задачах, яна была хутка адаптаваная супольнасцю і стала базай для дзясяткаў форкаў і лакальных рашэнняў. Орen-source-падыход аказаўся працуючым на фоне дэфіцыту вылічэнняў і росту цэн на закрытыя API. DeepSeek перасталі ўспрымаць як «альтэрнатыву», а кітайскія ШІ-мадэлі заслужылі рэпутацыю эканамічных і годных супернікаў буйных закрытых мадэляў, якія выпускаюць лідары рынку.
Хакеры ўзламалі «Аэрафлот»
Сярод гучных узломаў і ўцечак варта вылучыць атаку ўкраінскіх і беларускіх хакераў на «Аэрафлот». 28 ліпеня збоі ў ІТ-інфраструктуры перавозчыка прывялі да адмены больш за сотню рэйсаў і шматмільённых стратаў. Атака закранула дзясяткі тысяч кліентаў кампаніі і вымусіла перавозчыка карэктаваць расклад і ўручную рэгістраваць пасажыраў. Хакеры заявілі, што рыхтавалі атаку больш за год, знішчылі каля 7 000 сервераў і атрымалі доступ да вялікіх аб’ёмаў дадзеных, уключаючы ўнутраныя базы і інфармацыю супрацоўнікаў. Пазней выйшла расследаванне з дэталямі інцыдэнту.
Адзін суцэльны вайб-кодынг
Вайб-кодынг з жартаўлівага тэрміна ператварыўся ў сапраўдны інструмент праграмістаў. Google заявіла, што з вайб-кодынгам распрацоўка зноў стала «кайфам»: кампанія запусціла Gemini 3 і убудавала асяроддзі для вайб-кодынга ў AI Studio. OpenAI і Anthropic таксама пастаянна выпускаюць новыя сэрвісы і актыўна эксперыментуюць, але пры гэтым стваральнік Claude Code наўпрост папярэджваў аб небяспецы злоўжывання вайб-кодынгам. GitHub і інвестары заяўлялі, што стартапы, цалкам пабудаваныя на вайб-кодынгу, часта аказваюцца нежыццяздольнымі, а стваральнік Linux Лінус Торвальдс дапусціў такі падыход толькі па-за крытычнымі праектамі. У выніку вайб-кодынг можна назваць сімптомам пераходнага этапу: ШІ рэзка павялічыў хуткасць стварэння софта і знізіў парог уваходу, але адначасова выклікаў страх уцечкі кампетэнцый, змяшчэнне ролі сеньёраў і перазборку чаканняў ад праграмістаў як прафесіі.
ШІ-бурбалка лопне?
У 2025 годзе ўсё часцей гучалі заявы пра тое, што ШІ-сфера набыла прыкметы эканамічнай бурбалкі. На фоне шматмільярдных інвестыцый у генератыўныя мадэлі і дата-цэнтры шэраг кампаній публічна прызнавалі, што камерцыйная аддача ад ШІ адстае ад чаканняў, а выдаткі на вылічэнні і інфраструктуру працягваюць расці хутчэй за выручку. Справаздачы і ўцечкі з індустрыі паказалі, што многія стартапы будуюць бізнес вакол аднолькавых мадэляў і API, а карпарацыі пераглядаюць ШІ-стратэгіі пасля дарагіх, але слабых па эфекце пілотаў. «Схематоз» OpenAI, Nvidia, Oracle і іншых удзельнікаў рынку яшчэ больш пераканаў інвестараў у тым, што энтузіязм вакол ШІ — спекулятыўны, і эксперты чакаюць моцнае ахаладжэнне цікавасці да інвестыцый у галіну ў наступным годзе. Усе чакаюць практычнай аддачы ад казачных уліванняў.
ШІ змяняе рынак працы
Уплыў ШІ на рынак працы стаў відавочным: буйныя кампаніі, уключаючы Microsoft, Google і Amazon, адкрыта казалі аб скарачэнні найму джуноў на фоне росту прадуктыўнасці каманд з ШІ-асістэнтамі. Распаўсюджванне інструментаў накшталт Copilot-класа і аўтаномных код-агентаў прывяло да таго, што задачы, якія раней выконваліся спецыялістамі-пачаткоўцамі, аўтаматызуюцца або пераразмяркоўваюцца на больш дасведчаных інжынераў. Колькасць стартавых вакансій зніжаецца, а колькасць патрабаванняў да middle і senior-узроўню расце. Адначасова кампаніі пачалі шукаць гібрыдныя профілі: распрацоўшчыкаў, здольных кіраваць ШІ-інструментамі, ацэньваць іх высновы і несці адказнасць за вынік. Эксперты называюць мінулы год момантам структурнага пераходу ІТ-рынку, а не часовай хваляй аўтаматызацыі.
Канец эпохі «нейтральных» платформаў
2025 год паказаў, што часы нейтральных адносін бігтэху да палітыкі скончыліся. Цяпер платформы напрамую ўцягнутыя ў барацьбу за парадак дня: ад правілаў мадэрацыі і алгарытмаў да допуску палітыкаў да аўдыторыі. Паказальнай аказалася інаўгурацыя Трампа, на якую з’явіліся ўсе кіраўнікі самых буйных тэхналагічных кампаній. Некалькі месяцаў мы сачылі за «бромансам» Дональда Трампа і Ілана Маска, які скончыўся скандалам. У Еўропе абвастрыўся канфлікт паміж Паўлам Дуравым і еўрапейскімі рэгулятарамі, дзе пытанні свабоды слова, шыфравання і выканання мясцовых законаў ператварыліся ў прадмет палітычнага ціску і перамоваў. Цяпер буйныя ІТ-платформы больш не адлюстроўваюць нейтральнасць: у неспакойны час тэхналогіі, алгарытмы і доступ да інфраструктуры сталі часткай глабальнай палітычнай барацьбы.
Читать на dev.by