Dell-супрацоўнікам: можаце заставацца на аддаленай працы, але павышэнняў не будзе
Заснавальнік і кіраўнік Dell Майкл Дэл калісьці называў аддаленую працу «будучыняй». Але яго кампанія думае інакш: мяркуючы з аповедаў дыстанцыйных супрацоўнікаў журналістам Business Insider і ўнутраных дакументаў, ім простым тэкстам кажуць, каб пры такім фармаце працы на павышэнне яны больш не разлічвалі.
А каб разлічваць, трэба хадзіць у адзін з найбліжэйшых «ухваленых офісаў» мінімум тры разы на тыдзень.
«Аддаленым сябрам каманды важна разумець умовы: кар’ерны рост, у тым ліку падача заявак на новыя пасады ў кампаніі, запатрабуе пераходу на гібрыдны фармат з прысутнасцю на месцы», — адзначаецца ў адной з унутраных нататак.
Пасля спаду пандэміі многія ІТ-кампаніі сталі заганяць людзей у офісы, напрыклад, Amazon, Meta, Google і нават Zoom. Dell апошнімі гадамі ўсё больш абмяжоўвала палітыку аддаленай працы — ад супрацоўнікаў, якія жывуць у гадзіне ад офісаў, летась запатрабавалі знаходзіцца ў офісе мінімум тры дні з пяці. Аднак пакаранняў за аддаленую працу не было.
У верасні 2022 года Дэл абвяргаў тэзіс, што праца ў офісе — зарука добрай карпаратыўнай культуры. Ён называў працу ў офісе прымусам, папракаючы сваіх айцішных калег-гендырэктараў, якія выступаюць нібыта за глыбейшую інтэграцыю супрацоўнікаў і павышэнне наведвальнасці. Дэл падкрэсліваў, што ў яго кампаніі пераважнай большасці супрацоўнікаў дадзеныя роўныя магчымасці для прафесійнага прасоўвання.
Читать на dev.by