На Захадзе радыя джунам 50+? Аналітык «позна» сышла ў ІТ — і ўсё атрымалася
Адмова джунам, якім за 50, — праблема асобных краін. Так лічыць Таццяна Анкуда, якая знайшла сябе ў 45 гадоў у Data Science.
Ці памятаеце, мы расказвалі пра круты паварот кар’еры мікрабіёлага? Аналітык Таццяна атрымала ў Германіі PhD у біялогіі і прапрацавала ў лабараторыях Беларусі, Венгрыі, Швецыі і Германіі. У гутарцы з dev.by яна ацаніла магчымасці джуноў, якім за 50, у розных краінах свету.
У 2019 годзе вэб-сайт Stack Overflow апытаў 66 329 прафесійных распрацоўшчыкаў свету. 71,7% апытаных маладзейшыя за 35 гадоў, 85% — маладзейшыя за 40 гадоў. Выснова: у аніводнай галіне няма больш такой колькасці маладых профі, як у ІТ. Ці гэта не найлепшы доказ таго, што новая прафесія патрабуе нестандартнага мыслення і хуткіх дзеянняў, не ўласцівых людзям сярэдняга веку?
Не, вядома. Прафесія сама па сабе маладая, у яе можна вельмі хутка ўвайсці. Каб стаць прафесіяналам, напрыклад, у мікрабіялогіі, трэба адвучыцца 5 гадоў ва ўніверсітэце, затым 3-4 гады пісаць дысертацыю, 2 гады працаваць постдокам і толькі пасля гэтага пераходзіць у лабараторыю. Немагчыма стаць прафесіяналам у мікрабіялогіі ў 25 гадоў. А ў ІТ — цалкам.
Паводле даных універсітэта Адэлаіды, у 2019 годзе ў Амерыцы было 195 тыс. распрацоўшчыкаў у веку 55-64 гады — больш за 10% усіх ІТ-супрацоўнікаў ЗША. Сёння якраз тут жыве і працуе больш за ўсё распрацоўшчыкаў, але ў 2024 годзе, паводле даных карпарацыі Evans, першынство перахопіць Індыя. Усё б нічога, але сярэдні век распрацоўшчыкаў з краін Азіі — самы нізкі. У Індыі, паводле даных Stack Overflow, ён складае 25,9 гадоў. Прычына ў вышэйшым узроўні жыцця ў ЗША? Рэгіёне пражывання?
Мае значэнне рэгіён, медабслугоўванне, досвед працы з пакаленнем 50+.
За 30-50 гадоў медыцына здзейсніла скачок, антыбіётыкі вынайшлі зусім нядаўна. Якасць медабслугоўвання вырасла, але даступная не ва ўсіх краінах — у некаторых рэгіёнах няма звычкі лячыцца ў дактароў. У ЗША здароўе ўзведзенае ў культ, людзі даўжэй застаюцца ў добрай форме, даўжэй працуюць, і да гэтага даўно ўсе прывыклі. Амерыканцы зразумелі — і ў 50, і ў 60 гадоў чалавек працаздольны, больш за тое — мае перавагі перад маладымі людзьмі.
Што гэта за перавагі?
Назаву досвед у навучанні. Як ні дзіўна, маладыя людзі вучацца павольней. У людзей у веку ёсць досвед, мнематэхнікі, яны ведаюць, што могуць, а некаторыя фічы і зусім прыходзяць з векам. Ёсць нават такое меркаванне, што кнігі яны чытаюць хутчэй за маладых — чым больш ты чытаеш, тым хутчэй ідзе працэс і лепш успрымаецца тэкст.
У Беларусі досведу наймання людзей у веку няма — які досвед, калі нядаўна пенсійны ўзрост складаў 55 гадоў? Старой працэнтшчыцы, якую забіў Раскольнікаў, было 40 — век, калі сёння нараджаюць першае дзіця — а мы яшчэ жывем у той рэальнасці. Свет моцна змяніўся.
Хто адмовіў прэтэндэнту ў веку 50+ на пазіцыю джуна — некампетэнтны эйчар або кіраўнік кампаніі, які абмежаваў век супрацоўнікаў?
Правілы задае кіраўнік. Згадваю, зрэшты, і пытанне эйчара на адным з маіх сумоўяў — ці будзе праблемай, калі начальнік маладзейшы за мяне. Было смешна. Калі чалавек прафесіянал, якая розніца, колькі яму гадоў?
Самы час згадаць пра канфлікт паміж 40-гадовым кіраўніком і падначаленым ва ўзросце 50+, сведкай якога давялося стаць. Палічыўшы заданні шэфа некампетэнтнымі, падначалены сказаў: «Я лепей ведаю, бо старэйшы за вас і досведу ў мяне больш». Ці не ў гэтым прычына адмоў сталым прэтэндэнтам?
«Я старэйшы і досведу больш» — не аргумент, у майго начальніка досведу больш, хаця ён маладзейшы ў два разы. Казаць пра век у грамадстве не прынята. Унутры маёй кампаніі — dunnhumby вельмі прыблізна вядома, каму колькі гадоў. Пасада супрацоўніка, яго імя, біяграфія — публічныя даныя, век і ўзровень заробку — закрытая тэма.
Нават на дні нараджэння супрацоўніка яго не павіншуюць з 50-годдзем?
Не. Па-першае, віншуюць вельмі рэдка, у нас усяго пара чалавек засвяціла свае дні нараджэння. Па-другое, ніхто не скажа, віншую цябе з канкрэтнай датай. Гэта асабістая інфармацыя, якую хтосьці можа агучыць, а хтосьці — не, такія даныя не падлягаюць уліку.
Кандыдату, які атрымаў адмову ў ІТ-кампаніях Беларусі, рэкамендуюць з’язджаць у іншыя краіны. Ці гэта выхад?
Так. Калі краіна не гатовая, складана змяніць механізм.
Але, калі табе 50+, цяжка мяняць умовы жыцця, ёсць сталыя звычкі, пажылыя бацькі…
Ва ўсіх ёсць абставіны, і заўжды можна знайсці апраўданні. Не заклікаю пакідаць краіну, кажу: праблема эйджызму існуе, і яна рэгіянальная, калі рухацца з усходу на захад, яе градус сціхае. Добра памятаю, як 10 гадоў таму, калі пачала працаваць у амерыканскай кампаніі, з вялікай павагай расказвалі пра людзей у веку, якія змянілі сферу занятасці, не важна, якую. Іх любяць за досвед, заўважаюць і прасоўваюць, бо чалавек не затрымаўся, а пайшоў вучыцца далей.
Часта, калі чалавек прапрацаваў на адным месцы больш за 15 гадоў, ён выходзіць на плато, выгарае, няма магчымасці для росту. Добрае рашэнне ў гэтым выпадку — перакваліфікацыя.
Змена кірунку і далейшы рост — прыкмета амбіцый. Бо на чалавека ў веку ўжо няма ціску накшталт «ідзі ў універсітэт» — птушка ў графе «вышэйшая адукацыя» даўно пастаўленая. Але ён зноў ідзе на курсы, вучыцца, а гэта складана — вучыцца, бо трэба столькі энергіі! І калі чалавек ідзе наперад і працягвае працаваць, усё кажа, што ён думае. А значыць — найлепшы прэтэндэнт.
А калі ў ІТ прыйшлі па грошы, а не па рост?
Немагчыма працаваць у ІТ з патухлымі вачыма толькі дзеля грошай. Кожны дзень ты вучышся новаму, тупіш, не даеш рады. Грашовай матывацыі недастаткова, каб вырашаць праблемы, трэба сесці і фігачыць, пастаянна вучыцца. А вучыцца можна толькі з запаленымі вачыма. Той, хто прыйшоў па грошы, неўзабаве сыходзіць.
Пэўна, таму працадаўцы і баяцца прэтэндэнтаў у веку — а раптам яны прыйшлі па грошы і з патухлымі вачыма?
Адная з прапаноў паступіла мне пасля пастоў на Linkedin пра маю вучобу — я вырашыла прайсці курсы і стала вучыцца публічна, На працягу чатырох месяцаў расказвала пра дасягненні. Гэта заўважылі ў адной з ІТ-кампаній, дзе адным з галоўных крытэраў адбору былі запаленыя вочы і жаданне вучыцца.
Ты атрымала працу аналітыка ў Венгрыі ў 45, ці сутыкалася з праблемай эйджызму?
Не, я трапіла ў кампанію, галаўны офіс якой знаходзіцца ў Англіі, тут шмат часу трацяць на падтрыманне заходняга ўзроўню культуры. Гэта Інтэрнацыянальная кампанія, дзе людзі розных колераў скуры гавораць з рознымі акцэнтамі — і заўважаць гэтага не прынята.
Ты не выключаеш пераезду ў іншую краіну ЕС або ЗША. Ці хвалюешся са стажам працы ў 1,5 года і непацверджанай пазіцыяй мідла?
Вядома, не! У Амерыцы мяне ацэняць яшчэ вышэй — у Data Science мае значэнне навуковая ступень і навуковы погляд на праблему, бо чалавек са ступенню валодае крытычным мысленнем і любыя вынікі падвяргае сумневу. Гэта важна для маёй новай прафесіі, і працадаўцы гэта разумеюць.
Ці вядома табе пра выпадкі адмоў кандыдатам на пазіцыю джуна ў веку 50+?
Мне адмовілі праз век працадаўцы. Мы былі аднагодкамі, але я ў свае 45 паспела многае, а ён рухаўся па плато, я прыйшла з запаленымі вачыма, а ён выгараў. Нават калі б я атрымала гэтую працу, мы не спрацаваліся б.
Знаёмы з Расіі ў рэзюмэ на пазіцыю джуна ў Data Science пазначыў узрост у 46 гадоў — не адгукнуўся ніхто. Яго ўзялі праз знаёмых, калі ён уладкаваўся валанцёрам на праектную працу і быў заўважаны. На працы ён неўзабаве пайшоў угору, не прамінула і года, як далі джуноў у навучанне.
Ці запоўненая ў тваім рэзюмэ графа «век»?
Не, аджа я падаюся ў заходнім свеце, дзе не прынята казаць пра век. Няма ні гадоў, ні фота, нават год заканчэння ўніверсітэта парэкамендавалі прыбраць — гэта было даўно і ўжо не цікава. Працадаўцаў цікавіць апошні перыяд даўжынёй у 10 гадоў.
У размове ты сфармулявала некалькі шляхоў для кандыдатаў у джуны, якім за 50: посціць на Linkedin, працаваць валанцёрам і спадзявацца, што цябе заўважаць. Што яшчэ?
Навучаць іншых, браць актыўны ўдзел у ІТ-жыцці, падрыхтавацца да пэўнай тэмы — і зрабіць даклад, нават перад сеньёрамі.
Добра пісаць пра свае дасягненні ў публікацыях, задаваць пытанні і самому адказваць на ІТ-платформе Stack Overflow. Некаторыя кампаніі просяць лінк на твой профіль у Stack Overflow і ў залежнасці ад колькасці пытанняў, у якіх ты ўзяў удзел, налічваюць балы.
У вобласці дата сайнс можна ўдзельнічаць у спаборніцтвах на kaggle.com, моцных гульцоў разбіраюць без усялякіх рэзюмэ.
Читать на dev.by