Блог

$3 тысячы, пыл і дранікі. Навошта беларусы ладзяць свой кэмп на адным з найбуйнейшых фестываляў у свеце

Ноччу ў пустыні свеціцца перароблены амерыканскі школьны аўтобус. Ён размаляваны пад беларускіх цмокаў, з яго частуюць дранікамі, побач працуе лазня, а беларускія дыджэі граюць сваю музыку. Так будзе выглядаць беларускі кэмп на Burning Man 2026 — адным з галоўных і самых незвычайных фестываляў свету. 


Хто піша: Валерый Астрынскі, бізнэсоўца.  


Навошта мы робим беларускі кэмп на Burning Man

Мой першы Burning Man мяне, канешне, моцна ўразіў. Мы тады не рабілі свайго кэмпа, проста арандавалі RV і прыехалі ў нейкі выпадковы амерыканскі кэмп, дзе было каля 300 чалавек і амаль ніхто нікога не ведаў.

Для мяне гэта было больш падобна на вялікі фестываль з ваў-эфектам: маштаб, пустыня, арт, дзіўныя людзі, усё вельмі незвычайнае.

Але сапраўды важным для мяне стаў наступны досвед, калі ў 2019 годзе мы ўжо вырашылі разам з братамі і знаёмымі будаваць свой уласны кэмп. Вось тады я зразумеў розніцу. Калі ты сам уключаешся ў працэс — будзіш грузавікі, закупляеш, мантуеш, разбіраешся з лагістыкай, адказваеш за людзей — гэта ўжо зусім іншы ўзровень.

Я мог бы проста купіць квіток на Burning Man і паехаць туды як госць. Але мне гэта не так цікава. Менавіта таму мы робім беларускі кэмп.

Не таму, што на Burning Man абавязкова павінны быць нацыянальныя стэнды. Такога правіла там няма. Кэмпы звычайна збіраюцца вакол ідэі, нейкай «дзвіжухі», супольнага інтарэсу. Але калі ты едзеш з Беларусі ці з беларускай супольнасці, асабліва калі жывеш ужо ў розных краінах, табе хочацца зрабіць нешта сваё. 

Як з’явіўся беларускі кэмп

Шмат беларусаў ездзілі на Burning Man і раней — хто са сваімі сябрамі, хто ў іншых кэмпах. Я сам першы раз быў там, здаецца, у 2018 годзе. Але летась мы ўпершыню мэтанакіравана сабраліся і вырашылі зрабіць нешта беларускае.

У мінулым годзе ў нашым кэмпе было каля 40 беларусаў. Сёлета мы вырашылі абмежавацца 60 удзельнікамі. Больш не хочам. Нам важна, каб людзі маглі размаўляць адно з адным, каб паміж імі заставаўся кантакт. Мы не хочам сабраць 300 чалавек проста дзеля маштабу. Гэта не камерцыйны праект. Усе грошы, якія мы збіраем, ідуць на кэмп — каб ён быў больш камфортным, прыгожым і цікавым для іншых бёрнераў.

Мы робім гэта не толькі для сябе. Мы хочам, каб да нас прыходзілі людзі з іншых кэмпаў, амерыканцы, еўрапейцы, хто заўгодна. Каб ім было цікава. Каб яны маглі праз наш кэмп сустрэцца з Беларуссю.

Мы плануем частаваць наведнікаў дранікамі. Купілі стары амерыканскі школьны аўтобус, перарабілі і размалявалі беларускімі цмокамі. Уначы ён будзе свяціцца. 

Яшчэ абавязкова будзе лазня, якую мы летась прывозілі з Варшавы. Там зладзім невялікія івэнты з гарбатай і музыкай. Запрасілі беларускіх дыджэяў. 

Мне падабаецца, што гэта не выглядае як афіцыйны «нацыянальны павільён». Гэта хутчэй жывая беларуская прысутнасць: дранікі, лазня, музыка, цмокі, размовы, людзі, якія нешта робяць разам.

Усё робім за ўласны кошт

Кожны удзельнік беларускага кэмпу «скідваецца» па $1,5 тысячы. Гэтыя грошы ідуць на кухню, ежу, намёты, розны стаф, арт-кар і ўсё, што трэба для жыцця і працы кэмпа. Асобна чалавек купляе квіток на сам Burning Man — ён каштуе каля $700 — і аплачвае дарогу. У суме паездка можа каштаваць каля $3 тысяч.

Нам не патрэбныя турысты, якія проста хочуць прыехаць і паглядзець. Магія атрымліваецца толькі тады, калі чалавек сапраўды хоча ўдзельнічаць. Таму ў нас ёсць размовы з тымі, хто хоча далучыцца. Важна, каб чалавек разумеў, куды ён едзе і што яго чакае.

Пустыня — гэта не камфортны курорт. Удзень можа быць +40, уначы каля нуля, можа падняцца ўраган. Лепш чалавека адразу крыху напалохаць, чым потым атрымаць расчараванне.

Burning Man — гэта не проста фестываль

Калі вельмі проста тлумачыць, Burning Man — гэта пляцоўка для экстрэмальнага самавыяўлення.

Раз на год у пустыні Невада збіраюцца дзясяткі тысяч людзей і будуюць часовы горад. Там няма звычайнай інфраструктуры, няма камунікацый, ёсць толькі пустыня, пыл і людзі, якія прывозяць з сабой усё неабходнае. Горад жыве прыкладна тыдзень, а потым знікае і павінен пакінуць пасля сябе ідэальную чысціню.

Адны ўкладаюцца грашыма, іншыя — часам, энергіяй, рукамі, творчасцю. І з гэтага атрымліваецца досвед сумеснай працы: ты не проста спажываеш падзею, а ўдзельнічаеш у стварэнні ўтопіі. Няхай яна існуе толькі адзін тыдзень.

Фестываль для айцішнікаў? 

На Burning Man традыцыйна прыязджае шмат айцішнікаў і стартапераў. Кажуць, што прасцей трапіць у буйныя кампаніі, калі пазначыш у CV, што ездзіў на гэты фестываль. Думаю, часткова гэта звязана з тым, што ён праходзіць недалёка ад Сан-Францыска. Але справа не толькі ў геаграфіі.

Калі глядзець на Burning Man з пазіцыі менеджменту, гэта вялікая самаарганізацыя. Людзі збіраюцца не таму, што ім нехта паставіў KPI або паабяцаў бонус. Яны збіраюцца вакол ідэі. 

Для тэхналагічных каманд гэта вельмі зразумелая гісторыя. Уменне сабраць людзей вакол сэнсу, а не толькі вакол грошай, — важны скіл. Калі чалавек можа ўдзельнічаць у такім праекце, браць адказнасць, працаваць у хаосе, дамаўляцца, дапамагаць іншым і пры гэтым не губляць матывацыю, гэта шмат пра яго кажа.

Навошта мне асабіста гэта трэба

Не думаю, што ўсім трэба ездзіць на Burning Man. Гэта павінна недзе ўнутры зарадзіцца: адчуванне, што табе менавіта гэтага ў жыцці не хапае. Камусьці трэба бегаць марафоны, камусьці — хадзіць у горы, камусьці — займацца творчасцю. Людзі розныя, і матывацыі ў іх розныя.

Для мяне Burning Man важны, бо там я зноў і зноў трапляю ў досвед, дзе людзі могуць сабрацца вакол ідэі і разам зрабіць нешта складанае. Не таму, што ім нехта загадаў. Не таму, што гэта выгадна. А таму, што яны хочуць быць часткай гэтай гісторыі.

І калі пасля двух тыдняў пылу, працы, стомы, размоў, мантажу і дэмантажу паміж людзьмі ўзнікае моцная сувязь — гэта вельмі каштоўна.

У нас ужо ёсць своеасаблівая супольнасць беларускіх бёрнераў. Я пачаў збіраць яе яшчэ ў Беларусі ў 2019 годзе. Частка гэтай супольнасці засталася ў Беларусі, яны нешта робяць там. Частка цяпер у розных краінах. І Burning Man стаў для нас яшчэ адным спосабам заставацца разам.

Якім будзе Burning Man 2026?

Сёлета афіцыйная тэма фестывалю — «Axis Mundi», што перакладаецца як «Вось свету». Гэта канцэпцыя пра пошук унутранай апоры і кропку сувязі паміж людзьмі ў хаатычным свеце, які пастаянна штарміць. Мне здаецца, для нашага кэмпа гэта вельмі сімвалічна. Сёння беларускi кэмп MARA пасярод амерыканскай пустыні становіцца менавіта такой «воссю» — месцам зборкі, дзе мы злучаем свае розныя кантэксты, знаходзім падтрымку і аднаўляем унутраны компас.

Кажуць, што Плая дае кожнаму не тое, што ён хоча, а тое, што яму сапраўды патрэбна. Калі вы гатовыя прыняць гэты выклік, каштоўнасці Burning Man вам рэзануюць і вы хочаце стаць часткай нашай гісторыі — далучайцеся да кэмпа, у нас яшчэ ёсць некалькі вольных месцаў. Падрабязней пра жыццё MARA Camp можна даведацца ў нашым Instagram-акаўнце — пішыце нам у дырэкт, каб пазнаёміцца і дамовіцца пра анлайн-сустрэчу. Мы на сувязі! 

Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі. 

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.